Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АСНО́ВА ў мовазнаўстве, частка слова, носьбіт яго лексічнага значэння. У склад асновы ўваходзяць корань і афіксы словаўтварэння («сад — пера-сад-к-а — сад-ов-ы»). Адрозніваюць 2 тыпы асновы: невытворную (простую), фармальна роўную кораню («горад», «кніг-а»), і вытворную (складаную), у якой ёсць корань і афіксы словаўтварэння («стал-іц-а», «за-столь-н-ы»).

Асновы лічыцца вытворнай, калі існуе простая з тым самым коранем («стал-ов-ы — стол») ці складаная з інш. афіксацыяй («ёл-к-а — ель-нік — ял-ов-ы»). Суадносная складаная аснова наз. звязанай. Страта сувязі з простай або звязанай асновай вядзе да апрошчання («заўтра» з «за-утра», «рубель» з «руб-ель»). У вытворнай аснове выдзяляюць утваральную. Простая ўтваральная аснова з’яўляецца першаснай, утвораная ад першаснай — другасная, наступная — аснова трэцяй ступені і гэтак далей («дарог-а — дарожн-ы — падарожн-ы — падарожніча-ць — спадарожнічаць»).

т. 2, с. 39

АСНО́ВА ў ткацтве, сукупнасць паралельных нітак, накіраваных уздоўж тканіны. Тканіна на ткацкім станку ўтвараецца ўзаемным (пераважна перпендыкулярным) перапляценнем нітак

Аснова і ўтку. Ніткі асновы пры тканні церпяць большае мех. ўздзеянне, чым ніткі ўтку, таму на аснову выкарыстоўваюць больш трывалую і якасную пражу. Трываласць нітак асновы павялічваюць апрацоўкай клеявымі растворамі (шліхтай).

т. 2, с. 39

АСНО́ВА ЗБУДАВА́ННЯ,

масіў грунту, які праз фундамент успрымае нагрузку ад збудавання. Бывае натуральная (выкарыстоўваецца грунт без змянення прыродных уласцівасцяў) і штучная (грунт замацоўваецца, ушчыльняецца, змяняецца). Аснова збудавання павінна забяспечваць агульную ўстойлівасць да геал. працэсаў і сейсмічных уздзеянняў (адсутнасць апоўзняў, зрушэнняў, выветранасці грунтоў і інш.).

т. 2, с. 39

АСНО́ВІЧ Сямён

(Самуіл) Пятровіч (н. 5.11.1920, г. Бабруйск),

бел. скрыпач. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Бел. кансерваторыю (1947, клас А.Амітона).

У 1937—41 саліст, у 1945—85 канцэртмайстар Дзярж. акадэмічнага сімф. аркестра БССР. У 1948—69 адначасова педагог Сярэдняй спец. муз. школы пры Бел. кансерваторыі. У складзе струннага квартэта Бел. філармоніі (1945—55) прапагандаваў творы бел. кампазітараў. Выступаў і як саліст.

І.І.Зубрыч.

т. 2, с. 39

АСНО́ВЫ,

клас хім. злучэнняў, здольных дысацыіраваць у водных растворах з утварэннем гідраксільных іонаў OHˉ. Асновы, растваральныя ў вадзе, наз. шчолачамі, з кіслотамі ўтвараюць солі. Па ступені дысацыяцыі падзяляюцца на слабыя (напр., гідраксіды магнію, амонію) і моцныя (напр., гідраксіды натрыю, кальцыю). Паводле сучаснай тэорыі Асновамі лічацца і злучэнні, у якіх няма іонаў OHˉ, напрыклад, аміяк, гідразін, пірыдзін. Гл. таксама Кіслоты.

т. 2, с. 39

АСНО́ЎНАЯ ТКА́НКА ў анатоміі раслін, гл. Парэнхіма.

