ГАЛУАЗІ́Т (ад прозвішча бельг. геолага Ж.Амаліуса д’Алуа),
гліністы мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідраксілалюмасілікат Al4[Si4O10](OH8)∙4H2O. Прымесі Fe3+, Cr3+. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі ультрамікраскапічныя, трубчастыя. Характэрныя воскападобныя і фарфорападобныя агрэгаты. Колер белы, шэры, зеленаваты. Бляск жамчужны ці васковы да матавага. Цв. 1—2,5. Шчыльн. 2—2,6 г/см³. У вадзе размакае, утварае суспензію, пластычную масу. Утвараецца ў экзагенных умовах пры выветрыванні алюмасілікатных парод (габра, дыябазаў, сіенітаў і інш.). Састаўная частка некат. глін. Сыравіна керамічнай прам-сці; выкарыстоўваецца таксама для вытв-сці каталізатараў і напаўняльнікаў. На Беларусі трапляецца ў каалінітавых, латэрытных і інш. корах выветрывання крышт. фундамента.