СЕРЫ́Н,

палярная амінакіслата, OHCH2CH(NH2)COOH. Сінтэзуецца ў жывёльных і расл. арганізмах. Уваходзіць у састаў актыўнага цэнтра многіх ферментаў, фосфаліпідаў і інш.

Белае крышт. рэчыва, добра раствараецца ў вадзе, т-ра плаўлення 223—228 °C. Удзельнічае ва ўтварэнні сувязей паміж вугляводнай і бялковай ч. глікапратэідаў. С. неабходны для сінтэзу амінаспірту сфінгазіну, які ўваходзіць у састаў сфінгаліпідаў (разам з фосфаліпідамі складаюць асн. масу ліпідаў мозга). Можа ўтварацца з гліцыну.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)