Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРОТКАМЕТРА́ЖНЫ ФІЛЬМ,

кінафільм, у якім не больш 4—5 частак (1200—1500 м, 40—50 мін экраннага часу). У першыя гады існавання кінематографа ўсе фільмы былі кароткаметражныя. Паступова К.ф. пачаў развівацца як самаст. форма кінамастацтва. Вылучаюцца дакумент. (хроніка, кінанарысы і інш.), навукова-папулярныя (у т. л. вучэбныя фільмы і фільмы-лекцыі), мультыплікацыйныя і маст. К.ф.

Іх жанравы і тэматычны дыяпазон — ад кінафельетона, кінаказкі і кінанавелы да кінарэкламы і кінаплаката. Асаблівасці драматургічнай пабудовы — дакладнасць задумы, яснасць, лаканізм. Практыкуецца выпуск спец. кінапраграм, якія складаюцца з 3—4 К.ф. Першыя бел. К.ф. зняты ў 1938 («Маска» і «Мянтуз» паводле А.​Чэхава; рэж. і сцэнарыст С.​Сплашноў). У многіх краінах праводзяцца нац. і міжнар. кінафестывалі К.ф. (Обергаўзен, Мангейм, Лейпцыг — Германія; Кракаў — Польшча; Эдынбург — Вялікабрытанія і інш.). Іх паказы арганізуюцца і ў час кінафестываляў агульнага тыпу.

Г.​У.​Шур.

т. 8, с. 90

КАРОТКАНАДКРЫ́ЛЫЯ,

жукі, гл. Стафілініды.

т. 8, с. 90

КАРОТКАТЭРМІНО́ВЫ КРЭДЫ́Т,

від крэдыту, які выдаецца на тэрмін да года пераважна на часовае папаўненне абаротных сродкаў прадпрыемства, на заработную плату і інш. мэты. Выдаецца на ўмовах тэрміновасці, зваротнасці, платнасці. Працэнты, выплачаныя за такі крэдыт, могуць адносіцца на сабекошт прадукцыі (выдаткі вытв-сці і рэалізацыі), балансавы або чысты прыбытак. Адным з відаў К.к. з’яўляецца і т.зв. анколь (пазыка да запатрабавання), які пагашаецца па першым патрабаванні і выдаецца, як правіла, пад забеспячэнне каштоўнымі паперамі і таварамі. Сутнасць яго ў тым, што банк адкрывае пазычальніку спец. бягучы рахунак пад заклад таварна-матэрыяльных каштоўнасцей або каштоўных папер. У межах забяспечанасці крэдыту банк аплачвае ўсе рахункі суб’екта гаспадарання. Пагашэнне крэдыту ажыццяўляецца па першым патрабаванні банка за кошт сродкаў, якія паступаюць на рахунак пазычальніка, або шляхам рэалізацыі закладу.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 90

КАРО́ТКАЯ (Ларыса Лявонцьеўна) (н. 17.3.1919, в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на),

бел. літ.-знавец, педагог. Канд. філал. н. (1963). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1938). Настаўнічала. У 1955—94 выкладала ў БДУ. Даследуе стараж. бел. і рус. л-ры, іх узаемасувязі і ўзаемаўплывы. Выступае з літ.-крытычнымі артыкуламі па сучаснай бел. л-ры. Складальнік навучальных і метадычных дапаможнікаў, хрэстаматый для студэнтаў і школьнікаў: «Старажытная руская літаратура ў даследаваннях» (1979), «Гісторыя старажытнай рускай літаратуры і літаратуры XVIII ст.» (1982; абедзве з Л.​Гусевай), «Аб мінулым Бацькаўшчыны» (1985), «Руская літаратура XVIII ст.» (1988), «Літаратура Старажытнай Русі і XVIII ст.» (1997) і інш.

