БЯРБЕ́РАВА Ніна Мікалаеўна
(8.8.1901, С.-Пецярбург — 1993),
руская пісьменніца. У 1922 разам з мужам У.Хадасевічам эмігрыравала. Жыла ў Парыжы, літ. супрацоўнік газ. «Последние новости», дзе апублікавала цыкл апавяданняў «Біянкурскія святы» (1928—40). У 1950 пераехала ў ЗША, выкладала рус. мову ў Іельскім і інш. ун-тах; праф. л-ры. Раманы «Апошнія і першыя: раман з эмігранцкага жыцця» (1930), «Валадарка» (1932), «Без канца» (1938) пра лёс салдат і афіцэраў белай гвардыі. Аўтар кніг «Чайкоўскі, гісторыя адзінокага жыцця» (1936, СПб., 1993), «Барадзін» (1938), аўтабіягр. кнігі «Курсіў мой» (на англ. мове, 1969, на рус. мове 1972; 2 выд., т. 1—2, 1988), рамана «Жалезная жанчына» (1981, М., 1991) пра неардынарнае жыццё рус. эмігранткі, даследавання «Людзі і ложы: Рускія масоны XX ст.» (1986). Пісала вершы, крытычныя артыкулы пра творчасць Хадасевіча, У.Набокава, рус. сав. літаратуру.
Тв.:
Стихи, 1921—1983. Нью-Йорк, 1984;
Повести. М., 1992;
Рассказы в изгнании. М., 1994.
С.Ф.Кузьміна.
т. 3, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)