Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«АРХІ́Ў КНЯЗЁЎ ЛЮБАРТО́ВІЧАЎ-САНГУ́ШКАЎ У СЛАВУ́ЦЕ»

(«Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie»),

зборнік дакументаў па гісторыі Беларусі, Украіны і Літвы 13—16 ст. Выдадзены ў 1887—1910 у Львове ў 7 тамах. Дакументы ўзяты з архіва Сангушкаў у мяст. Славута (цяпер Хмяльніцкая вобл. Украіны), а таксама з кніг Метрыкі ВКЛ, архіваў Львова, Пецярбурга, Нясвіжа. У зборніку змешчаны дакументы вярх. улады Польшчы і ВКЛ (каралеўскія і велікакняжацкія лісты, інструкцыі, прывілеі, у т. л. на бел. маёнткі, мястэчкі, гарады, замкі, на падатковыя льготы, заснаванне таргоў і кірмашоў, магдэбургскія прывілеі), дакументы пра асобныя соймавыя справы, пасольствы, прыватнаправавыя акты пра сац.-эканам. і сямейна-бытавыя адносіны Сангушкаў, Хадкевічаў, Заслаўскіх, Радзівілаў і інш. Большасць дакументаў на бел. і ўкр. мовах.

т. 1, с. 533

«АРХІ́Ў ПАЎДНЁВА-ЗАХО́ДНЯЙ РАСІ́І»

(«Архив Юго-Западной России, издаваемый временной Комиссией для разбора древних актов...»),

зборнік дакументаў і літ. помнікаў Правабярэжнай і Зах. Украіны 14—18 ст. Выдадзены ў Кіеве на рус. мове ў 35 т. (ч. 1—8, 1859—1914). Асн. крыніца выдання — Кіеўскі цэнтр. архіў, дакументы, што паступалі ў Кіеўскую камісію ад прыватных асоб, манастыроў і розных устаноў. Уключаны матэрыялы па гісторыі правасл. царквы 14—18 ст., пратаколы і пастановы шляхецкіх соймікаў за 1569—1726, звесткі пра барацьбу ўкр. казацтва з польск. шляхтай у 1500—1768, акты аб паходжанні шляхецкіх родаў, пра гарады, дакументы аб эканам. і юрыд. становішчы ўкр. сялян 1498—1799, перапісы яўр. насельніцтва і інш.

т. 1, с. 533

«АРХІ́Ў ПА ГІСТО́РЫІ ЛІТАРАТУ́РЫ І АСВЕ́ТЫ Ў ПО́ЛЬШЧЫ»

(«Archiwum do dziejów literatury i oświaty w Polsce»),

серыйнае гісторыка-літаратурнае і крыніцазнаўчае выданне. Выходзіла ў Кракаве з 1878 да пач. 2-й сусв. вайны. Сярод матэрыялаў (пераважна на польск. мове) дакументы па гісторыі філас. ф-та Кракаўскага ун-та 16 ст., дзе вучылася шмат выхадцаў з Беларусі, бібліягр. агляд І.Кажанеўскага дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны (т. 11, 1910), крыніцы па гісторыі Беларусі, у т. л. карэспандэнцыі Сапегаў, Радзівілаў, Хадкевічаў, Пацаў, Тышкевічаў, падарожныя нататкі М.Радзівіла Сіроткі «Падарожжа ў Святую зямлю» (т. 15, 1925). Асвятляецца гісторыя культ. сувязяў Беларусі і Літвы з Польшчай, Італіяй, Рускай і інш. дзяржавамі.

Г.Я.Галенчанка.

