ЛІТВІ́НКА (Франя Міхайлаўна) (н. 17.6. 1941, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1996), праф. (1997). Скончыла БДУ (1965). Працавала ў школе, у 1967—68 у Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы. З 1969 у БДУ. Даследуе праблемы методыкі выкладання рус. мовы ў сярэдняй школе. Адзін з распрацоўшчыкаў канцэпцыі моўнай адукацыі на Беларусі і аўтараў падручнікаў, навуч. і метадычных дапаможнікаў па рус. мове для школы.
Тв.:
Семантико-грамматический аспект осложнения // Весн. БДУ. Сер. 4. 1992. № 3;
Предложения с характеризующим членом: семантика, интонация, актуальное членение // Вопросы лингвистики: Сб. науч. статей. Мн., 1996.
т. 9, с. 313
ЛІТВІНО́ЎСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 1.5.1962, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1987, клас Дз.Смольскага). З 1987 рэдактар муз. вяшчання Бел. тэлерадыёкампаніі. Для яго творчасці характэрны цікавасць да бел. тэматыкі, жанравая вынаходлівасць, полістылістыка. Сярод твораў: містэрыя «Францыск» для баса і аркестра (1990; тэкст прадмоў і каментарыяў Ф.Скарыны да «Бібліі»), Грыгарыянская меса (Missa ordinarium, 1994), кантаты «Вяселле» (1987) і «Зборная суботка» (1988) на нар. словы, «Да Маці Божай» (1996), «Stabat Mater» (1997), «Песні на Божае нараджэнне» (1998); сімфонія (1986), сімф. фрэска «Крэва» (1987), «Concertino barocco» для стр. аркестра (1988), п’есы «Zbieg» для флейты, габоя, віяланчэлі і фп., «Wir» для 4 валторнаў, «Пастараль» i «U1» для стр. квінтэта, сюіта «Intavolatura» для гітары; «Filix» для флейты і гітары; цыклы рамансаў на вершы Я.Купалы, А.Пушкіна, С.Ясеніна і інш.; электронныя кампазіцыі; апрацоўкі зборніка інстр. музыкі 17 ст. «Віленскія табулатуры» (1991).
Р.М.Аладава.
т. 9, с. 314
ЛІТВІ́НЫ.
ліцвіны, назва жыхароў Вялікага княства Літоўскага, пераважна зах. беларусаў і ўсх. літоўцаў у 14—18 ст. Упершыню сустракаецца ў польск. гіст. крыніцах 14 ст. У бел.-літ. летапісах і інш. дакументах 14—16 ст. назва Л. звязвалася ў этнагенетычным аспекце з легендарнымі рымскімі перасяленцамі на чале з кн. Палемонам, а тэрытарыяльна — з землямі першапачатковай лакалізацыі тапоніма Літва — на 3 ад Мінска ў міжрэччы Нёмана і Віліі, дзе існавала змешанае балта-слав. насельніцтва (гл. ў арт. Літва летапісная). У канфесіянальным аспекце нярэдка звязвалася з каталіцтвам. У 16—18 ст. назва Л. набыла гучанне палітоніма — дзярж. паліт. вызначэння ўсяго насельніцтва ВКЛ, аднак адрознівалася ад саманазвы менавіта літоўцаў (аўкштайты і жэмайты), усх. беларусаў правасл. веры (русіны, руськія) і палешукоў. Жыхароў Белай Русі называлі Л.-беларусцамі (гл. Беларусцы). У 19 — пач. 20 ст. арэал існавання назвы Л. звузіўся. У наш час ужываецца як экзаэтнонім у палякаў для вызначэння літоўцаў, а таксама як лакальны этнікон невял. груп бел. насельніцтва (у раёне Бярозы, Івацэвіч, Косава, Пружан, Навагрудка, Воранава, Гродна, Паставаў, Браслава і інш.), некат. раёнаў бел.-ўкр. Палесся (раёны Століна, Ракітнага, Кастопаля, Сарнаў, Оўруча) і часткова беларускамоўнага насельніцтва паўн. Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны, зах. Браншчыны і Смаленшчыны.
І.У.Чаквін.
т. 9, с. 314
ЛІ́ТКЕ (Фёдар Пятровіч) (28.9.1797, С.-Пецярбург — 20.8.1882),
расійскі географ, мараплавец, даследчык Арктыкі. Ганаровы чл. (1855, чл.-кар. 1829) Пецярбургскай АН; з 1864 яе прэзідэнт. Адмірал (1855). У 1817—19 удзельнік кругасветнага плавання В.М.Галаўніна. У 1826—29 кіраваў кругасветнай экспедыцыяй на шлюпе «Сянявін»; апісаў зах. ўзбярэжжа Берынгава м., астравы Прыбылова, Банін, Каралінскі архіпелаг, дзе адкрыў 12 астравоў. Адзін з арганізатараў і -кіраўнік (у 1845—50, 1857—72) Рускага геагр. т-ва. Яго імем названы шэраг астравоў, мыс, заліў, паўвостраў, праліў, цячэнне ў Паўн. Ледавітым і Ціхім ак. і інш.
