БЯЛЯ́НКІН Віталь Сцяпанавіч
(н. 30.4.1937, г. Джума Самаркандскай вобл., Узбекістан),
бел. архітэктар. Засл. арх. Беларусі (1991). Скончыў БПІ (1963). З 1968 у «Белдзяржпраекце» (гал. архітэктар праектаў). Адначасова з 1989 кіраўнік творчай майстэрні пры Саюзе архітэктараў Беларусі. Асн. работы: 15-павярховы інтэрнат Бел. тэхналагічнага ін-та (1975, у сааўт.), Мінскі палац моладзі (1986) і спецыялізаваная агульнаадук. школа (1988; абодвух кіраўнік аўтарскага калектыву), 2-я чарга буд-ва Нацыянальнага маст. музея Беларусі (праект 1991, у сааўт.) у Мінску, Мемарыял воінскай славы на Лудчыцкай вышыні ў Быхаўскім р-не (1984, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1986).
т. 3, с. 406
БЯЛЯ́ЎСКАС
(Bieliauskas) Альфонсас (н. 5.10.1923, в. Невяроніс Каўнаскага р-на, Літва),
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Літвы (1965). Нар. пісьменнік Літвы (1983). Скончыў Вільнюскі ун-т (1951). Першы эпічны твор — аповесць «Рабочая вуліца» (1956; новы варыянт — раман «Яна любіла Паўліса», 1976). У раманах «Цвітуць пунсовыя ружы» (1959; Дзярж. прэмія Літвы 1959), «Мы яшчэ сустрэнемся, Вільма» (1962), «Каўнаскі раман» (1966), «Тады, у дождж» (1977) і інш. — сац.-паліт. супярэчнасці і духоўнае станаўленне чалавека; «Спакойныя часіны» (1981) — сямейныя калізіі сучасных інтэлігентаў. Аўтар дакумент. рамана «Вільнюскія пагоркі» (1984) пра падзеі ў Літве 1940. У раманах Бяляўскаса спалучаны псіхал. аналіз, лірычнасць і публіцыстычнасць.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1983.
т. 3, с. 406
БЯЛЯ́ЎСКІ Восіп Фаміч
(1859, в. Райск Беластоцкага ваяв., Польшча — 1935),
бел. рэвалюцыянер-народнік, дзеяч польскага сацыяліст. руху. З 1878 чл. народніцкай арг-цыі «Зямля і воля». У 1879 перайшоў на пазіцыі «Народнай волі». Разам з чл. нарадавольскага гуртка ў Гродне планаваў серыю тэрарыст. актаў. Быў арыштаваны, прыцягваўся да дазнання па справах аб сацыяліст. прапагандзе ў Пецярбургу, Гродне, «працэсе 137-і» ў Варшаве. У 1880 высланы ў Кастраму, у 1881 — у Цюменскую вобл., дзе ў 1884 удзельнічаў у хваляваннях ссыльнапасяленцаў. У 1886 вярнуўся ў Беласток. За сувязі з «Народнай воляй» і польскай рэв. арг-цыяй «Пралетарыят» у 1887 арыштаваны, у 1888 высланы ў Іркуцкую вобл.
В.М.Чарапіца.
т. 3, с. 406
БЯЛЯ́ЦКІ Дзмітрый Паўлавіч
(2.11.1906, в. Пугляі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 2.6.1982),
бел. гігіеніст. Д-р мед. н. (1967), праф. (1968). Засл. ўрач Беларусі (1967). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1933). Нам. міністра аховы здароўя (1943—59), адначасова з 1945 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па арганізацыі аховы здароўя, сан.-эпідэміял. справы, па гісторыі медыцыны.
Тв.:
Развитие санитарного дела в Белорусской ССР. Мн., 1966;
Санитарная охрана внешней среды — всенародное дело. Мн., 1974.
т. 3, с. 406
БЯЛЯ́ЦКІ Мікалай Пятровіч
(н. 27.9.1950, в. 1-я Слабодка Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоныэканаміст. Д-р эканам. н. (1990), праф. (1993). Скончыў Мінскі радыётэхн. Ін-т (1972). Працаваў у ВА «Інтэграл», з 1980 — у Мінскім радыётэхн. ін-це, з 1993 — у Бел. дзярж. эканам. ун-це. Асн. кірунак навук. дзейнасці — кадравы менеджмент, прадпрымальніцкі стыль кіравання, дзелавое замежнае партнёрства, ацэнка персаналу кіравання.
Тв.:
Кадровый потенциал организаторов производства. Мн., 1990.
т. 3, с. 406
БЯНЕ́ЎСКІ Казімір Іванавіч
(23.8.1896, г. п. Ліцін Вінніцкай вобл., Украіна — 3.7.1968),
бел. альтыст. Засл. арт. Беларусі (1955). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1918—21). Працаваў у аркестрах муз. т-раў Вінніцы, Кіева, Баку. У 1937—68 канцэртмайстар групы альтоў у аркестры Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Удзельнік Дзярж. квартэта БССР.
