АСВЯТЛЯ́ЛЬНЫЯ САСТА́ВЫ,
піратэхнічныя саставы, якія выкарыстоўваюць у асвятляльных ракетах, артыл. снарадах, авіябомбах для асвятлення вял. участкаў мясцовасці, для начных аэрафотаздымак. Пераважна сумесі парашкоў магнію і алюмінію (ці іх сплаваў) з акісляльнікамі (нітраты натрыю і барыю) і невялікай колькасцю арган. сувязных рэчываў (смолы, парафін, стэарын). Цеплата згарання ~6 МДж/кг, т-ра гарэння 2500—3000 °C, працягласць гарэння ад 8 с да 8 мін.
т. 2, с. 26
АСВЯЦІ́МСКІ Марк Аляксандравіч
(24.4.1886, г. Слуцк — 10.11.1938),
бел. паліт. дзеяч. Да 1918 у Рас. партыі эсэраў. У 1919—20 чл. ЦК Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), у 1919—24 старшыня яе Слуцкага к-та, чл. культ.-асв. т-ва «Папараць-кветка» ў Слуцку. У 1920 чл. Бел. рады Случчыны, узначальваў вярбовачны пункт Бел. Вайск. камісіі ў Слуцку. У 1919 і 1921 быў арыштаваны ВЧК. У 1924 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1930-я г. працаваў эканамістам Гомельскага тлушчакамбіната. 11.2.1938 арыштаваны, 1.11.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 13.7.1960.
У.М.Міхнюк.
т. 2, с. 26
АСВЯЧЭ́ННЕ,
рытуальнае дзеянне служыцеляў культу над рознымі прадметамі для надання ім містычных уласцівасцяў, пасля чаго становіцца магчымым выкарыстанне іх у рэліг. мэтах духавенствам і недухоўнымі асобамі.
Асвячэнню падлягае кожны новы ці адрамантаваны храм, царк. адзенне, культавыя рэчы, што выкарыстоўваюцца пры богаслужэнні; асвячаюцца «святыя дары» (для прычашчэння), вада. Могуць асвячацца таксама новапабудаванае жыллё, грамадскія будынкі і інш.
т. 2, с. 26
АСЕА́Н,
гл. Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі.
т. 2, с. 27
АСЕ́ЕЎ Мікалай Мікалаевіч
(9.7.1889, г. Льгоў Курскай вобласці — 16.7.1963),
рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім камерцыйным ін-це (1909—12), Маскоўскім і Харкаўскім ун-тах. Ранняя творчасць звязана з футурызмам (зб-кі «Зор», «Начная флейта», абодва 1914; «Летарэй», 1915). Пад уплывам падзей і творчага сяброўства з У.Маякоўскім яго паэзія набыла грамадз. гучанне (зб-кі «Бомба», 1921; «Стальны салавей», 1922; «Рада вятроў», 1923). З 1923 у літ. групе «Леф». У 1920—30-я г. выступаў як публіцыст (зб-кі «Час лепшых», «Маладыя вершы», «Масква-песня», «Высакагорныя вершы»). Паэмы «Будзённы» (1922), «Дваццаць шэсць» (1925), «Сямён Праскакаў» (1928) пра грамадз. вайну. У паэме «Маякоўскі пачынаецца» (1940, Дзярж. прэмія СССР 1941) спалучаны дзённікава-мемуарная і лірыка-публіцыст. плыні. Падзеі Вял. Айч. вайны — у зб-ках «Першы ўзвод» (1941), «Полымя перамогі» (1946); лірыка-філас. асэнсаванне гіст. лёсу 20 ст. — у кн. вершаў «Роздумы» (1955) і «Лад» (1961).
