Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРЭО́Л

(французскае auréole ад лацінскага corona aureola залаты вянок),

1) у фатаграфіі неаднастайнае пачарненне на негатыве вакол відарысу блішчастых або надзвычай кантрастных дэталяў аб’ектаў. Утвараецца прамянямі святла, рассеянага на мікракрышталях галоіднага серабра ў фотаслоі, а таксама прамянямі, якія прайшлі праз фотаслой і адбіліся ад глянцавай асновы фотаматэрыялу. Для змяншэння арэолу на які-небудзь бок гэтай асновы наносяць проціарэольны слой святлопаглынальнага рэчыва.

2) У оптыцы — светлавы фон вакол відарысу крыніцы аптычнага выпрамянення пры назіранні вокам або рэгістрацыі прыёмнікам святла. Выяўляецца пры рассеянні святла на малыя вуглы часціцамі асяроддзя, праз якое праходзіць святло. Істотна ўплывае на раздзяляльную здольнасць фатаграфічных матэрыялаў і люмінесцэнтных экранаў.

т. 2, с. 14

АРЭО́МЕТР

(ад грэчаскага araios няшчыльны, вадкі + ...метр),

прылада для вымярэння шчыльнасці вадкасцяў і цвёрдых целаў. Прынцып работы арэометра заснаваны на Архімеда законе. Бываюць шкляныя (найбольш пашыраныя) і металічныя (для вымярэння шчыльнасці вадкасці пры высокіх тэмпературах). Паводле прызначэння адрозніваюць дэнсіметры і арэометры для вымярэння канцэнтрацыі раствораў (лактадэнсіметры, спіртамеры, цукрамеры). Шчыльнасць цвёрдых целаў вымяраюць арэометры пастаяннага аб’ёму (гл. Гідрастатычнае ўзважванне).

т. 2, с. 14

АРЭ́ПІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Сцяпанкаўскім сельскім савеце Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Цэнтр калгаса. За 20 км на Поўнач ад горада і чыгуначнай станцыі Жабінка, 50 км ад Брэста. 316 жыхароў, 113 двароў (1995). Пачатковая школа, бібліятэка, клуб, аддзяленне сувязі. Помнік драўлянага дойлідства — Пакроўская царква (1761).

т. 2, с. 14

АРЭ́С, Арэй,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі каварны, вераломны бог вайны дзеля вайны, які нясе гібель і разбурэнне. Сын Зеўса і Геры. Арэса ўяўлялі ў вобразе маладога дужага мужчыны, часам у баявым шлеме. Міф пра Арэса — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, статуі Баргезійскага Арэса і Людавізійскага Арэса, карціны С.Батычэлі, Я.Тынтарэта, П.Рубенса, Ж.Давіда) і інш. У старажытна-рымскай міфалогіі яму адпавядае Марс.

т. 2, с. 14

АРЭ́СА, Раса,

рака на Поўдні Беларусі, у Старадарожскім і Любанскім раёнах Мінскай вобласці і Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток Пцічы (басейн Прыпяці). Даўжыня 128 км. Плошча вадазбору 3,6 тысяч км². Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне, Прыпяцкім Палессі. Асноўныя прытокі: Таліца (справа), Солан, Нешчанка, магістральныя асушальныя каналы Слаўкавіцка-Ямінскі і Чавускі (злева).

Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі шырынёй 0,3—1 км. Пойма пераважна двухбаковая, ніжэй вёскі Падарэссе ў Старадарожскім раёне яе шырыня 0,1—1км. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, шырыня ў вярхоўі 5—10 м, у ніжнім цячэнні 30—35 м. Берагі на натуральных участках нізкія. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 54%, летне-асенняй межані — 30% гадавога сцёку. Летне-асеннія паводкі кожны год, зімовыя радзей. Замярзае ў 2-й палове снежня, крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 16,7 м³/с. Пасля пабудовы Арэскай меліярацыйнай сістэмы і Любанскага вадасховишча сцёк Арэсы значна зарэгуляваны. Крыніца водазабеспячэння сажалак рыбакамбіната «Любань». На рацэ горад Любань.

