СЕ́РГІЙ (у свеце Ахатэнка Рыгор; 24.3.1890, с. Малыя Гарошкі Жытомірскай вобл., Украіна — 2.10.1971),
украінскі і бел. рэліг. дзеяч. З 1904 у Богаяўленскім манастыры ў Жытоміры, дзе атрымаў пачатковую духоўную адукацыю. 28.6.1919 прыняў манаства. З 1925 іераманах, з 1932 архімандрыт. Служыў святаром у правасл. прыходах на Украіне. У 1937 арыштаваны, сасланы на прымусовую працу ў г. Бярдзянск. У пач. Вял. Айч. вайны вызвалены. Служыў настаяцелем сабора ў г. Мелітопаль. 1.8.1943 у Кіраваградзе стаў епіскапам Укр. аўтакефальнай правасл. царквы. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. Садзейнічаў адбудове Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. На 1-м саборы БАПЦ у г. Констанц (Германія, 4—5.6.1948) абраны ў склад часовага кіраўніцтва БАПЦ і яе духоўнай кансісторыі. 20.12.1949 выбраны кіраўніком Сабора БАПЦ і ўзведзены ў сан архіепіскапа. З 1950 у Аўстраліі, дзе выконваў абавязкі першаіерарха БАПЦ, праводзіў святарскую дзейнасць сярод бел. вернікаў.
Л.У.Языковіч.
т. 14, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)