т. 8, с. 90

КАРО́ТКАЯ (Таццяна Пятроўна) (н. 5.1.1951, в. Анеліна Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1997). Скончыла БДУ (1973). З 1973 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя асновы фарміравання і станаўлення традыц. рэліг. філасофіі і філас.-рэліг. мадэрнізму ў Расіі і Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст., гісторыю і спецыфіку функцыянавання розных рэліг. плыняў на Беларусі ў сучасны перыяд.

Тв.:

Религиозная философия в Белоруссии начала XX в. Мн., 1983;

Старообрядчество в Беларуси. Мн., 1992 (разам з Е.​С.​Пракошынай, Г.​А.​Чуднікавай);

В поисках новой рациональности: Религ. философия в России конца XIX — нач. XX в. Мн., 1994.

т. 8, с. 90

КАРО́ТКІ (Уладзімір Георгіевіч) (н. 2.1.1956, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1984). Скончыў БДУ (1978). Настаўнічаў. З 1982 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 у БДУ (з 1990 нам. дэкана філал. ф-та). Даследуе шляхі развіцця і стан стараж. бел., укр. і польскай л-р 16—17 ст., у т. л. праблемы тагачаснай палемічнай публіцыстыкі, пытанні ўсх.-слав. кнігадрукавання, бел.-ўкр. літ. сувязі (кн. «Творчы шлях Мялеція Сматрыцкага», 1987). Навук. рэдактар выдання твораў Сімяона Полацкага («Вирши», 1990), складальнік кн. «Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны» (1991). Адзін з аўтараў падручніка «Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд» (4-е выд., 1998).

Л.​М.​Гарэлік.

т. 8, с. 90

КАРО́ЎКІН (Валянцін Сяргеевіч) (н. 10.11.1936, г. Новасібірск, Расія),

бел. вучоны ў галіне фтызіятрыі. Д-р мед. н. (1979), праф. (1982). Скончыў Крымскі мед. ін-т (1960). З 1969 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1983 заг. кафедры). Навук. працы па дыферэнцыяльнай дыягностыцы і лячэнні туберкулёзу і інш. хвароб бронха-лёгачнай сістэмы, туберкулёзе лёгкіх і цукровым дыябеце.

Тв.:

Туберкулёз лёгких у больных сахарным диабетом. Мн., 1985;

Краткий справочник по симптоматике болезней системы дыхания. 2 изд. Мн., 1987. Лечение болезней бронхов и легких: Справ Мн., 1996.

т. 8, с. 90

КАРО́ЎНІК,

памяшканне для ўтрымання кароў і цялушак на фермах буйн. раг. жывёлы. Будуюць К. для прывязнога і беспрывязнога ўтрымання, а таксама буйныя спец. жывёлагадоўчыя комплексы для вытв-сці малака на прамысл. аснове. У К. прадугледжваюць аптымальны аб’ём памяшкання і неабходны мікраклімат. Для прывязнога і боксавага ўтрымання К. абсталёўваюць стойламі. Пры беспрывязным утрыманні на глыбокім подсціле К. абсталёўваюць секцыямі для сухастойных, навацельных, высокаўдойных кароў і дапаможнымі памяшканнямі (даільнае, малочнае і інш.).

т. 8, с. 90

КАРО́ЎЧЫНА,

вёска ў Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл., каля аднайм. вадасховішча. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 24 км на ПдЗ ад г.п. Дрыбін, 44 км ад Магілёва, 34 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 1022 ж., 388 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 8, с. 90

КАРО́ЎЧЫНА,

вадасховішча ў Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл., каля в. Кароўчына. Створана на р. Касінка ў 1981. Пл. 0,47 км², даўж. 2,5 км, найб.

шыр. 300 м, найб. глыб. 8,6 м, аб’ём вады 1,42 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 3 м. Сярэдні шматгадовы сцёк 7,6 млн. м³. Выкарыстоўваецца для арашэння, рыбагадоўлі і воднага добраўпарадкавання.

т. 8, с. 90