Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРЫПУ́ЦЬКА Юзаф (7.7.1910, в. Маліноўшчына Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 1983),

шведскі мовазнавец-славіст. Скончыў гімназію ў Вілейцы (1929), Віленскі ун-т (1934). Выехаў у Хельсінкі выкладаць польскую мову. З 1940 ва ун-це г. Упсала (Швецыя), з 1966 праф. У працах «Мова Уладзіслава Сыракомлі» (т. 1—2, 1955—57), «Пра мову ўспамінаў Францішка Міцкевіча» (1970) адзначаў беларусізмы аўтараў, спасылаўся на працы Я.​Карскага, інш. бел. мовазнаўцаў. Аўтар працы пра слав., у т. л. бел., прыслоўі, бел. рэаліі ў творчасці Э.​Ажэшкі.

І.​У.​Саламевіч.

т. 16, с. 6

ТРЫ́ПЦІХ (ад грэч. triptychos трайны) у мастацтве, 1) трохстворкавы складзень.

2) Тры творы мастацтва (карціны, малюнкі, рэльефы і інш.), аб’яднаныя адзінай задумай і выкананыя ў адзіным стылі. У жывапісных творах сярэдняя частка Т. звычайна большага памеру, нясе асн. сэнсавую нагрузку.

Часам Т. выконваюць на адным палатне, падзеленым аправай на 3 часткі.

т. 16, с. 6

ТРЫР (Trier),

горад на ПдЗ Германіі, на р. Мозель, зямля Рэйнланд-Пфальц. Каля 150 тыс. ж. з прыгарадамі (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: вінаробчая, тытунёвая, металаапр., эл.-тэхн., тэкст., абутковая. Цэнтр раёна вінаградарства і вінаробства. Ун-т. Музеі: зямлі Рэйнланд, Епіскапскі. Арх. помнікі: рым. — амфітэатр (каля 100), імператарскія тэрмы (каля 300), гар. вароты (пач. 4 ст., уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), базіліка (1-я пал. 4 ст.); раманскія — сабор (4—18 ст.), дамы «Франкентурм» (11 ст.) і «Драйкёнігенгаўз» (пач. 13 ст.); гатычная царква (каля 1250), рэнесансавыя і барочныя будынкі.

Засн. рымлянамі ў 16 да н.э. як ваен. лагер на тэр. гальскага племя трэвераў (наз. Аўгуста Трэверорум, з 7 ст. Трэверыс, пазней Т.). Быў гал. населеным пунктам стараж.-рым. прав. Галія Белгіка, потым усёй прэфектуры Галія. З 475 пад уладай франкаў. З 9 ст. цэнтр архібіскупства. Паміж 1160 і 1190 атрымаў гар. права. У 15 ст. вольны імперскі горад. У 1473—1797 тут існаваў ун-т. З 1794 уладанне Францыі, гал. горад (да 1814) франц. дэпартамента Саар. У 1815 далучаны да Прусіі (Германія). Радзіма К.Маркса. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны. Пасля вайны ў складзе франц. зоны акупацыі Германіі, з 1949 у ФРГ.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 16, с. 7

ТРЫСАМІ́Я (ад грэч. tri- у складаных словах — тры + sōma цела),

наяўнасць у храмасомным наборы дыплоіднага арганізма адной або некалькіх лішніх храмасом, якія не гамалагічныя адна адной. З’яўляецца вынікам неразыходжання храмасом пры дзяленні клеткі. Звычайна Т. прыводзіць да паніжэння жыццяздольнасці, заган развіцця і гібелі арганізма, асабліва ў жывёл. У чалавека Т. па 21-й храмасоме выклікае Даўна хваробу. Гл. таксама Анеўплаідыя, Спадчынныя хваробы.

т. 16, с. 7

ТРЫСНЁГ (Phragmites),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). 5 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Паўд. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Т. звычайны, або паўднёвы (Ph. australis, ці Ph. communis). Трапляецца на забалочаных лугах, ускрайках балот, па берагах вадаёмаў, у вадзе.

