Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АСЦЮКО́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Ільянскім с/с Вілейскага р-на Мінскай вобласці. За 35 км на ПдУ ад Вілейкі, 91 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Уша. 122 ж., 50 двароў (1995). Помнік садова-паркавага мастацтва — парк 18 ст.

т. 2, с. 64

А́СЫ,

у скандынаўскай міфалогіі асноўная група багоў, якую ўзначальваў Одзін; азначэнне багоў увогуле. Паводле міфалогіі, жывуць у нябесным пасяленні Асгардзе (крэпасць багоў). Часам Асы супрацьпастаўлялі ніжэйшым духам — альвам (адсюль выраз «асы і альвы»).

т. 2, с. 64

АСЫ́ПАК,

намнажэнне несартаваных абломкаў скальных горных парод, якое ўтвараецца ў выніку скочвання або саслізгвання разбуранага выветрываннем абломкавага матэрыялу на стромкіх схілах (ухіл звычайна больш за 30%). Звычайна маюць форму конуса даўжынёй дзесяткі і сотні метраў з расшыранай асновай, каля падножжа схілаў іншы раз утвараюць шлейфы. Магутнасць намнажэння да дзесяткаў метраў. Развіццё асыпку улічваецца пры буд-ве горных дарог, ліній электраперадач і інш.

т. 2, с. 64

АСЬЕ́НДА (ісп. hacienda),

буйное памесце ў большасці лац.-амер. краін. Пачалі стварацца пасля захопу ісп. каланізатарамі зямель карэннага насельніцтва. У канцы 16 — пач. 17 ст. ператварыліся ў спадчынныя феад. памесці, да якіх былі прымацаваны індзейцы, абавязаныя працаваць на памешчыкаў. У цяперашні час асьенды — асн. тып буйнога зямельнага ўладання.

т. 2, с. 64

АСЬМІ́НА,

даўняя мера сыпкіх рэчываў. На Беларусі ў 16—18 ст. 1 асьміна = ⅛ бочкі віленскай = 18 малых гарцаў = 50,84 л. У Расіі да ўвядзення метрычнай сістэмы мераў 1 асьміна = ⅛ кадзі (кадзь — вялікая бочка) = ½ чвэрці = 104,95 л.

т. 2, с. 64

АСЬЮ́Т,

горад у Егіпце, порт на р. Ніл. Адм. ц. мухафазы Асьют. 291 тыс. ж. (1986). Аэрапорт. Гандл.-трансп. цэнтр. Бавоўна-ткацкая, цэментавая, хім., гарбарна-абутковая прам-сць; дывановая ф-ка. Ун-т. Вышэйшая мусульманская школа (з 1415).

т. 2, с. 64

АСЭ́САР (лац. assessor),

службовая або судовая пасада (засядацель, прысудак лаўнік). У Стараж. Рыме асэсарам называлі засядацеля. Пазней у некаторых краінах Еўропы асэсарамі былі асобы, якія займалі суд. і адм. пасады. У ВКЛ і Польшчы з сярэдзіны 15 да 18 ст. Асэсары з’яўляліся засядацелямі земскага, вечавога, асэсарскага і інш. судоў. Асэсарскі суд, напрыклад, разглядаў апеляцыі мясц. судоў. Асэсар займаўся і справамі адм. кіравання.

т. 2, с. 64

АСЯРО́ДАК,

намнажэнне алювіяльных наносаў у рэчышчы ракі ў выглядзе невысокіх затопленых або часткова аголеных астравоў. Звычайна без расліннасці. Форма асяродку падоўжаная, выцягнутая па цячэнні, пл. да некалькіх дзесяткаў, радзей соцень квадратных метраў. Падзяляюць рэчышча на рукавы, паступова рухаюцца ўніз па цячэнні ракі (ніжняя ч. намываецца, верхняя размываецца). Замацаванне асяродку расліннасцю прыводзіць да ператварэння яго ва ўстойлівы востраў. Трапляюцца пераважна на рэках паўд. ч. Беларусі (на Прыпяці, Дняпры, Сажы, Іпуці і інш.). Месца гнездавання птушак.

т. 2, с. 64

АСЯРО́ДДЗЕ ў біялогіі,

сукупнасць абіятычных (нежывых) і біятычных (жывых) умоў існавання жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Адрозніваюць асяроддзі: знешняе — сукупнасць сіл і з’яў прыроды, якія не абавязкова кантактуюць з жывымі арганізмамі; навакольнае — маецца на ўвазе непасрэдны кантакт з арганізмамі; прыроднае — уключае абіятычныя, біятычныя і антрапагенныя фактары, што ўздзейнічаюць на арганізм.

т. 2, с. 64

АСЯТРЫ́ (Acipenser),

род прахадных, паўпрахадных і прэснаводных рыб сям. асятровых. 17 відаў, водзяцца ў морах і рэках басейнаў Атлантычнага, Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў. Да роду асятроў адносяцца сцерлядзь, сяўруга, шып, асетр рускі (Acipenser güldenstädti), якія жывуць у басейнах Азоўскага, Каспійскага і Чорнага мораў, асетр сібірскі (Acipenser baeri) — у рэках Сібіры, азёрах Байкал і Зайсан, асетр амурскі (Acipenser schrencki) — у бас. Амура, рэдкі від асетр атлантычны, або асетр балтыйскі (Acipenser sturio), — у басейнах Балтыйскага, Міжземнага і Чорнага мораў. Іншыя віды асятра жывуць у прыбярэжных водах Атлантычнага і Ціхага акіянаў Паўн. Амерыкі, у Вялікіх азёрах, Кітаі (р. Янцзы), у водах паўд. ч. Японскага м., у Адрыятычным м. У рэкі Беларусі раней заходзілі асетр атлантычны і асетр рускі. З пабудовай плацін на рэках міграцыі іх спыніліся.

Даўж. да 3 м, маса да 200 кг. Асятры — вельмі каштоўныя прамысл. рыбы, маюць чорную ікру (далікатэсны прадукт). Найб. колькасць асятроў вылоўліваецца ў Каспійскім м. Асётр рускі і сяўруга — аб’екты штучнага развядзення. 3 паўночнаамерыканскія віды асятра занесены ў Чырв. кнігу МСАП, сцерлядзь — у Чырв. кнігу Беларусі (раней у ёй былі таксама асетр атлантычны і асетр рускі, выключаныя з кнігі з прычыны поўнага знікнення з іхтыяфауны Беларусі).

т. 2, с. 64