АРЭ́ХАВАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Усыса (працякае праз яго), за 1 км на Паўднёвы Захад ад горада Гарадок. Плошча 0,3 км², даўжыня 1 км, найбольшая шырыня 0,4 км. Катлавіна выцягнутая з Захаду на Усход, акаймаваная лесам. Берагі нізкія, паўднёвыя забалочаны. Злучана Усысай з азёрамі Лугавое і Шчарбакоўскае.
т. 2, с. 15
АРЭ́ХАВАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці, у басейне ракі Сэрвач, за 27 км на Усход ад гарадскога пасёлка Мядзел. Плошча 0,22 км², даўжыня 0,7 км, найбольшая шырыня 0,4 км, найбольшая глыбіня 23 м. Плошча вадазбору 21,5 км². Берагі забалочаныя, дно глеістае, у заходняй частцы пясчанае. Злучана меліярацыйным каналам з ракой Патачанка.
т. 2, с. 15
АРЭ́ХАВА-ЗУ́ЕВА,
горад у Расіі, цэнтр раёна ў Маскоўскай вобласці. На рацэ Клязьма. Вядомы з канца 17 стагоддзя. 133,7 тысяч жыхароў (1994). Чыгуначны вузел. Цэнтр тэкстыльнай прамысловасці. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вагоны, прыладабудаванне і інш.), хімічная (пластмасы) прамысловасць; вытворчасць будаўнічых матэрыялаў.
т. 2, с. 15
АРЭХАПЛО́ДНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
дрэвавыя расліны, якія даюць плады пад агульнай назвай арэхі — ядомыя і пажыўныя ядры ў сухой дравяністай абалонцы. Да іх належаць: арэхі (грэцкі, маньчжурскі, пекан і інш.), ляшчына, фундук, міндаль, каштан, бук, дуб, кедравая хвоя сібірская (кедр сібірскі), фісташка, макадамія (аўстралійскі арэх), берталецыя (бразільскі, ці амерыканскі, арэх) і інш. Арэхаплодныя культуры вырошчваюць для атрымання пладоў (ядры арэхаў маюць да 77% тлушчу, да 22% бялкоў) і драўніны (ідзе на сталярныя і такарныя вырабы), як дэкаратыўныя (для зялёнага будаўніцтва). Жалуды дубоў нарыхтоўваюць для вырабу сурагату кавы. Амаль усе арэхаплодныя культуры ў дзікарослым стане растуць на вялікіх плошчах. На Беларусі пашыраны ляшчына звычайная, дубы звычайны і скальны, некаторыя віды арэхаплодных культур інтрадукаваны.
Г.У.Вынаеў.
т. 2, с. 15
АРЭХАТВО́РКІ
(Cynipoidea),
надсямейства насякомых атрада перапончатакрылых. Каля 1,9 тысяч відаў. Пашыраны ў Паўночным паўшар’і. На Беларусі найбольш вядомыя арэхатворка дубовая звычайная (Cynips quercus folii), каранёвая (Biorrhiza pallida) і ружовая (Rhodites rosae).
Даўжыня цела 1—5 мм, зрэдку да 25 мм. Лічынкі паразітуюць у тканках раслін (часцей на дубах і ружавых), утвараюць нарасты (галы) накшталт арэшкаў (адсюль назва), характэрныя для кожнага віду. Унутры іх развіваюцца лічынкі. Некаторыя паразітуюць у лічынках насякомых. Лічынкі бязногія, белыя, дарослыя — чорныя або бурыя. Дубовыя галы («чарнільныя арэшкі») раней выкарыстоўвалі на дубленне скуры і прыгатаванне чарніла.
т. 2, с. 15
АРЭ́ХАЎ Вадзім Іванавіч
(27.12.1902, Віцебск — 27.3.1957),
генерал-лейтэнант інжынерна-тэхнічнай службы (1948). У Чырвонай Арміі з 1924. Скончыў Ваенна-паветраную акадэмію РСЧА імя Жукоўскага (1938). У Вялікую Айчынную вайну з 1941 начальнік упраўлення кадраў ВПС СССР. У 1949—53 намеснік начальніка Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя Жукоўскага.
т. 2, с. 15
АРЭ́ХАЎКА,
кедраўка (Nucifraga caryocatactes), птушка сямейства крумкачовых атрада вераб’інападобных. Пашырана ў цемнахвойных лясах Еўразіі. На Беларусі рэдкая; гняздуецца пераважна ў паўночным і цэнтральным раёнах, у паўднёвых раёнах трапляецца спарадычна; жыве падвід арэхаўка еўрапейская, часам залятае арэхаўка сібірская.
Даўжыня цела да 36 см, маса да 200 г. Дзюба тоўстая, прамая, чорная. Ногі чорныя. Апярэнне буравата-карычневае з белымі плямкамі. На канцы хваста белая паласа. Гнёзды на хвойных дрэвах на вышыні 4—12 м. Яйцы 3—4, радзей 2—6, нясе ў красавіку. Корміцца насеннем кедра, елкі, хвоі, дуба, насякомымі і іх лічынкамі. Разносіць і хавае ў глебе насенне дрэў.
т. 2, с. 15
АРЭ́ХАЎКА,
вадасховішча ў Беларусі, у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці, у пойме ракі Нясета. За 10 км на Захад ад гарадскога пасёлка Клічаў, каля вёскі Арэхаўка. Створана ў 1983 для рыбагадоўлі, арашэння і рэкрэацыі. Плошча 1,02 км², даўжыня 1,6 км, найбольшая шырыня 0,86 км, найбольшая глыбіня 5,5 м. Наліўное. Напаўняецца вадой з ракі Нясета.
т. 2, с. 15
АРЭ́ХАЎНА,
возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Нача, за 26 км на Паўднёвы Захад ад Полацка. Плошча 0,47 км², даўжыня 1,1 км, найбольшая шырыня 0,66 км, найбольшая глыбіня 0,8 м, даўжыня берагавой лініі 3,16 км. Плошча вадазбору 179 км².
Пойма забалочаная, парослая хмызняком, схілы катлавіны вышынёй 5—10 м, разараныя, на Поўдні абразійны ўступ вышынёй 3—4 м. Берагі сплавінныя, нізкія. Востраў плошчай 0,5 га. Уздоўж берагоў і вострава дно пясчанае, глыбей — сапрапелістае. Зарастае. Выцякае рака Нача. Злучана пратокай з возерам Забеліна.
т. 2, с. 15
АРЭ́ХАЎНА,
вёска ў Беларусі, у Бабыніцкім сельскім савеце Полацкага раёна Віцебскай вобласці. За 30 км ад Полацка, 129 км ад Віцебска, 5 км ад чыгуначнай станцыі Ветрына. 18 жыхароў, 10 двароў (1995).
Узнікла пасля 1521 на землях І.Р.Корсака, гараднічага полацкага, пазней мястэчка ў складзе Полацкага ваяводства. З 1552 дваром Арэхаўна, дзе было 50 сем’яў, валодаў сын Корсака Баркулаб.
т. 2, с. 15