Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КА́НЫ (Cannes),

горад ў Францыі, гл. Кан.

т. 8, с. 16

КАНЫ́ГІН (Ігар Уладзіміравіч) (н. 6.6.1956, г. Лентварыс Тракайскага р-на, Літва),

бел. спартсмен (грэка-рымская барацьба, вагавая катэгорыя да 90 кг). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1978), засл. майстар спорту СССР (1981). Сярэбраны прызёр XXII Алімп. гульняў (1980, Масква). Чэмпіён свету (1981, Осла, Нарвегія), Еўропы (1980; г. Пр’евідза, ЧССР), СССР (1980). Уладальнік Кубка свету (1981, Балгарыя). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.

т. 8, с. 16

КАНЬЁН (ад ісп. cañon труба, цясніна),

глыбокая рачная даліна са стромкімі, часам вертыкальнымі або ступеньчатымі схіламі і вузкім дном, звычайна занятым рэчышчам ракі. Утвараецца ў выніку інтэнсіўнай глыбіннай эрозіі і падмывання падэшвы схілаў рэчышчавым патокам у межах высокіх плато або ў гарах, складзеных з водапранікальных парод (вапнякоў, пясчанікаў, лёсаў) і лававага (звычайна базальтавага) покрыва. Адзін з самых вял. і вядомых К. — Вялікі Каньён у ЗША на р. Каларада. На дне мораў і акіянаў трапляюцца падводныя К.

Вялікі Каньён.

т. 8, с. 17

КАНЬКАБЕ́ЖНЫ СПОРТ,

адзін з пашыраных відаў зімовага спорту. Уключае скорасны бег на каньках і фігурнае катанне.

Касцяныя канькі вядомы ў паўн. краінах з 12 ст. (выяўлены і ў стараж. Полацку); драўляныя з жал. палазамі і загнутымі наскамі, на якіх выразалі конскую галаву (адсюль назва «канькі»), з’явіліся ў 14—15 ст., металічныя — у канцы 17 — пач. 18 ст. (у Нідэрландах і Англіі), спарт. для скораснага бегу і фігурнага катання — у канцы 19 ст. (бегавыя канькі сканструяваны нарв. канькабежцамі К.​Вернерам і А.​Паўльсенам у пач. 1880-х г.). Чэмпіянаты Беларусі на простых каньках праводзяцца з 1933, на бегавых — з 1935, фігурнае катанне — з 1961.

т. 8, с. 17

КАНЬЯ́К (Cognac),

горад на З Францыі, у даліне р. Шаранта. 19,5 тыс. ж. (1995). Вядомы цэнтр вінаробства (вытв-сць моцных спіртных напіткаў, якія атрымалі назву «каньяк»).

т. 8, с. 17

КАНЬЯ́К (па назве г. Каньяк),

моцны алкагольны напітак (40—60 аб’ёмных працэнтаў спірту), прыгатаваны з каньячнага спірту. Каньячны спірт атрымліваюць перагонкай сухіх (пераважна белых) вінаградных він і далейшай вытрымкай яго ў дубовых бочках. Пры вытрымцы каньячны спірт абагачаецца дубільнымі рэчывамі і набывае характэрныя для К. смак і колер.

т. 8, с. 17

КАНЭ́ (Майсей Юдавіч) (17.12.1902, г. Віцебск — 12.9.1964),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання; адзін са стваральнікаў бел. аўтамабіляў і тэхнал. школы аўтамабілебудавання. Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1926). З 1945 гал. тэхнолаг Мінскага аўтамаб. з-да, з 1954 у БПА. Дзярж. прэмія СССР 1949.

М.П.Савік.

т. 8, с. 17

КАНЭ́ (Марк Майсеевіч) (н. 21.11.1939, Масква),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1997). Сын М.Ю.Канэ. Скончыў БПІ (1962). З 1964 у БПА. Навук. працы па тэхнал. праблемах забеспячэння якасці і аптымальных умоў эксплуатацыі высоканагружаных зубчастых перадач з цыліндрычнымі коламі трансп. і рабочых машын.

Тв.:

Основы научных исследований в технологии машиностроения. Мн., 1987;

Управление процессами проектирования и изготовления зубчатых передач // Вестн. машиностроения. 1997. № 11.

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 17

КАНЭ́ (Юлія Міхайлаўна) (н. 21.8.1931, Масква),

бел. крытык, літ.-знавец. Дачка М.Ю.Канэ. Скончыла БДУ (1954). Працавала ў рэдакцыях газет Літвы (1954—55), у газ. «Піянер Беларусі» (1959). Даследаванні па сучасным літ. працэсе (артыкулы пра творчасць А.​Адамовіча, В.​Быкава, Р.​Барадуліна, А.​Васілевіч, Н.​Гілевіча, А.​Жука, А.​Кулакоўскага, І.​Навуменкі, І.​Пташнікава, Б.​Сачанкі, М.​Танка, І.​Чыгрынава і інш.). Аўтар кніг «Дзень сённяшні» (1962), «Янка Брыль» (1964), «Плынь» (1983), «Як паветра і хлеб: Жыццёвы і творчы шлях Янкі Брыля» (1988). На бел. мову пераклала асобныя творы арм. празаікаў. З 1991 жыве ў Ізраілі.

Л.​С.​Савік.

т. 8, с. 17

КАН’ЮГА́ТЫ (ад лац. conjugatio злучэнне),

счаплянкі, група пераважна мікраскапічных зялёных водарасцей. У парадку каля 50 родаў, 4000—6000 відаў. Пашыраны ўсюды (найб. вядомыя — кластэрыум, мужоцыя, нетрыум, спірагіра). На Беларусі каля 200 відаў. Трапляюцца ў прэснаводных вадаёмах (ціна), сярод вільготных імхоў, на вільготных глебах, сценах і інш.

Аднаклетачныя (рэдка каланіяльныя), сіметрычна пабудаваныя арганізмы, клеткі якіх звычайна перашнураваны пасярэдзіне на 2 аднолькавыя паўклеткі (дэсмідыевыя водарасці), з суцэльнай абалонкай без падзелу на паўклеткі (мезатэніевыя), з ніткаватай структурай (зігнемавыя, ганатазігавыя). Характэрная асаблівасць К. — адсутнасць у цыкле развіцця рухомых жгуцікавых стадый і наяўнасць палавога працэсу — кан’югацыі.

т. 8, с. 17