Тв.:
Путешествие вокруг света на военном шлюпе «Сенявин», 1826—1829. 2 изд. М., 1948.
Літ.:
Марич М. Жизнь и плавание флота капитан-лейтенанта Федора Литке. М.; Л., 1949.
т. 9, с. 314
ЛІТЛ-РОК (Little Rock),
горад на Пд ЗША. Адм. ц. штата Арканзас. Каля 170 тыс. ж., з горадам Норт-Літл-Рок і прыгарадамі 500 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандл.-фін. цэнтр. Прам-сць: хім., эл.-тэхн., радыёэлектронная, шынная, металургічная, бавоўнаачышчальная, паліграф., харч., авіяц., прыладабудаўнічая. Ун-т.
т. 9, с. 314
ЛІТО́ТА (ад грэч. litotes прастата),
1) мастацкі прыём прымяншэння велічыні, сілы прадмета ці з’явы, падзеі; троп, процілеглы гіпербале. Л. выяўляе адносіны аўтара да аб’екта адлюстравання, дапамагае завастрыць увагу чытача на найб. значным, характэрным. Пашырана ў фальклоры, нар. фразеалогіі (напр., «сілы, як у камара», «каласкі, як камаровыя наскі»), можа выступаць у ролі параўнання, метафары, эпітэта. У л-ры выкарыстоўваецца для ўзмацнення вобразнасці мовы:
Неўладкаваны чалавечы дом,
Жывая кропля чорнага сусвету —
Зямля мая,
Зялёнае гняздо,
Адкуль вылётваюць
І птушкі, і ракеты.
(П.Панчанка. «Зялёнае гняздо»)
Выкарыстанне Л. побач з гіпербалай стварае эфект кантрастнасці, выклікае напружанасць пачуцця.
2) Характарыстыка якога-небудзь прадмета, дзеяння ці з’явы шляхам адмаўлення процілеглага; напр., «някепскі» (замест добры), «не згаджацца» (пярэчыць).
А.А.Майсейчык.
т. 9, с. 314
ЛІТО́ЎСКАГА ПІЯНЕ́РНАГА БАТАЛЬЁНА ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1825.
Адбылося 24.12.1825 у мяст. Бранск Беластоцкай вобл. (зараз на тэр. Польшчы) пад кіраўніцтвам тайнай арг-цыі «Ваенныя сябры» з мэтай сарваць прысягу батальёна цару Мікалаю I. У 8 гадз раніцы батальён (1020 чал. з 1109 па спісе) быў пастроены на зборным месцы. Пасля зачытання маніфеста аб уступленні на прастол Мікалая I салдаты пад кіраўніцтвам ротных камандзіраў адмовіліся ад прысягі. Камандзір батальёна Обручаў намагаўся пераканаць салдат прыняць прысягу, пагражаў адправіць салдат у Сібір. Потым загадаў ротам адправіцца на свае кватэры па вёсках і паслаў у штаб корпуса данясенне. 25 снеж. ў Бранск прыбыў нач. штаба Літоўскага асобнага корпуса Н.А.Вельямінаў, пад уздзеяннем якога 26 снеж. батальён і яго каманды прынеслі прысягу. Кіраўнікі выступлення былі арыштаваны і пакараны ўладамі.
В.В.Швед.
т. 9, с. 315
ЛІТО́ЎСКАЕ БЮРО́ ЦК КПЗБ.
Дзейнічала ў 1930—38. Утворана ЦК КПЗБ у канцы 1930 з мэтай актывізацыі нелегальнай прапаганды сярод літ. насельніцтва Віленшчыны. У сувязі з тым, што ў некат. паветах Віленскага ваяв. значную частку насельніцтва складалі літоўцы, пасля III канферэнцыі КПЗБ (1925) пачала выдавацца камуніст. л-ра на літ. мове, сярод літ. насельніцтва ўзніклі парт. арг-цыі. У канцы 1930 паводле рашэння ЦК КПЗБ пры Віленскім акр. к-це КПЗБ створана Л.б. ЦК КПЗБ, у 1931 пераўтворана ў Л.б. пры ЦК КПЗБ. Бюро мела секцыі па рабоце сярод сялян, моладзі, падп. друкарню, дзе выдавала газету, часопіс, адозвы і брашуры, супрацоўнічала з легальнымі арг-цыямі бел. нац.-вызв. руху. У 2-й пал. 1930-х г. праводзіла работу па стварэнні антыакупац., дэмакр. нар. фронту ў краі. Існавала да роспуску КПП і КПЗБ (1938).
У.Ф.Ладысеў.
т. 9, с. 315