т. 2, с. 14

АРЭ́СТ,

у грэчаскай міфалогіі сын Агамемнана і Клітэмнестры. Помсцячы за вераломнае забойства бацькі, Арэст забіў маці і яе каханка Эгісфа. За гэта багіні помсты Эрыніі наслалі на Арэста вар’яцтва і праследавалі яго, але ён атрымаў ад Апалона ачышчэнне ад пралітай крыві. Міф пра Арэста адлюстроўвае ўспаміны пра матрыярхат і кроўную помсту, ён стаў сюжэтам трагедый Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і інш.

т. 2, с. 14

АРЭ́СТ

(свецкае Костка Ануфрый Стафанавіч; ? — 1850 або 1854),

беларускі летапісец. З сям’і святара. З 1791 вучыўся ў Магілёўскай семінарыі, у езуіцкіх навучальных установах. Валодаў грэчаскай, лацінскай, польскай, рускай, беларускай мовамі. У 1801—04 настаўнік Невельскай духоўнай гімназіі. У 1802 пастрыжаны ў манахі, з 1803 святар. Быў скарбнікам, аканомам магілёўскага архірэйскага дома. У 1812 разам з архіепіскапам Варлаамам Шышацкім прысягаў Напалеону. У 1820—24 выкладаў у Полацку. З 1827 ігумен Магілёўскага брацкага манастыра. Аўтар «Запісак ігумена Арэста», якія з’яўляюцца апошняй па часе спробай стварэння беларускага летапісу.

Літ.:

Горючко П.С. К биографии игумена Ореста // Могилевская старина. 1903. Вып. 3;

Улащик Н.Н. Введение в изученне белорусско-литовского летописания. М., 1985. С. 203—217.

І.А.Марзалюк.

т. 2, с. 14

АРЭ́СТАЎ Іван Георгіевіч

(нарадзіўся 18.3.1928, вёска Каралеўшчына Заходнядзвінскага раёна Цвярской вобласці, Расія),

беларускі вучоны ў галіне ветэрынарыі. Доктар ветэрынарных навук (1979), прафесар (1981). Скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут (1952). З 1962 працуе ў ім. Працы па фармакалогіі і таксікалогіі фосфарарганічных злучэнняў, ферментных прэпаратах і іх выкарыстанні для прафілактыкі хвароб і павышэння прадукцыйнасці жывёл, па паразіталогіі свіней, вывучэнні фармакалагічных сродкаў для лячэння і прафілактыкі хвароб страўнікава-кішачнага тракту.

т. 2, с. 14

АРЭ́Х

(Juglans),

род кветкавых раслін сямейства арэхавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўднёвай Еўропе, Азіі, Амерыцы. У некаторых месцах утвараюць так званыя арэхавыя лясы. Шэраг відаў вырошчваюць з прамысловымі мэтамі. На Беларусі ў паўднёвых і заходніх раёнах, у садах і парках вырошчваюць як інтрадукаваныя дэкаратыўныя і арэхаплодныя культуры арэх грэцкі (J. regia), маньчжурскі (J. mandshurica), шэры (J. cinerea), чорны (J. nigra) і інш.

Лістападныя аднадомныя дрэвы вышынёй да 50 м з разгалістай кронай. Лісце буйное, складанае няпарнаперыстае. Кветкі раздзельнаполыя: мужчынскія ў доўгіх каташках, жаночыя адзіночныя або па некалькі ў гронках. Плод касцянкападобны з вонкавай мясістай зялёнай абалонкай і цвёрдай дравяністай унутранай; мае гаспадарчую назву «арэх». Ядры арэхаў (насенне) смачныя, багатыя алеем (да 68%), бялкамі (да 18%), вугляводамі. Выкарыстоўваецца ў харчовай і кандытарскай прамысловасці. Лісце і абалонкі пладоў маюць вітамін С і дубільныя рэчывы. Драўніна арэха прыгожая, цвёрдая, з малюнкам; з яе робяць мэблю, музычныя інструменты і інш.

т. 2, с. 14

АРЭ́ХАВА,

вёска ў Беларусі, у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, на беразе возера Арэхаўскае. Цэнтр сельсавета. За 22 км на Поўдзень ад горада і чыгуначнай станцыі Маларыта, 74 км ад Брэста. 794 жыхароў, 257 двароў (1994). Сярэдняя школа, бібліятэка, Дом культуры, аддзяленне сувязі. Царква. Магіла ахвяраў фашызму. Стаянкі каменнага веку.

т. 2, с. 15