Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЯРО́ЗКІ,

вёска ў Беларусі, у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 26 км на Пд ад г. Докшыцы, 213 км ад Віцебска, 38 км ад чыг. ст. Параф’янава, 400 ж., 149 двароў (1995). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 3, с. 412

БЯРО́ЗКІ,

вёска ў Беларусі, у Хоцімскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдЗ ад г.п. Хоцімск, 182 км ад Магілёва, 22 км ад чыг. ст. Камунары. 1305 ж., 563 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі.

т. 3, с. 413

БЯРО́ЗКІН Рыгор Саламонавіч

(3.7.1918, Магілёў — 1.12.1981),

бел. крытык. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1936—38). Друкаваўся з 1935. У крас. 1941 арыштаваны. Калі 26.6.1941 калону арыштаваных кінуў канвой, вярнуўся ў Магілёў, папрасіўся на фронт. Ваяваў да канца вайны. Паўторна арыштаваны ў 1949, да 1955 у лагерах Карагандзінскай і Омскай абласцей. Рэабілітаваны ў 1956. Працаваў у рэдакцыях літ. перыяд. выданняў, у 1970—75 у рэдакцыі бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Даследаваў пераважна паэзію, пытанні культуры творчасці, майстэрства творчых індывідуальнасцей («Паэзія праўды», 1958; «Спадарожніца часу», 1961; «Пімен Панчанка», 1968; «Постаці», 1971; «Аркадзь Куляшоў», 1978). У кн. «Свет Купалы» (1965), «Чалавек на досвітку» (1970, на рус. мове), «Звенні» (1976) даследаваў спадчыну Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, узаемадзеянне бел. і рус. літаратур.

Тв.:

Кніга пра паэзію. Мн., 1974;

Свет Купалы;

Звенні. Мн., 1981;

Чалавек напрадвесні: Расказ пра М.Багдановіча. Мн., 1986;

Паэзія — маё жыццё. Мн., 1989.

Літ.:

Клышко А. Мастерство критика // Дружба народов. 1960. № 1;Адамовіч А. Талент крытыка // Полымя. 1962. № 6; Каваленка В. Крытык і паэт // Там жа. 1969. № 5; Лойко О. Открытие поэта // Вопр. лит. 1967. № 3; Бечик В.В. В неразрывном единстве // Неман. 1978. № 6.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 413

БЯРО́СТА,

пругкі і водаўстойлівы вонкавы слой кары бярозы. З яго атрымліваюць дзёгаць (сухой перагонкай), смалу (апрацоўкай азотнай к-той або спірта-шчолачнай экстракцыяй), сажу (спальваннем пры няпоўным доступе паветра). Здаўна выкарыстоўвалася для вырабу асобных рэчаў хатняга ўжытку (гл. Берасцяныя вырабы) і як матэрыял для пісьма (гл. Берасцяныя граматы).

т. 3, с. 413

БЯРСЕ́НЕЎ

(сапр. Паўлішчаў) Іван Мікалаевіч (23.4.1889, Масква — 25.12.1951),

рускі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1948). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1907—08). Працаваў у МХТ (з 1911), МХАТ 2-м (1924—36, з 1928 маст. кіраўнік). З 1938 гал. рэж. Маскоўскага т-ра імя Ленінскага камсамола. З 1939 праф. Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва. Яго рэжысёрскія і акцёрскія работы вызначаліся высокай культурай. Сярод пастановак: «Хлопец з нашага горада» (1941) і «Так і будзе» (1944) К.Сіманава, «Фронт» А.Карнейчука (1942), «За тых, хто ў моры» Б.Лаўранёва (1947). З роляў: Гельмер («Нора» Г.Ібсена), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Сірано дэ Бержэрак (аднайм. п’еса Э.Растана) і інш. Здымаўся ў кіно («Маці», «Вялікі грамадзянін»).

т. 3, с. 413

БЯРША́ДСКІ Сяргей Аляксандравіч

(18.3.1850, г. Бярдзянск Запарожскай вобл., Украіна — 1896),

юрыст, гісторык. Магістр дзярж. права (1883). Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1872). З 1878 выкладчык Пецярбургскага ун-та, адначасова Ваенна-юрыд. акадэміі і імператарскага Аляксандраўскага ліцэя. Нам. старшыні гіст. т-ва пры Пецярбургскім ун-це. Вывучаў па першакрыніцах (пераважна акты Метрыкі ВКЛ) гісторыю яўрэяў Літвы і Беларусі. Асн. працы: «Руска-яўрэйскі архіў: Дакументы і матэрыялы для гісторыі яўрэяў у Расіі» (т. 1—2, 1882), «Літоўскія яўрэі: Гісторыя іх юрыдычнага і грамадскага становішча ў Літве ад Вітаўта да Люблінскай уніі, 1388—1569 г.» (1883), «Лекцыі па гісторыі філасофіі права» (1885).

Дз.У.Караў.

т. 3, с. 413

БЯРША́ЦКІ Аляксандр Львовіч

(25.10.1885, г. Адэса — 16.9.1972),

бел. вучоны ў галіне дрэваапрацоўкі. Д-р тэхн. н. (1952), праф. (1935). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1913). У 1944—56 у Бел. лесатэхн. ін-це. Навук. даследаванні па распрацоўцы фізіка-тэхнал. метадаў разліку аптымальных рэжымаў рэзання драўніны і іх практычным выкарыстанні. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Даведнік па разліку рэжымаў рэзання драўніны» (1962) і «Рэзанне драўніны» (1975, разам з Н.І.Цвятковай).

т. 3, с. 413

БЯРШТА́НСКАЕ ВО́ЗЕРА,

гл. Берштаўскае возера.

т. 3, с. 413

БЯРЫ́НДА Памва

(? — 23.7.1632),

дзеяч усх.-слав. культуры, лексікограф, друкар, гравёр, пісьменнік. Звесткі пра нацыянальнасць, месца вучобы і адукацыю не выяўлены. З прадмоў і пасляслоўяў, надрукаваных Бярындай у кнігах, відаць, што ён валодаў бел., стараслав., укр., грэч., лац., яўр. і інш. мовамі. Некаторы час займаўся выдавецкай справай у Львове, потым архітыпограф слав. друкарні пры Кіева-Пячэрскай лаўры. Аўтар сілабічных вершаў. Найб. ранні твор — «Да нараджэння Хрыстова» (1616). У Кіеве выдаў «Анфалагіён» (1619), «Гутаркі Іаана Златавуста на 14 пасланняў ап. Паўла» (1623) і інш. Асн. твор — бел.-ўкр. і царкоўнаслав. «Лексіконь славенороскій н нмень тлькованіе» (1627, 2-е выд. 1653, Куцейна, пад рэд. І.Турцэвіча) — самы вялікі (каля 7000 слоў) на Беларусі слоўнік 17 ст. Асновай для «Лексікона...» паслужыў першы бел. друкаваны слоўнік Л.Зізанія «Лексіс» (1596). «Лексіконъ...» перавыдадзены з выдання 1627 факсімільным спосабам (Кіеў, 1961).

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 1. Мн., 1976.

М.Р.Суднік.

т. 3, с. 413

БЯРЭ́ЖА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, на паўн.-зах. ускраіне г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 1,93 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 8,2 м, даўж. берагавой лініі 6,4 км. Пл. Вадазбору 11,6 км². Схілы катлавіны выш. 2—7 м, разараныя, зах. пад лесам, берагі нізкія, на У высокія, пясчаныя. Дно пясчанае, месцамі сапрапелістае. Зарастае. Злучана пратокамі з азёрамі Святца і Ельня.

т. 3, с. 413