Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕРГІЕ́НКА (Раіса Іванаўна) (н. 10.7.1945, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

бел. музыказнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1999). Скончыла Бел. кансерваторыю (1968). З 1967 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Навук. працы па тэарэт. праблемах музыкі 20 ст., у т. л. «Выканальніцкая інтэрпрэтацыя музычнага твора» (1992), «Гукавышынная аснова музычнай кампазіцыі XX ст.» (1998) і інш.

Тв.:

Новыя аспекты гукавышыннай арганізацыі ў беларускай музыцы 60-х гг. // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. 1993. № 12;

Беларускі музычны авангард на рубяжы апошніх дзесяцігоддзяў XX ст.: гукавышынная арганізацыя і сучасныя віды кампазіцыйнай тэхнікі // Музычная культура Беларусі: Дыялог часоў. Мн., 1997;

Кампазітары Беларусі. Мн., 1997 (разам з Т.​Г.​Мдзівані);

Тембр музыкального звука: новые измерения // Музыкальное искусство на рубеже столетий. Мн., 2000;

Высота и звуковой мир современной музыки // Теоретические проблемы музыки XX в. Мн., 2001. Вып. 6.

т. 14, с. 348

СЕРГІЕ́НКА (Раіса Міхайлаўна) (13.7.1925 г. Новаўкраінка Кіраваградскай вобл., Украіна — 20.3.1987),

украінская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Украіны (1960). Нар. арт. СССР (1973). Скончыла кансерваторыю ў г. Адэса (1951). Працавала ў Адэскім т-ры оперы і балета. Сярод партый: Наталка («Наталка Палтаўка» М.​Лысенкі), Мар’яна («Арсенал» Г.​Майбарады), Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага) і інш. Выступала ў канцэртах. 2-я прэмія на Усесаюзным конкурсе вакалістаў і артыстаў балета (1956).

т. 14, с. 348

СЕ́РГІЕЎ (Пётр Рыгоравіч) (10.7.1893, с. Срэценскае Кіраўскай вобл., Расія — 12.7.1973),

расійскі вучоны ў галіне паразіталогіі і эпідэміялогіі. Акад. АМН СССР (1944). Герой Сац. Працы (1963). Скончыў Казанскі ун-т (1918). З 1927 у Ін-це мед. паразіталогіі і трапічнай медыцыны (у 1934—69 дырэктар). У 1937 нарком аховы здароўя Расіі. У 1957—60 віцэ-прэзідэнт АМН СССР. Навук. працы па эпідэміялогіі малярыі і арганізацыі барацьбы з ёй. Кіраваў распрацоўкай комплекснай сістэмы мерапрыемстваў, якія забяспечылі ліквідацыю малярыі ў СССР як масавага захворвання. Дзярж. прэмія СССР 1946, 1952.

т. 14, с. 349

СЕ́РГІЕЎСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

бальнеагразевы курорт у Расіі, за 12 км на Пн ад г. Сергіеўск Самарскай вобл. Адкрыты ў 1833. Асн. прыродныя лек. фактары: мінер. сульфатна-гідракарбанатныя кальцыева-магніевыя воды і сульфідная глеевая гразь. Лечаць захворванні органаў руху і апоры, кровазвароту, нерв. сістэмы, скуры і гінекалагічныя. Санаторый, бальнеа- і гразелячэбніцы, курортная паліклініка.

т. 14, с. 349

СЕ́РГІЕЎ ПАСА́Д (у 1925—30 Сергіеў, у 1930—92 Загорск),

горад у Маскоўскай вобл. Расіі. Вядомы з 1340. Фарміраваўся вакол Троіца-Сергіевай лаўры. 111 тыс. ж. (1999). Чыг. станцыя. З-ды: оптыка-мех., маш.-буд., «Аўтаспецабсталяванне», эл.-мех., хім., лакафарбавы, школьных прылад і інш.; прадпрыемствы лёгкай прам-сці. Вытв-сць лялек. Музей лялек. Увядзенская і Пятніцкая пасадскія цэрквы (16 ст.), Пятніцкі калодзеж (17—18 ст.). Арх. ансамбль Троіца-Сергіевай лаўры ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 14, с. 349

СЕ́РГІЙ (у свеце Ахатэнка Рыгор; 24.3.1890, с. Малыя Гарошкі Жытомірскай вобл., Украіна — 2.10.1971),

украінскі і бел. рэліг. дзеяч. З 1904 у Богаяўленскім манастыры ў Жытоміры, дзе атрымаў пачатковую духоўную адукацыю. 28.6.1919 прыняў манаства. З 1925 іераманах, з 1932 архімандрыт. Служыў святаром у правасл. прыходах на Украіне. У 1937 арыштаваны, сасланы на прымусовую працу ў г. Бярдзянск. У пач. Вял. Айч. вайны вызвалены. Служыў настаяцелем сабора ў г. Мелітопаль. 1.8.1943 у Кіраваградзе стаў епіскапам Укр. аўтакефальнай правасл. царквы. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. Садзейнічаў адбудове Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. На 1-м саборы БАПЦ у г. Констанц (Германія, 4—5.6.1948) абраны ў склад часовага кіраўніцтва БАПЦ і яе духоўнай кансісторыі. 20.12.1949 выбраны кіраўніком Сабора БАПЦ і ўзведзены ў сан архіепіскапа. З 1950 у Аўстраліі, дзе выконваў абавязкі першаіерарха БАПЦ, праводзіў святарскую дзейнасць сярод бел. вернікаў.

