Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСТАПКО́ВІЧ Мікалай Іванавіч

(н. 25.1.1954, г. Жодзіна Мінскай вобл.),

бел. спартсмен і трэнер (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту (1975), засл. трэнер Беларусі (1993). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1975). Чэмпіён свету 1975 (байдарка-двойка, 500 м), 1981 (байдарка-двойка, 10 000 м) і 1983 (байдарка-чацвёрка, 10 000 м), сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету ў 1974, 1977, 1979, 1982. Неаднаразовы чэмпіён СССР.

т. 2, с. 45

АСТАПО́ВІЧ Аркадзь Антонавіч

(30.9.1896, Мінск — 21.9.1941),

бел. графік. Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастацтваў у Петраградзе (1914—16) у І.Білібіна, А.Зберлінга, П.Навумава. У 1921—22 наведваў рысавальныя класы ў Харкаве. З 1929 у Мінску. Працаваў як станкавіст у жанры лірычнага пейзажа ў тэхніках акварэлі і тушы: «Зімовы надвячорак» і «Дворык» (1921), «Сакавік» (1923). Аўтар цыкла лінарытаў: «Зіма», «Вясковая вуліца», «Млын», «Царква» (усе 1920-я г). Афармляў кнігі і часопісы.

Н.М.Усава.

т. 2, с. 45

АСТАПО́ВІЧ Наталля Іванаўна

(н. 14.4.1940, г. Орша),

бел. мікрабіёлаг. Д-р біял. н. (1989). Скончыла БДУ (1962). З 1962 у Ін-це мікрабіялогіі АН Беларусі, з 1989 нам. дырэктара. Навук. працы па сакрэцыі і мадыфікацыі экспартных ферментных бялкоў у мікраміцэтах, стварэнні мікробных прэпаратаў на аснове біфіда- і малочнакіслых бактэрый. Сфармулявала канцэпцыю наяўнасці рэгулятарнага механізма, які дзейнічае на постсакраторным узроўні і звязаны з неабарачальнай дэградацыяй пазаклетачнага бялку.

Тв.:

Нуклеотидный фонд и метаболизм микробной клетки Мн., 1979;

Секреция ферментов у микроорганизмов. М., 1984 (разам з А.М.Безбародавым);

Биотехнология микробных ферментов. Мн., 1989 (у сааўт.).

т. 2, с. 45

АСТА́ПЧЫК Станіслаў Аляксандравіч

(н. 7.9.1935, г. Мар’іна Горка Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства і фізікі металаў. Акад. АН Беларусі (1986), чл.-кар. (1984). Д-р тэхн. н. (1980), праф. (1984). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі: з 1982 нам. дырэктара, з 1983 дырэктар; адначасова з 1987 акадэмік-сакратар Аддзялення фіз.-тэхн. праблем машынабудавання і энергетыкі АН. Навук. працы па тэорыі і практыцы скарасной тэрмічнай апрацоўкі канструкцыйных сталяў і сплаваў, тэхналогіях атрымання і апрацоўкі кампазіцыйных матэрыялаў, лазерным тэрмаўмацаванні матэрыялаў, лазернай мадыфікацыі паверхні, узаемадзеянні выпрамянення з рэчывам, лазерным сінтэзе. З 1987 гал. рэдактар час. «Весці АН Беларусі. Серыя фізіка-тэхнічных навук». Дзярж. прэмія СССР 1986.

Тв.:

Электротермообработка сплавов с особыми свойствами. Мн., 1977 (разам з М.М.Бадзякам).

т. 2, с. 45

АСТА́РТА, Аштарт,

у заходнесеміцкай міфалогіі багіня ўрадлівасці, мацярынства і кахання; астральнае бажаство, увасабленне планеты Венера. Вядомы выявы Астарты ў выглядзе аголенай жанчыны на кані, якая страляе з лука.

т. 2, с. 45

АСТА́Т

(лац. Astatium),

At, радыеактыўны хім. элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 85, адносіцца да галагенаў. Найб. устойлівы штучны ізатоп 210At (перыяд паўраспаду 8,3 гадз). Упершыню атрыманы ў 1940 (ізатоп 211At). У паверхневым пласце зямной кары таўшчынёй 1,6 км знаходзіцца каля 70 мг At. Па адных хім. уласцівасцях падобны да неметалу ёду, па другіх — да металаў палонію і вісмуту. Атрымліваюць апрамяненнем вісмуту і торыю α-часціцамі высокіх энергій.

т. 2, с. 45

АСТА́ТКАВАЯ ДЭФАРМА́ЦЫЯ,

частка дэфармацыі, што застаецца пасля ліквідацыі ўздзеянняў, якія яе выклікаюць.

т. 2, с. 45

АСТАУ́РАЎ Барыс Львовіч

(27.10.1904, Масква — 21.6.1974),

савецкі біёлаг. Акад. АН СССР (1966; чл.-кар. 1958). Скончыў Маскоўскі ун-т (1927). З 1927 у навук. установах біял. профілю. З 1967 дырэктар Ін-та біялогіі развіцця АН СССР. Навук. працы па пытаннях развіцця і спадчыннасці дразафілы і тутавага шаўкапрада, метадах атрымання поўнага штучнага (тэрмічнага) партэнагенезу і поўнага міжвідавога андрагенезу, стварэнні ядзерна-цытаплазматычных гібрыдаў. Даказаў вырашальную ролю клетачнага ядра ў морфагенезе і стварэнні міжвідавых адрозненняў, што паспрыяла вырашэнню праблемы рэгуляцыі пола ў жывёл і стварэнню паліплоідных ліній тутавага шаўкапрада.

Тв.:

Партеногенез, андрогенез и полиплоидия. М., 1977.

т. 2, с. 45

АСТА́Ф’ЕЎ Віктар Пятровіч

(н.1.5.1924, г.п. Аўсянка Краснаярскага краю, Расія),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1989). Друкуецца з 1951. У псіхал. аповесцях пра вайну і сучасную сібірскую вёску «Крадзеж» (1966), «Пастух і пастушка» (1971), у цыкле аўтабіягр. апавяданняў і аповесцяў «Недзе грыміць вайна» (1967), «Апошні паклон» (кн. 1—2, 1968—78), узнімае тэму процістаяння духоўнаму і маральнаму распаду. Раман «Цар-рыба» (1976, Дзярж. прэмія СССР 1978) пра пагрозу знішчэння рус. прыроды. У рамане «Сумны дэтэктыў» (1986) аналізуе духоўны і сацыяльны стан сучаснага грамадства.

Тв.:

Собр. соч.: В 6 т. Т. 1—3. М., 1991—92;

Прокляты и убиты: Роман. Кн. 1—2. М., 1994—95.

т. 2, с. 45

АСТА́Ф’ЕЎ Рыгор, бел. збройнік 17 ст. Родам з Оршы. Быў (у 1658) вучнем у быхаўскага збройніка-пішчальніка Васіля. Разам з ім у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вывезены ў Маскву. Жыў у Броннай слабадзе сярод бел. пасяленцаў-рамеснікаў. У 1677 Астаф’еў з Амелькам Сяргеевым зрабіў 4, у 1678 — 10 пішчаляў.

т. 2, с. 45