т. 3, с. 406
БЯНЁЎСКІ
(Beniowski) Маўрыцы Аўгуст (1746?, Вербаў, Славакія — 23.5.1786),
польскі падарожнік і мемуарыст. З венг. шляхецкай сям’і. Выхоўваўся ў Венскай ваен. акадэміі, вывучаў марскую справу ў Гамбургу. З 1768 у Польшчы, падтрымліваў сувязі з удзельнікамі Барскай канфедэрацыі. У 1770 трапіў у рас. палон, сасланы на Камчатку. У 1771 арганізаваў бунт ссыльных і на захопленым караблі дабраўся да Макао (Аамынь). З 1772 у Францыі, у 1773 адпраўлены на в-аў Мадагаскар з мэтай заснаваць там франц. калонію. Абраны жыхарамі ўладаром часткі вострава, але ў 1776 пакінуў яго. У 1778 на службе ў аўстр. арміі. Неаднаразова падарожнічаў у Амерыку, удзельнічаў у вайне за незалежнасць у Паўн. Амерыцы. У 1784 арганізаваў экспедыцыю на Мадагаскар, дзе збіраўся заснаваць уласную дзяржаву. Забіты ва ўзбр. сутычцы з французамі. Вёў дзённік, стылізаваны пад авантурны раман.
Літ.:
Давидсон А.Б., Макрушин В.А. Зов дальних морей. М., 1979. С. 143—202;
Orłowski L. Maurycy August Beniowski. Warszawa, 1961;
Sieroszewski A. Maurycy Beniowski w literackiej legendzie. Warszawa, 1970;
Kajdański E. Tajemnica Beniowskiego: Odkrycia, intrygi, fałszerstwa. Warszawa, 1994.
Н.К.Мазоўка.
т. 3, с. 406
БЯНЬКО́Ў Павел Пятровіч
(8.12.1879, г. Казань — 16.1.1949),
узбекскі жывапісец. Засл. дз. маст. Узбекістана (1939). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1901 — 06), у акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1906). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1922—32). Майстар пленэру з тонкім адчуваннем прыроды і нац. каларыту Сярэдняй Азіі. Сярод работ: «Старая Бухара» і «Дзяўчаты-хівінкі» (1931), «Ліст з фронту» (1945), «Дзяўчына з дутарам» (1947), «Зноў на радзіме» (1948) і інш.
т. 3, с. 406
БЯРБЕ́РАВА Ніна Мікалаеўна
(8.8.1901, С.-Пецярбург — 1993),
руская пісьменніца. У 1922 разам з мужам У.Хадасевічам эмігрыравала. Жыла ў Парыжы, літ. супрацоўнік газ. «Последние новости», дзе апублікавала цыкл апавяданняў «Біянкурскія святы» (1928—40). У 1950 пераехала ў ЗША, выкладала рус. мову ў Іельскім і інш. ун-тах; праф. л-ры. Раманы «Апошнія і першыя: раман з эмігранцкага жыцця» (1930), «Валадарка» (1932), «Без канца» (1938) пра лёс салдат і афіцэраў белай гвардыі. Аўтар кніг «Чайкоўскі, гісторыя адзінокага жыцця» (1936, СПб., 1993), «Барадзін» (1938), аўтабіягр. кнігі «Курсіў мой» (на англ. мове, 1969, на рус. мове 1972; 2 выд., т. 1—2, 1988), рамана «Жалезная жанчына» (1981, М., 1991) пра неардынарнае жыццё рус. эмігранткі, даследавання «Людзі і ложы: Рускія масоны XX ст.» (1986). Пісала вершы, крытычныя артыкулы пра творчасць Хадасевіча, У.Набокава, рус. сав. літаратуру.
Тв.:
Стихи, 1921—1983. Нью-Йорк, 1984;
Повести. М., 1992;
Рассказы в изгнании. М., 1994.
С.Ф.Кузьміна.
т. 3, с. 406
БЯРБЕ́РАЎ Хрыста Хрыстаў
(28.8.1935, Сафія — 23.12.1967),
балгарскі публіцыст, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1959). Першы ў Балгарыі пачаў перакладаць бел. прозу з арыгінала. На балг. мову пераклаў некаторыя вершы А.Куляшова («Выбраныя вершы і паэмы», Сафія, 1963, разам з Н.Вылчавым), П.Броўкі, раман І.Шамякіна «Сэрца на далоні» (Сафія, 1965). У анталогіі «Беларускія апавяданні» (1968) у яго перакладзе змешчаны творы 29 бел. аўтараў. Пераклады Бярберава вызначаюцца высокім маст. узроўнем.
т. 3, с. 407