СЕ́РГУЧ,
рака ў Лепельскім і Докшыцкім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 47 км. Пл. вадазбору 238 км². Пачынаецца з воз. Тэкліц, цячэ праз азёры Вольшыца, Плаўна і Манец; частка сцёку трапляе ў Бярэзінскі канал (бас. р. Зах. Дзвіна); ніжэй воз. Манец наз. р. Бузянка. Вусце за 4 км на ПнЗ ад в. Крайцы. Працякае па Верхнебярэзінскай нізіне, амаль цалкам у межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Уваходзіла ў склад былой Бярэзінскай воднай сістэмы. Даліна невыразная, каля вытоку трапецападобная, шыр. 0,5—1 км. Пойма двухбаковая, у вытокавай частцы шыр. яе 50—250 м, паблізу ўпадзення ў воз. Вольшыца — 1—1,3 км. Рэчышча ад вытоку да воз. Вольшыца звілістае.
т. 14, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)