т. 2, с. 39

АСНО́ЎНЫЯ ВЫТВО́РЧЫЯ ФО́НДЫ,

сукупнасць сродкаў сацыяліст. вытворчасці, якія ўдзельнічаюць у вытв. цыклах і паступова, часткамі, па меры зношвання, пераносяць сваю вартасць на створаны прадукт; аснова матэрыяльна-тэхн. базы краіны. Уключаюць будынкі, збудаванні, абсталяванне, машыны, інструмент, вытв., гасп. інвентар, рабочую і прадукцыйную жывёлу, шматгадовыя пасадкі і інш. асн. фонды. У залежнасці ад ролі ў вытв. працэсе падзяляюцца на актыўныя (рабочыя машыны і абсталяванне, прылады, інструменты і інш.) і пасіўныя (будынкі, збудаванні, перадатачныя механізмы і гэтак далей). Суадносіны актыўных і пасіўных элементаў з агульнай вартасці асноўных вытворчых фондаў характарызуюць іх відавую (тэхнал.) структуру. Асноўныя вытворчыя фонды ўлічваюць у натуральным і вартасным (грашовым) выражэнні; ацэньваюць па першапачатковай, адноўленай і рэшткавай вартасці. У рыначнай эканоміцы Асноўныя вытворчыя фонды — асноўны капітал.

М.І.Платніцкі.

т. 2, с. 39

АСНО́ЎНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

магматычныя горныя пароды, адносна бедныя крэменязёмам (44—53% SiO2) і багатыя магніем і кальцыем. Важнейшыя мінералы асноўных горных парод — асноўныя плагіяклазы (лабрадор, бітаўніт, анартыт), піраксены, алівін. Могуць быць інтрузіўныя (габра, нарыты, анартазіты і інш.) і эфузіўныя (базальты і інш.). Пашыраны найб. у літасферы Зямлі, Месяца, Венеры, Марса. Пераважаюць у акіянскай кары Зямлі, на кантынентах больш чым у 5 разоў перавышаюць па аб’ёме іншыя вылітыя магматычныя горныя пароды. Пашыраны ва ўсіх складкавых паясах (Урал, Каўказ і інш.) і кратонах (Еўрапейская, Сібірская і інш. платформы). З кожнай серыяй асноўных горных парод звязаны спецыфічныя карысныя выкапні (руды медзі, нікелю, плаціны, рэдкіх элементаў і гэтак далей). Выкарыстоўваюцца ў многіх галінах буд. індустрыі.

т. 2, с. 39

АСНО́ЎНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

сінтэтычныя арганічныя фарбавальнікі, якія маюць у сабе асн. групы (амінагрупы). З кіслотамі ўтвараюць водарастваральныя солі, з гетэраполікіслотамі — святлоўстойлівыя нерастваральныя лакі. Выпускаюцца ў выглядзе соляў пераважна салянай, сернай, шчаўевай кіслот. Афарбоўваюць валокны з кіслотнымі групамі (шэрсць, натуральны шоўк, поліамідныя валокны), трымаюцца на іх дзякуючы іонным сувязям; цэлюлозныя валокны афарбоўваюцца толькі пасля пратраўлення. Асноўныя фарбавальнікі надаюць матэрыялам яркі колер, малаўстойлівы да дзеяння святла і шчолачных раствораў. Выкарыстоўваюцца ў паліграф., тэкст. і гарбарнай прам-сці.

т. 2, с. 39

АСНО́ЎНЫ АБМЕ́Н,

колькасць энергіі, затрачанай арганізмам чалавека ці жывёлы пры магчыма поўным мышачным спакоі для забеспячэння мінім. ўзроўню абмену рэчываў і функцыян. актыўнасці, неабходных для падтрымання жыцця. Мінім. энергет. затраты арганізма чалавека вызначаюцца ў стане мышачнага спакою ў ляжачым становішчы, нашча, праз 12—16 гадз пасля прыняцця ежы, пры т-ры камфорту (18—20 °C). Вымяраецца ў кіладжоўлях, кілакалорыях на адзінку масы або паверхні цела, за 1 гадз або 1 суткі; залежыць ад масы цела, росту, узросту, полу, віду, характару харчавання, умоў месцажыхарства і інш. Больш высокі ў маладых людзей, у мужчын (у параўнанні з жанчынамі), у людзей, якія займаюцца фіз. працай, у спартсменаў. У людзей, што галадаюць або доўга хварэюць, асноўны абмен паніжаны Паказанні асноўнага абмену выкарыстоўваюць для дыягностыкі некаторых захворванняў (напр., эндакрынных залоз). У жывёлагадоўлі па Асноўным абмене вызначаюць нормы кармлення.

т. 2, с. 39