БУРЛАКІ́,
1) наёмныя рабочыя, якія перамяшчалі рачныя судны ўручную пры дапамозе канатаў і вёслаў. У Расіі з’явіліся з 16 ст. Бурлацтва было выклікана ростам перавозак пры тэхн. недасканаласці рачнога транспарту. На Беларусі працавалі на ўсіх вял. рэках: Дняпры, Прыпяці, Нёмане, Бугу, Зах. Дзвіне, Бярэзіне, а таксама на Дняпроўска-Бугскім і Агінскім каналах. У 17—19 ст. бурлацтва на Беларусі стала самастойным і адыходніцкім промыслам (гл. Адыходніцтва). У бурлакі наймаліся мужчыны (зрэдку і жанчыны) з вял. фізічнай сілай ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў. Узнікненне і пашырэнне параходства ў канцы 19 ст. выцесніла бурлацтва.
2) Бяздомныя халастыя або ўдовыя бяздзетныя людзі, якія вялі гаспадарку адасоблена.
т. 3, с. 351
БУРЛА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
сацыяльна-бытавая нар. пазаабрадавая лірыка; песні бурлакоў. Расказвалі пераважна пра горкую долю бурлака. Бурлацкія песні зліліся з батрацкімі песнямі, якім уласцівы тая ж скарга на цяжкае жыццё і сац. пратэст.
Літ.:
Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982.
т. 3, с. 351
БУРЛЕ́СКА
(франц. burlesque ад італьян. burlesco жартоўны),
1) у літаратуры жанр камічнай, парадыйнай паэзіі. Камічны эфект у бурлесках дасягаецца ў адным выпадку неадпаведнасцю, рэзкім кантрастам паміж узвышанай тэмай і яе падкрэслена будзённым вырашэннем (травесційная), у другім — неадпаведнасцю паміж «нізкай», трывіяльнай тэмай і ўзвышанай, «кніжнай» мовай (іроікамічная). Вядома бел. л-ры ў канцы 18 — пач. 19 ст.; была адной з вызначальных формаў на пач. яе станаўлення. Парадзіравала сюжэты з Бібліі («Уваскрэсенне Хрыстова», калядкі) або антычнай міфалогіі (паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»). Аб узвышана-гераічных падзеях расказвалася «нізкай» гутарковай мовай, шырока выкарыстоўваліся бытавыя рэаліі. Бел. бурлескныя творы былі своеасаблівай рэакцыяй на каноны класіцызму, пашыраныя ў тагачаснай рус. і польскай л-рах.
2) У музыцы, п’еса жартоўнага, часам грубавата-камічнага або капрызнага характару, звычайна хуткага тэмпу, свабоднай будовы. Блізкая да капрычыо і гумарэскі. Найб. пашырана ў 17—18 ст., пазней знікла з кампазітарскай практыкі, адрадзілася на мяжы 19—20 ст. Як самаст. п’еса або як частка цыклічнага твора сустракаецца ў музыцы для клавішных (І.С.Бах, Ф.Куперэн, Р.Шуман, Р.Штраус, Б.Бартак), радзей для струнных (Дз.Шастаковіч) інструментаў. З бел. кампазітараў бурлескі пісалі Я.Дзягцярык, Э.Тырманд, Л.Шлег і інш. Тэрмін «бурлеска» абазначае таксама разнавіднасць камічнай оперы, блізкай да вадэвіля.
А.В.Мальдзіс (бурлеска ў літаратуры).
т. 3, с. 351
БУРЛУ́ЦКІ Аляксандр Пятровіч
(н. 8.12.1929, ст. Талавая Варонежскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі і нейрахірургіі. Д-р мед. н. (1969). Скончыў Варонежскі мед. ін-т (1953). З 1953 у мед. ін-тах Расіі і Украіны, з 1972 у Віцебскім мед. ін-це. Навук. працы па праблеме сасудзістай паталогіі галаўнога мозга.
Тв.:
Опухоли шишковидной железы. М., 1962;
Артерио-венозные аневризмы и каротидно-кавернозные соустья. Мн., 1977.
т. 3, с. 351
БУРЛЮ́К Давід Давідавіч
(21.7.1882, хутар Семіратоўшчына Лебядзінскага пав. Харкаўскай губ. — 15.1.1967),
рускі паэт і мастак. Адзін з першых рус. футурыстаў (гл. Футурызм), арганізатар групы кубафутурыстаў. У 1902—03 вучыўся ў Мюнхенскай каралеўскай акадэміі (мастацтваў), у 1910—14 — у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1913—14 разам з У.У.Маякоўскім і В.В.Каменскім удзельнічаў у турнэ футурыстаў па Расіі. З 1920 жыў у Японіі, з 1922 — у ЗША, дзе займаўся пераважна мастацтвам. Пачаў друкавацца ў 1899. Аўтар зб-каў вершаў «Хвост, які лысее» (1919), «Вершы і біяграфія. Да 25-годдзя маст.-літ. дзейнасці (1898—1923)» (1924), «1/2 стагоддзя» (1932), «Талстой. Горкі. Паэмы» (1929) і інш., кн. прозы «Па Ціхім акіяне» (1927) і ўспамінаў «Маякоўскі і яго сучаснікі» (1932).