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. 0,5—5 (6) м. Сцёблы прамастойныя, полыя, густа аблісцелыя, са шматлікімі міжвузеллямі. Лісце чаргаванае, лінейна-ланцэтнае, шыр. да 5 см, цвёрдае, завостранае. Суквецце — густая пірамідальная мяцёлка даўж. да 50 см. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае. Ачышчае сцёкавыя воды. Ідзе на корм і подсціл жывёле. Багатыя крухмалам карэнішчы спажываюцца ў ежу. Выкарыстоўваецца як сыравіна для цэлюлозна-папяровай прам-сці (перспектыўны заменнік драўніны), як буд. матэрыял, паліва. Часам Т. няправільна наз. чаротам. Тэхн., кармавыя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Трыснёг звычайны.

т. 16, с. 7

ТРЫСТА́Н-ДА-КУ́НЬЯ (Tristan da Cunha),

група з 4 вулканічных астравоў у паўд. ч. Атлантычнага ак.; уладанне Вялікабрытаніі. Найб. в-аў Трыстан (пл. 117 км²) утвораны аднайм. вулканічным конусам, які складаецца з базальтаў і трахітаў. Выш. да 2060 м. Моцнае вывяржэнне ў 1961—62. Насельніцтва каля 300 чал. (2000). Лоўля рыбы і лангустаў. Агародніцтва. Асн. населены пункт — Эдынбург. Астравы названы імем партуг. мараплаўца Трыстана да Кунья, які адкрыў іх у 1506.

т. 16, с. 7

ТРЫТО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі марскі бог. Лічыўся сынам Пасейдона і багіні мора нерэіды Амфітрыты. Яго ўяўлялі чалавекам з рыбіным хвастом замест ног, з трызубцам і ракавінай у руках. Т., як бажаство Трытанійскага возера ў Лівіі, дапамог арганаўтам: калі бура аднесла далёка ў возера іх карабель, паказаў ім выхад ў мора і падараваў камяк зямлі, з якога ў далейшым узнік в-аў Фера. У інш. міфах Т. наз. таксама марскіх істот, якія суправаджаюць Пасейдона і Амфітрыту, дзьмуць у ракавіны і гарэзяць.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 7

ТРЫТО́Н,

спадарожнік планеты Нептун, адзін з буйнейшых спадарожнікаў планет. Дыяметр каля 3200 км. Адлегласць ад планеты каля 394,7 тыс. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 5 сут 21 гадз 3 мін. Абарачаецца вакол Нептуна ў напрамку, процілеглым напрамку абарачэння планеты вакол сваёй восі. Магчыма мае атмасферу. Адкрыты ў 1846 англ. астраномам У.​Ласелам.

т. 16, с. 7

ТРЫТО́Н (франц. triton ад грэч. tri tonos складзены з трох тонаў) у музыцы, інтэрвал, які ахоплівае 4 (павялічаная кварта) ці 5 (паменшаная квінта) ступеней і мае аб’ём у 3 тоны.

т. 16, с. 7

ТРЫТО́НЫ, уколы (Triturus),

род хвастатых земнаводных сям. сапраўдных саламандраў. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Жывуць у вадаёмах (у перыяд размнажэння) і на сушы ў вільготных (часта поймавых) мясцінах, у лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках. На Беларусі 2 віды Т.: звычайны, ці малы (T. vulgaris), і грабеньчаты (T. cristatus).

Даўж. цела да 18 см, хваста — блізкая да даўж. цела. Хвост сплюшчаны з бакоў, зверху і знізу мае скурыстую аблямоўку. Павекі развітыя. Зубы на абедзвюх сківіцах, паднябенныя зубы размешчаны радамі. Кормяцца дробнымі воднымі і сухапутнымі беспазваночнымі. Развіццё з ператварэннем. Пры неспрыяльных умовах метамарфозу часам назіраецца неатэнія. Лабараторныя жывёлы.

Э.​С.​Самусенка.

Трытоны: 1 — звычайны; 2 — грабеньчаты (а — самец; б — самка).

т. 16, с. 7