Л.​У.​Языковіч.

т. 14, с. 349

СЕ́РГІЙ РА́ДАНЕ́ЖСКІ (свецкае Варфаламей Кірылавіч; каля 1321, с. Варніцы Яраслаўскай вобл., Расія — 25.9.1391),

расійскі царкоўны і паліт. дзеяч. У 1330—40 разам з братам заснаваў Троіцкі манастыр (гл. Троіца-Сергіева лаўра), каля 1353—91 яго ігумен. Увёў у манастыры агульнажыційны статут, якім скасавана асобнае пражыванне манахаў. Пры падтрымцы велікакняжацкай улады, рус. мітрапаліта і канстанцінопальскага патрыярха пашырыў статут на інш. манастыры Паўн.-Усх. Русі, што паспрыяла аб’яднанню манастыроў і ператварэнню іх у буйныя феад. карпарацыі. Паплечнік вял. кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога, у 1380 дапамог яму ў падрыхтоўцы Кулікоўскай бітвы, у 1385 уладжваў канфлікт паміж Данскім і разанскім кн. Алегам. С.Р. кананізаваны рус. правасл. царквой (1452). «Жыціе» С.Р. ў 1418 напісаў Епіфаній Прамудры.

Літ.:

Борисов Н. Сергий Радонежский. М., 2001.

т. 14, с. 349

СЕ́РГУЧ,

рака ў Лепельскім і Докшыцкім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 47 км. Пл. вадазбору 238 км². Пачынаецца з воз. Тэкліц, цячэ праз азёры Вольшыца, Плаўна і Манец; частка сцёку трапляе ў Бярэзінскі канал (бас. р. Зах. Дзвіна); ніжэй воз. Манец наз. р. Бузянка. Вусце за 4 км на ПнЗ ад в. Крайцы. Працякае па Верхнебярэзінскай нізіне, амаль цалкам у межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Уваходзіла ў склад былой Бярэзінскай воднай сістэмы. Даліна невыразная, каля вытоку трапецападобная, шыр. 0,5—1 км. Пойма двухбаковая, у вытокавай частцы шыр. яе 50—250 м, паблізу ўпадзення ў воз. Вольшыца — 1—1,3 км. Рэчышча ад вытоку да воз. Вольшыца звілістае.

т. 14, с. 349

СЕ́РДАВА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 24 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 1,1 км², даўж. 2,9 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 9 м, даўж. берагавой лініі 6,86 км. Пл. вадазбору 3,6 км². Катлавіна складанага тыпу, мае 2 плёсы. Схілы выш. 10—25 м (на ПнЗ 30—35 м), на З пад выганам, на У пад агародамі; на выш. 2—6 м абразійны ўступ. Пойма (на Пн, ПдУ і З) шыр. 20—30 м, забалочаная, пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, часткова пад хмызняком, на Пн і З сплавінныя. Ёсць 2 вял. (на Пд і З) і некалькі меншых заліваў, 5 астравоў агульнай пл. 9 га. Дно да глыб. 4 м пясчанае, глыбей ілістае. Мінералізацыя вады да 250 мг/л, празрыстасць 1,6 м. Эўтрофнае. Слабапраточнае. Шыр. паласы надводнай расліннасці 2—10 м, пашырана да глыб. 2,2 м; падводная расце да глыб. 2,5—3,5 м. Упадаюць 2 ручаі, на Пн злучана ручаём з воз. Рудзёнкава.

т. 14, с. 349

СЕРДАЛІ́К (ад грэч. sardonyx, sardion),

карнеол, мінерал, разнавіднасць халцэдону. Колер ружовы, аранжава-чырвоны, залаціста-жоўты. Трапляецца ў выглядзе запаўнення трэшчын і міндалін у асн. і сярэдніх эфузівах. Ювелірна-вырабны камень. Гал. прамысл. радовішчы — алювіяльныя і элювіяльныя россыпы; найб. вядомыя ў Індыі, Бразіліі, Уругваі, таксама ў Карадагскім вулканічным масіве (Крым, Украіна) і Забайкаллі (Расія).

Літ.:

Банк Г. В мире самоцветов: Пер. с нем. М., 1979;

Ферсман А.Е. Драгоценные и цветные камни СССР // Избр. труды. М., 1962. Т. 7.

Сердалік.

т. 14, с. 349