т. 2, с. 27
АСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ
(ад а... + лац. sexualis палавы),
поўная адсутнасць палавой зацікаўленасці ў дарослых людзей. Характарызуецца алібідэміяй і анаргазміяй. Прычынамі асексуальнасці могуць быць нейраэндакрынныя парушэнні, інтаксікацыя наркотыкамі, снатворнымі, нейралептыкамі і транквілізатарамі, солямі цяжкіх металаў, арган. захворванні галаўнога або спіннога мозга, гіпаплазіі палавога апарата, дэпрэсіўны стан; зрэдку неўсвядомленая гомасексуальная ўстаноўка, садысцкія або мазахісцкія тэндэнцыі і інш. Існуе прыроджаная канстытуцыйная асексуальнасць (у 0,5% жанчын).
т. 2, с. 27
АСЕ́ЛАСЦЬ,
1) лад жыцця, пры якім чалавек або людзі жывуць на адным месцы. Абумоўлена пэўнымі формамі гаспадаркі. З’явілася з узнікненнем рыбалоўства і матычнага земляробства ў пач. неаліту.
2) Цэнз аселасць — заканадаўча ўстаноўлены ў некаторых краінах перыяд, на працягу якога грамадзянін павінен жыць на адным месцы, каб атрымаць права ўдзелу ў выбарах прадстаўнічых органаў дзяржавы.
3) У некаторых краінах тэрыторыя, па-за якой не маюць права жыць пэўныя слаі насельніцтва (напр., нац. меншасці). У Рас. імперыі ў 1791 была вызначана тэр., па-за якой забаранялася пастаянна жыць яўрэям. Гл. Мяжа аселасці.
т. 2, с. 27
АСЕ́МБЛЕР
(англ. Assembler),
сістэма праграмавання, што дазваляе складаць праграмы ЭВМ у тэрмінах камандаў машыннай мовы, але з выкарыстаннем больш зручнай сістэмы абазначэнняў. Пры запісе праграмы дазваляецца карыстацца сімвалічнымі абазначэннямі камандаў, адрасоў ячэек памяці, спасылак і інш. Праграма можа складацца з асобна напісаных кавалкаў, у тым ліку бібліятэчных падпраграм. Асемблер робіць размеркаванне памяці, пераўтварае сімвалічныя абазначэнні ў адпаведныя машынныя коды, у выніку чаго праграма набывае выгляд, прыдатны да выканання на ЭВМ.
т. 2, с. 27
АСЕМЯНЕ́ННЕ,
працэс, які забяспечвае ў жывёл сустрэчу палавых клетак — яец і сперматазоідаў; папярэднічае апладненню. Поспех асемянення забяспечваецца адначасовым выспяваннем гамет абодвух палоў. Вонкавае асемяненне ўласціва большасці жывёл, якія жывуць або размнажаюцца ў вадзе (кольчатыя чэрві, двухстворкавыя малюскі, ігласкурыя, кішачнаполасцевыя, бясчэрапныя, кругларотыя, большасць рыб, бясхвостыя земнаводныя). Унутранае асемяненне ўласціва некаторым водным і пераважнай большасці наземных жывёл (плоскія і круглыя чэрві, многія членістаногія і малюскі, большасць пазваночных — акулападобныя, хімеравыя і некаторыя касцістыя рыбы, вышэйшыя пазваночныя). Прамежкавы тып асемянення — вонкава-ўнутранае, пры якім самец выдаляе сперму (у выглядзе кропелек семявай вадкасці ці сперматафораў) у знешняе асяроддзе, на субстрат, пасля чаго яе захоплівае самка; характэрны для многіх ніжэйшых членістаногіх, што жывуць у вадзе, і хвастатых земнаводных. Штучнае асемяненне шырока выкарыстоўваюць пры развядзенні рыб і с.-г. жывёл.
т. 2, с. 27
АСЕ́НАЎГРАД,
горад на Пд Балгарыі, у Радопах. 61 тыс. ж. (1990). Цэнтр вінаробства і тытуняводства. Машынабудаванне, хім. прам-сць. Каля Асенаўграда свінцова-цынкавы з-д і ГЭС. Да 1934 наз. Станімака. Каля горада руіны Асенавай крэпасці (11—13 ст.) з царквой 12 ст., Бачкоўскі манастыр (11—19 ст., з размалёўкай 12—19 ст.), царква (14 ст.).
т. 2, с. 27