БУРМЕ́ЙСТАР (Уладзімір Паўлавіч) (15.7.1904, г. Віцебск — 5.3.1971),

расійскі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1970). Вучыўся ў Тэатр. тэхнікуме імя А.​В.​Луначарскага (1925—29, Масква). З 1930 у Муз. т-ры імя К.​С.​Станіслаўскага і У.І.​Неміровіча-Данчанкі (у 1941—60 і 1963—71 гал. балетмайстар). Сярод партый: Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Алека («Цыганы» С.​Васіленкі), Нікез («Саперніцы» на муз. П.​Л.​Гертэля). Тэмперамент і вынаходлівасць Бурмейстара-харэографа найб. выявіліся ў пастаноўках сучасных балетаў [«Лола» Васіленкі, «Бераг шчасця» А.​Спадавекія (з І.​Курылавым), «Жанна д’Арк» М.​Пяйко, «Чырвоныя д’ябаляты» на муз. І.​Дунаеўскага і В.​Кнушавіцкага] і класічных балетаў («Эсмеральда» Ц.​Пуні, «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), харэагр. інтэрпрэтацый сімф. музыкі («Снягурачка» на муз. Чайкоўскага, «Апасіяната» на муз. Л.​Бетховена і інш.). Ставіў балеты ў Парыжскай оперы («Лебядзінае возера», 1960), у Лондане («Снягурачка», 1961) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1946.

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)