Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БУТУРЛІ́Н Васіль Васілевіч

(?—1656),

рускі ваенны дзеяч, дыпламат. З 1640 акольнічы, з 1652 прыбліжаны баярын і дварэцкі цара Аляксея Міхайлавіча. Суддзя Разбойнага прыказа (1650—51) і Прыказа Вял. дварца (1652—54). У 1648 люта расправіўся з удзельнікамі паўстання ў Курску. У 1653 узначаліў рус. пасольства на Украіну. На Пераяслаўскай радзе 1654 прывёў да прысягі на вернасць Расіі яе ўдзельнікаў. У 1655 камандуючы войскамі, якія былі пасланы на дапамогу Хмяльніцкаму супраць польскіх войскаў.

т. 3, с. 360

БУТЫ́ЛАВЫЯ СПІРТЫ́,

бутанолы, аліфатычныя насычаныя спірты, C4H9OH. Вядомы 4 ізамерныя бутанолавыя спірты: 1-бутанол (першасны); 2-бутанол (другасны); 2-метыл-1-прапанол (ізабутылавы); 2-метыл-2-прапанол (трацічны).

Бясколерныя вадкасці са спіртавым пахам, tкіп 117,4 °C, шчыльн. 809,9 кг/м³ (першасны бутанолавы спірт), трацічны бутанолавы спірт — цвёрдае рэчыва з пахам цвілі, tпл 25,5 °C, 82,5 ºС, шчыльн. 788,7 кг/м³ (20 ºС). Раствараюцца ў вадзе і арган. растваральніках. Ізабутылавы вылучаюць з сівушнага алею перагонкай, астатнія атрымліваюць сінтэтычна. Выкарыстоўваюцца як растваральнікі ў лакафарбавай прам-сці, для сінтэзу арган. рэчываў, у вытв-сці пластыфікатараў, пестыцыдаў, лек. сродкаў.

т. 3, с. 361

БУТЫЛАЦЭТА́ТЫ,

арганічныя рэчывы, складаныя эфіры воцатнай к-ты і бутылавых спіртоў, CH3COOC4H9. Бясколерныя вадкасці з фруктовым пахам, tкіп 126,3 °C, шчыльн. 881,3 кг/м³ (н-бутылацэтат), tкіп 116,5 °C, шчыльн. 858 кг/м³ (ізабутылацэтат). Мала растваральныя ў вадзе, добра — у арган. растваральніках. У прам-сці атрымліваюць этэрыфікацыяй у прысутнасці сернай к-ты. Выкарыстоўваюцца як растваральнікі лакафарбавых матэрыялаў, палімераў, пахучыя рэчывы для фруктовых эсенцый, у парфумерыі.

т. 3, с. 361

БУТЫЛКАЎЧУКІ́.

сінтэтычны палімер, супалімер ізабутылену з невял. колькасцю ізапрэну, [—C(CH3)2—CH2—]m—[—CH2—C(CH3)=CH—CH2—]n. Мал. маса (3—7)·10​5, шчыльн. 910—920 кг/м³, т-ра шклавання -69 °C. Асаблівасці — нізкія ненасычанасць, пара- і газапранікальнасць. Атрымліваюць нізкатэмпературнай (ад -80 °C да -95 °C) полімерызацыяй ізабутылену з 0,6—5 малярнымі % ізапрэну ў прысутнасці каталізатара (хларыд алюмінію AlCl3). Гума на аснове бутылкаўчукоў ўстойлівая да ўздзеяння азону, к-т, шчолачаў і інш. агрэсіўных рэчываў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці аўтамабільных і варачных камер, дыяфрагмаў фарматараў-вулканізатараў шын, дэталяў харч. машынабудавання, мед. вырабаў, электраізаляцыйных матэрыялаў і інш.

т. 3, с. 361

БУТЫ́ЛКІН Віктар Васілевіч

(н. 27.10.1923, Масква),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-маёр (1975). Д-р ваен. навук (1969), праф. (1970). Скончыў Разанскае артыл. вучылішча (1942), Артыл. акадэмію імя Дзяржынскага (1952). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1942. Камандзір батарэі ст. лейт. Бутылкін вызначыўся 15.10.1943 пры фарсіраванні Дняпра каля г.п. Лоеў Гомельскай вобл. З 1956 на н.-д. рабоце, у 1985—88 заг. кафедры ў Ваен. акадэміі імя Дзяржынскага.

т. 3, с. 361

БУТЫРАЛЬДЭГІ́Д,

гл. Маслены альдэгід.

т. 3, с. 361

БУТЫРО́МЕТР

(ад грэч. butyron тлушч + ...метр),

прылада для вымярэння тлустасці малака.

т. 3, с. 361

БУ́ТЫЯ

(Boothia),

паўвостраў на крайняй Пн Паўн. Амерыкі, тэр. Канады. Паверхня — плато з асобнымі масівамі выш. да 573 м, якое абкружана прыбярэжнымі раўнінамі. Тундравая расліннасць. На Пн мыс Мерчысан — самы паўн. пункт мацерыка.

т. 3, с. 361

БУТЭ́ВІЧ Анатоль Іванавіч

(літ. псеўд. Валошка Максім; н. 15.6.1948, в. Баяры Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. дзярж. дзеяч, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, публіцыст, крытык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў нам. рэдактара газ. «Чырвоная змена» (1975—80), інструктарам сектара маст. л-ры аддзела культуры, заг. сектара маст. л-ры, нам. заг. ідэалаг. аддзела ЦК КПБ (1980—86, 1987—90), дырэктарам выд-ва «Мастацкая літаратура» (1986—87). У 1990—92 старшыня Дзярж. к-та Беларусі па друку, міністр інфармацыі (1992—94), у 1994—96 міністр культуры і друку. З 1996 генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску. Друкуецца з 1969. У апавяданнях і казках для дзяцей — веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне займальна і даступна гаварыць з чытачом, адчуванне нар. слова. Перакладае з польск. (С.Лем «Прыгоды Піркса», 1992; «Салярыс», 1994), рус. і ўкр. моў, з бел. на рус. мову (В.Гігевіч «Марсіянскае падарожжа», 1992). У перакладзе Бутэвіча ішлі п’есы на сцэне Бел. т-ра юнага гледача, Віцебскага лялечнага тэатра.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 361

БУ́ТЭНАНТ

(Butenandt) Адольф Фрыдрых (24.3.1903, г. Брэмергафен, Германія — 18.1.1995),

нямецкі хімік-арганік і біяхімік. Чл. Баварскай і Гётынгенскай АН. Ганаровы чл. Нью-Йоркскай АН, акадэмій навук Аўстраліі і Францыі. Вучыўся ў Марбургскім (з 1921) і Гётынгенскім ун-тах. З 1931 у Гётынгенскім ун-це, з 1933 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Данцыгу (сучасны Гданьск, Польшча), з 1936 дырэктар Ін-та імя М.Планка (Берлін, Цюбінген, Мюнхен). Навук. працы па біяхіміі палавых гармонаў: упершыню вылучыў у чыстым стане і сінтэзаваў эстрон (жаночы палавы гармон, 1929), андрастэрон (1931, незалежна ад Л.Ружычкі), тэстастэрон (1939), прагестэрон (1934) і інш. Распрацаваў методыку атрымання картызону. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1968). Нобелеўская прэмія 1939 (разам з Ружычкам).

т. 3, с. 361