КАЎШ ((Kausch) Іоган Іозеф) (1751, г. Лёвенберген, цяпер Львувек-Шлёнскі, Дальнашлёнскае ваяв., Польшча — 1825),
нямецкі ўрач, падарожнік. Д-р медыцыны (1773). Прыдворны медык князя Хацфельд-Трахенберга, урадавы саветнік у Лягніцы (Сілезія, цяпер Польшча). Пра сваё падарожжа па Рэчы Паспалітай, у т. л. па Беларусі, напісаў кнігу «Звесткі пра Польшчу» (1793). Аўтар шэрагу прац па медыцыне.
КАЎША́РАЎ (Іван Акімавіч) (28.10.1911, в. Глыбоцкае Гомельскага р-на),
Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Беліцкі с.-г. тэхнікум (1936), Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў і лётчыкаў-назіральнікаў (1937), Ваенна-паветр. акадэмію (1944). У Сав. Арміі з 1936. Удзельнічаў у баях на р. Халхін-Гол у 1939, у сав.-фінл. вайне 1939—40. У Вял. Айч вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Ленінградскім, 1-м Бел. франтах, штурман эскадрыллі блізкабамбардзіровачнага авіяпалка, нач. штаба авіяпалка. Лейтэнант К. зрабіў 157 баявых вылетаў, вызначыўся ў час паветр. разведкі ў снеж. 1941 пад Ленінградам. З 1961 у запасе.
КАЎШУ́ТАЎ (Ата) (5.7.1903, г. Безмеін, Туркменістан — 5.11.1953),
туркменскі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў нац. прозы і драматургіі. Скончыў Камуніст.ун-т працоўных Усходу ў Маскве. Друкаваўся з 1925. Аўтар першых у нац. л-ры драм. твораў «Закаспійскі фронт» і «Крывавы лес» пра падзеі грамадз. вайны, п’есы «Джума» (паст. 1939), раманаў «Мехры і Вепа» (1946; пра падзеі Вял.Айч. вайны), «Каля падножжа Капет-Дага» (1947—49), аповесцей, нарысаў і апавяданняў, у якіх стварыў каларытныя нац. характары, маляўнічыя карціны прыроды. Яго творы адметныя тонкім веданнем побыту, псіхалогіі туркм. народа, яго гісторыі і фальклору. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.Гіль.
КА́ЎЭЛ ((Cowell) Генры Дыксан) (11.3.1897, Менла Парк, штат Каліфорнія, ЗША — 10.12.1965),
амерыканскі кампазітар, піяніст, тэарэтык, педагог. Вучыўся ў Нью-Йорку і Берліне ў Ч.Сігера і Э.М. фон Хорнбастэля. Заснавальнік (1927) і выдавец (да 1936) серыі нотных выданняў і грамзапісаў «Новы музычны квартальнік» («New Music Quarterly»). У ранніх творах эксперыментаваў у галіне гармоніі, інструментоўкі. У 1932 сканструяваў (з Л.Тэрменам) т. зв. рытмікон — інструмент, які ўзнаўляе адначасова розныя рытмы, напісаў для яго п’есу з арк. «Рытмікана». Збіраў і выкарыстоўваў кельцкія нар. мелодыі, звяртаўся да амер. сельскай музыкі 18 ст. Цікавіўся муз. мастацтвам Усходу (13-я сімфонія «Мадрас», 1958; «Персідскі цыкл» для камернага арк., 1957). Аўтар оперы «О’Хігінс з Чылі» (1949, не скончана), 2 балетаў, 20 сімфоній (пераважна праграмных, 1918—65), п’ес для розных арк. складаў; канцэртаў для фп. (1928), ударных (1958), акардэона (1960); камерна-інстр. ансамбляў (5 стр. квартэтаў, 1916—56), інстр. п’ес, хароў і інш., а таксама кн. «Ч.Айвз і яго музыка» (1955), артыкулаў пра музыку Усходу, Азіі, Афрыкі і інш. Сярод вучняў Дж. Кейдж.