т. 3, с. 351
БУРМЕ́ЙСТАР Уладзімір Паўлавіч
(15.7.1904, г. Віцебск — 5.3.1971),
расійскі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1970). Вучыўся ў Тэатр. тэхнікуме імя А.В.Луначарскага (1925—29, Масква). З 1930 у Муз. т-ры імя К.С.Станіслаўскага і У.І.Неміровіча-Данчанкі (у 1941—60 і 1963—71 гал. балетмайстар). Сярод партый: Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Алека («Цыганы» С.Васіленкі), Нікез («Саперніцы» на муз. П.Л.Гертэля). Тэмперамент і вынаходлівасць Бурмейстара-харэографа найб. выявіліся ў пастаноўках сучасных балетаў [«Лола» Васіленкі, «Бераг шчасця» А.Спадавекія (з І.Курылавым), «Жанна д’Арк» М.Пяйко, «Чырвоныя д’ябаляты» на муз. І.Дунаеўскага і В.Кнушавіцкага] і класічных балетаў («Эсмеральда» Ц.Пуні, «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), харэагр. інтэрпрэтацый сімф. музыкі («Снягурачка» на муз. Чайкоўскага, «Апасіяната» на муз. Л.Бетховена і інш.). Ставіў балеты ў Парыжскай оперы («Лебядзінае возера», 1960), у Лондане («Снягурачка», 1961) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1946.
т. 3, с. 351
БУРМІ́СТР
(польск. bürmistrz ад ням. Bürgermeister),
выбарная асоба ў магістрат — адм. і судовы орган гар. самакіравання ў гарадах Беларусі, якія мелі магдэбургскае права ў 14—18 ст. Войт і прызначаныя ім выбаршчыкі (12—20 чал.) выбіралі на пасаду бурмістра гараджан з заможных гар. вярхоў (мяшчан). У 16 — 1-й пал. 17 ст. пабольшала роля сходу гараджан у працэдуры выбараў гар. рады і яе галавы. Сход прапаноўваў некалькі кандыдатур, з якіх войт зацвярджаў аднаго, часцей 2 бурмістры тэрмінам на 1 год. Пасля сканчэння паўнамоцтваў бурмістр рабіў справаздачу перад радай. З цягам часу ўстанавіўся прынцып справаздачы бурмістра на агульным сходзе гараджан. У абавязак бурмістра ўваходзіла загадванне гар. скарбам, старшынства на пасяджэннях бурмістраўска-радзецкага суда. У канцы 18 ст. царскі ўрад скасаваў на Беларусі магдэбургскае права, а бурмістр замяніў прызначаемы ўладай гарадскі галава.
З.Ю.Капыскі.
т. 3, с. 351
БУРМІ́СТРАЎСКА-РАДЗЕ́ЦКІ СУД,
мясцовы суд для гараджан у ВКЛ у 14—18 ст. Дзейнічаў адначасова з войтаўска-лаўніцкім судом у гарадах, якія атрымалі прывілей на магдэбургскае права. У склад суда ўваходзілі бурмістры і радцы, колькасць якіх залежала ад памераў горада. Суд разглядаў пераважна нязначныя правапарушэнні мяшчан, цяжбы купцоў і рамеснікаў.
Т.І.Доўнар.
т. 3, с. 351
БУРНАНВІ́ЛЬ
(Bournonville) Аўгуст (Агюст; 21.8.1805, Капенгаген — 30.11.1879),
дацкі артыст, балетмайстар, педагог. Скончыў школу Парыжскай оперы (1826). З 1830 саліст і балетмайстар Каралеўскага дацкага балета, выкладаў танцы пры двары. У 1848—77 (з перапынкамі) гал. балетмайстар Каралеўскай оперы ў Капенгагене. У пастаноўках спалучаў класічны і характарны танцы, шырока выкарыстоўваў фальклор. Паставіў больш за 50 балетаў, пераважна на музыку дацкіх кампазітараў, фарміраваў своеасаблівасць дацкага балета, распрацоўваў мімічную выразнасць, віртуознасць мужчынскага танца. Стварыў методыку выкладання танца, т.зв. «ўрок Бурнанвіля» (запісаны яго вучнямі і ўвайшоў у балетную пед. Практыку).
т. 3, с. 352
БУРНАНІ́Т
(ад прозвішча франц. мінералога Ж.Л.Бурнона),
мінерал падкласа складаных сульфідаў, сульфід свінцу, медзі і сурмы, CuPbSbS3. Прымесі жалеза, серабра, цынку і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, кароткапрызматычныя, зярністыя агрэгаты, зерні. Колер бледна-шэры да бясколернага. Бляск металічны. Цв. 3—3,5. Крохкі. Шчыльн. 5,7—5,9 г/см³. Гідратэрмальны мінерал, асацыіруе з бляклымі рудамі, галенітам, пірытам і інш. Руда свінцу, медзі, сурмы. Радовішчы ў ФРГ, Аўстраліі, Мексіцы, ЗША.
т. 3, с. 352