АСІМПТАТЫ́ЧНЫ ВЫ́РАЗ у матэматыцы, параўнальна простая элементарная функцыя, набліжана роўная (з любой папярэдне зададзенай дакладнасцю) больш складанай функцыі пры імкненні яе аргумента да пэўнага значэння (напр., пры вял. значэннях аргумента). Напрыклад, пры x→0 ln (1 + x) ~ x, sin x ~ x, калі ўраўненне y = kx — асімптатычны выраз функцыі y = пры малых значэннях x, то такую функцыю можна вызначыць як = kx + a(x), дзе a(x)→0 пры x→0. У самым агульным выпадку асімптатычны выраз — гал. член больш складаных (і дакладных) набліжаных выразаў, якія наз. асімптатычнымі шэрагамі або раскладаннямі. Выкарыстоўваецца ў лікавых задачах у матэматыцы, механіцы, фізіцы.
т. 2, с. 30
АСІМПТО́ТА (ад грэч. asymptōtos які не супадае) крывой з бесканечнай галінай, прамая, да якой гэта галіна неабмежавана набліжаецца. напрыклад, асімптота гіпербалы y = 1/x — восі каардынат Ox і Oy. Крывая можа перасякаць сваю асімптоту (напр., графік затухальных ваганняў) або зусім не мець асімптоты (напр., парабала). Калі графік функцыі y = пры вялікіх х мае асімптоту, што вызначана ўраўненнем y = kx + b, то гэту функцыю можна вызначыць як = kx + b + a(x), дзе a(x)→0 пры x→∞. Выкарыстоўваецца ў матэм. аналізе.
т. 2, с. 30
АСІ́НА,
таполя дрыжачая (Populus tremula), лістападнае дрэва з роду таполя сям. вярбовых. Пашырана ў Еўропе і Азіі, трапляецца ў Паўн. Афрыцы. Утварае асінавыя лясы. На Беларусі расце па ўсёй тэрыторыі.
Двухдомнае ветраапыляльнае дрэва выш. да 35 м. Ствол дыяметрам да 60—100 см. Крона невялікая, рыхлая. Лісце чаргаванае, простае, круглаватае або круглавата-рамбічнае. Кветкі дробныя, сабраны ў адвіслыя цыліндрычныя каташкі. Плод — зеленавата-бурая каробачка. Насенне з пушыстым чубком, прыстасаванае, каб разносіцца ветрам. Хуткарослая і вельмі прадукцыйная на драўніну піянерная расліна. Жыве да 100 і больш гадоў. Драўніна лёгкая, мяккая. Выкарыстоўваюць у запалкавай і цэлюлозна-папяровай прам-сці, буд-ве і тарнай вытв-сці, кару, лісце і пупышкі — у медыцыне. Асн. корм для ласёў, зуброў і аленяў. Утварае мікарызу з падасінавікамі.
т. 2, с. 30
АСІ́НАВЫЯ ЛЯСЫ́,
асіннікі, драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, гал. чынам у Еўропе і Азіі. На Беларусі сустракаюцца часцей на ПнУ, радзей на ПдЗ; агульная пл. 151,7 тыс. га (1,96% лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з’яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення. Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавыя лясы выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.
т. 2, с. 30
АСІНАГАРАДО́К,
вёска ў Беларусі, у Казлоўшчынскім с/с Пастаўскага р-на Віцебскай вобласці. Цэнтр калгаса. За 50 км на У ад Паставаў, 200 км ад Віцебска, 2 км ад чыг. ст. Навадруцк. 224 ж., 93 двары (1995). Пакроўская царква.
т. 2, с. 30
АСІ́НАЎКА,
возера ў Беларусі, у Мёрскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 1 км на ПдЗ ад г. Мёры. Пл. 1,16 км², даўж. 3,85 км, найб. шыр. 0,52 км, найб. глыб. 7,5 м, даўж. берагавой лініі 9,7 км. Пл. вадазбору 31,1 км².
Схілы спадзістыя, на ПдУ і ПдЗ стромкія. Берагі нізкія, парослыя хмызняком, на ПнУ сплавінныя. Дно карытападобнае з упадзінамі і падняццямі. У паўн. частцы возера востраў пл. 0,8 га. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — глей і сапрапель. Расліннасць утварае паласу шыр. да 25 м. Злучана пратокамі з азёрамі Ворань і Мёрскае.
т. 2, с. 30
АСІ́НАЎКА,
вёска ў Беларусі, у Пуцькаўскім с/с Чавускага р-на Магілёўскай вобласці. Цэнтр саўгаса «Асінаўскі». За 20 км на У ад Чавусаў, 65 км ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Верамейкі. 305 ж., 123 двары (1995). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. Воінаў.
т. 2, с. 30
АСІ́НАЎСКАЕ БАЛО́ТА,
у Беларусі, у Дубровенскім і часткова Аршанскім р-нах Віцебскай вобласці. Пераважна вярховага (64%) і нізіннага (34%) тыпаў, на водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны. Пл. 5,4 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,2 тыс. га. Глыб. торфу да 6,8 м, сярэдняя 2,2 м. Першапачатковыя запасы 12,8 млн. т. На 1,4 тыс. га выяўлены адклады сапрапелю. Асушаныя ўчасткі часткова пад сенажаццю і ворывам, месцамі пад лесам. 2 пясчаныя астравы, на адным — р.п. Асінторф.
т. 2, с. 30
АСІ́НАЎСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.
Дзейнічала ў 1881—1905 ва ўрочышчы Асінаўка, непадалёку ад в. Дамамерычы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобласці. У 1884 мела шклаварную печ, у 1895 — 2 конныя рухавікі. У 1890 працавалі 40 рабочых, выпушчана 240 тыс. лістоў аконнага шкла. У 1905 працавалі 125 рабочых.
т. 2, с. 30