ТРЫСНЁГ (Phragmites),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). 5 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Паўд. Амерыцы. На Беларусі 1 від — Т. звычайны, або паўднёвы (Ph. australis, ці Ph. communis). Трапляецца на забалочаных лугах, ускрайках балот, па берагах вадаёмаў, у вадзе.

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. 0,5—5 (6) м. Сцёблы прамастойныя, полыя, густа аблісцелыя, са шматлікімі міжвузеллямі. Лісце чаргаванае, лінейна-ланцэтнае, шыр. да 5 см, цвёрдае, завостранае. Суквецце — густая пірамідальная мяцёлка даўж. да 50 см. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае. Ачышчае сцёкавыя воды. Ідзе на корм і подсціл жывёле. Багатыя крухмалам карэнішчы спажываюцца ў ежу. Выкарыстоўваецца як сыравіна для цэлюлозна-папяровай прам-сці (перспектыўны заменнік драўніны), як буд. матэрыял, паліва. Часам Т. няправільна наз. чаротам. Тэхн., кармавыя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Трыснёг звычайны.

т. 16, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)