ГАЛО́ЎЧЫЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Галоўчыцы, за 18 км на ПдЗ ад г. Драгічын. Створана ў 1979. Пл. 0,59 км². Даўж. 1 км, найб. шыр. 0,6 км, найб. глыб. 4,7 м. Аб’ём вады 2,2 млн. м³. Даўжыня агараджальнай дамбы 9,5 км. Напаўняецца вадой з Галоўчыцкага канала і ў паводку па падвадным канале з Дняпроўска-Бугскага канала. Ваганні ўзроўню 4,3 м за год, сярэднегадавы аб’ём сцёку 3,14 млн. м³. Выкарыстоўваецца для арашэння.
т. 4, с. 470
ГАЛО́ЎЧЫЦКІ КАНА́Л,
меліярацыйны канал у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Пціч (бас. Прыпяці). Даўж. 33 км. Пачынаецца каля в. Бобрык, праходзіць каля в. Старыя і Новыя Галоўчыцы, вусце за 1 км на Пн ад в. Дземенка.
т. 4, с. 470
ГАЛО́ЎЧЫЦЫ,
вёска ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на З ад г. Драгічын, 100 км ад Брэста, 8 км ад чыг. ст. Вулька-Антопальская. 769 ж., 312 двароў (1996). Базавая школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква, малітоўны дом евангельскіх хрысціян.
т. 4, с. 470
ГАЛО́ЎЧЫЦЫ,
вёска ў Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на ПдЗ ад г. Нароўля, 197 км ад Гомеля, 15 км ад чыг. ст. Ельск. 556 ж., 220 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 4, с. 470
ГАЛО́ЎШЧЫНА,
галаўшчызна, адзін з відаў пакарання, прадугледжаны крымінальным правам ВКЛ за забойства чалавека. Спаганялася ў выглядзе грашовага штрафу з вінаватага на карысць сваякоў забітага. Памеры штрафу залежалі ад саслоўнага становішча або пасады, якую займала ахвяра, часам і ад прафесіі забітага. За забойства па неасцярожнасці адказнасць вінаватага абмяжоўвалася толькі галоўшчынай. Закон асобна рэгламентаваў памер галоўшчыны па справах асоб нехрысціянскага веравызнання. У некат. выпадках яна вызначалася ў двайным памеры («совито»).
Т.І.Доўнар.
т. 4, с. 470
ГАЛС
(галанд. hals),
1) курс судна адносна ветру: левы галс (вецер дзьме з левага боку), правы галс.
2) Адрэзак шляху судна (ад павароту да павароту), якое ідзе зігзагападобным курсам пры лавіраванні пад ветразямі, выкананні прамерных работ, траленні і інш. 3) Прылада, якая мацуе да мачты ніжні наветраны вугал ветразя (галсавы вугал).
т. 4, с. 470
ГАЛУА́
(Galois) Эварыст (26.10.1811, г. Бур-ла-Рэн, Францыя — 30.5.1832),
французскі матэматык, заснавальнік сучаснай алгебры. Вучыўся ў ліцэі Луі-дэ-Гран, к моманту заканчэння якога ўжо вёў творчую працу па матэматыцы. У 1830 паступіў у Вышэйшую нармальную школу; у 1831 выключаны з яе за ўдзел у паліт. барацьбе супраць каралеўскага рэжыму Францыі. Загінуў на дуэлі. Стварыў агульную тэорыю рашэння алг. ураўненняў; Галуа тэорыю. Увёў паняцці групы, поля. Ідэі Галуа пачалі разумець толькі ў 1870-я г.
Літ.:
Инфельд Л. Эварист Галуа. Избранник богов: Пер. с англ. М., 1965;
Дальма А. Эварист Галуа, революционер и математик: Пер. с фр. 2 изд. М., 1984.
т. 4, с. 470
ГАЛУАЗІ́Т
(ад прозвішча бельг. геолага Ж.Амаліуса д’Алуа),
гліністы мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідраксілалюмасілікат Al4[Si4O10](OH8)·4H2O. Прымесі Fe3+, Cr3+. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі ультрамікраскапічныя, трубчастыя. Характэрныя воскападобныя і фарфорападобныя агрэгаты. Колер белы, шэры, зеленаваты. Бляск жамчужны ці васковы да матавага. Цв. 1—2,5. Шчыльн. 2—2,6 г/см³. У вадзе размакае, утварае суспензію, пластычную масу. Утвараецца ў экзагенных умовах пры выветрыванні алюмасілікатных парод (габра, дыябазаў, сіенітаў і інш.). Састаўная частка некат. глін. Сыравіна керамічнай прам-сці; выкарыстоўваецца таксама для вытв-сці каталізатараў і напаўняльнікаў. На Беларусі трапляецца ў каалінітавых, латэрытных і інш. корах выветрывання крышт. фундамента.
т. 4, с. 471
ГАЛУА́ ТЭО́РЫЯ,
тэорыя, якая вывучае ўласцівасці алгебраічных ураўненняў віду xn+a1xn-1 + ... + an=0 і іх рашэнне пры дапамозе груп тэорыі.
Падрыхтавана працамі Ж.Лагранжа, К.Гаўса, Н.Абеля. Створана Э.Галуа. Ставіць у адпаведнасць алг. ўраўненню яго групу Галуа, якая складаецца з тых падстановак каранёў, што захоўваюць усе рацыянальныя суадносіны паміж каранямі і каэфіцыентамі ўраўнення. Галуа тэорыя дае неабходную і дастатковую ўмову вырашальнасці ўраўнення ў радыкалах. У прыватнасці, з яе вынікае, што алг. ўраўненні ступені вышэй за 4-ю ў агульным выпадку невырашальныя ў радыкалах. У сучасным разуменні Галуа тэорыя — тэорыя, якая вывучае матэм. аб’екты праз іх групы аўтамарфізмаў. Напр., існуюць Галуа тэорыі палёў, кольцаў, тапалагічных прастораў і інш. Ідэі і метады Галуа тэорыі выкарыстоўваюцца ў тэорыі аналітычных функцый, тапалогіі, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.
Літ.:
Чеботарев Н.Г. Основы теории Галуа. Т. 1—2. М.; Л., 1934—37;
Постников М.М. Теория Галуа. М., 1963.
В.І.Бернік.
т. 4, с. 471
ГАЛУ́БА,
рака ў Краснапольскім і Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. Дняпра). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 84 км². Пачынаецца за 2 км на ПдУ ад в. Асінаўка Краснапольскага р-на. Вадазбор на Чачорскай раўніне. Рэчышча каналізаванае на працягу 9 км ад вытоку.
т. 4, с. 471