т. 1, с. 533

«АРХІ́Ў РУ́СКАЙ РЭВАЛЮ́ЦЫІ»

(«Архив русской революции»),

зборнік дакументаў па гісторыі рэв. падзей 1917 і грамадз. вайны 1918—22 у Расіі. Выдадзены ў 1922—37 у Берліне ў 22 тамах адным з былых кіраўнікоў рас. канстытуцыйна-дэмакр. партыі І.У.Гесенам. У зборніку надрукаваны ўспаміны, дзённікі (у т. л. старшыні Дзярж. думы М.У.Радзянкі, кіраўніка справамі Часовага ўрада У.Дз.Набокава, данскога атамана ген. П.М.Краснова, вайск. атамана Кубанскага казацкага войска ген.-лейт. А.П.Філімонава), якія асвятлялі гал. чынам «парадкі і падзеі ўнутры сав. Расіі; арганізацыю, прасоўванне і паражэнне добраахвотніцкіх армій, адносіны да замежных атрадаў і місій, парадкі ў часова аднятых у бальшавікоў абласцях; ролю і побыт рус. эміграцыі ў Еўропе і інш. частках свету; замежнае ўмяшанне, адносіны прадстаўнікоў грамадскай думкі Еўропы і інш. частак свету, адносіны дзярж. дзеячаў». У пач. 1990-х г. «Архіў...» перавыдадзены ў Расіі.

Публ.:

Архив русской революции. Т. 1—22. М., 1991—93.

т. 1, с. 533

«АРХІ́Ў ФЮР СЛА́ВІШЭ ФІЛАЛАГІ́»

(«Archiw für slavische Philologie», «Архіў славянскай філалогіі»),

адзін з першых славістычных часопісаў. Выдаваўся ў 1876—1929 у Берліне на ням. мове. Выйшлі 42 тамы. Заснавальнік і першы рэдактар В.Ягіч. Узняў славістыку да ўзроўню міжнар. навукі. Знаёміў вучоных Зах. Еўропы са слав. культурамі, ў т. л. беларускай. Змясціў больш за 20 публікацый па беларусістыцы, у т. л. «Беларускі Codex miscellaneus з бібліятэкі графа Рачынскага ў Познані» (т. 9), «Сляды кувады на Беларусі» Ягіча (т. 9), «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» А.Брукнера (т. 13), «Новыя славянскія зборнікі казак» І.Паліўкі (т. 19). На старонках часопіса рэцэнзаваліся амаль усе значныя выданні па бел. фальклоры канца 19 — пач. 20 ст., многія даследаванні па бел. мове. Публікацыі абуджалі цікавасць да культуры бел. народа, спрыялі развіццю даследаванняў па бел. праблематыцы.

У.Л.Сакалоўскі.

т. 1, с. 533

«АРХІ́Ў Я́НА ЗАМО́ЙСКАГА»

(«Archiwum Jana Zamoyskiego kanclerza i hetmana wielkiego koronnego»),

зборнік дакументаў за 1553—84 канцлера Польшчы і вял. кароннага гетмана Я.Замойскага. Выдадзены ў 1904—13 у Варшаве ў 3 тамах. Пісьмовыя крыніцы выяўлены выдаўцом В.Сабескім у б-цы ардынацыі Замойскіх. Змешчана перапіска Я.Замойскага з Радзівіламі, Алелькавічамі, Валовічамі, Кішкамі і інш. магнатамі, уплывовымі паліт. і дзярж. дзеячамі ВКЛ. Адлюстраваны ваенна-паліт. і царк.-рэліг. адносіны Польшчы з ВКЛ, Расіяй, Турцыяй, Валахіяй і інш, дзяржавамі, сямейна-бытавыя справы магнатаў.

Г.Я.Галенчанка.

т. 1, с. 533

...АРХІЯ

(ад грэч. archē улада, вяршэнства),

частка складаных слоў, якая абазначае форму ўлады, кіравання, напр., алігархія, манархія.

т. 1, с. 534

«АРХИ́ВНОЕ ДЕ́ЛО»,

часопіс цэнтральных архіўных устаноў СССР і РСФСР. Выдаваўся ў 1923—41 (акрамя 1934) у Маскве на рус. мове. У ім друкаваліся пастановы і інструкцыі па архіўнай справе, дакумент. матэрыялы, водгукі на сав. і замежныя кнігі па архіўнай справе, інфармацыя пра выданні цэнтр. архіваў, стан замежных архіваў, абмяркоўваліся метадычныя пытанні. Выйшла 58 нумароў.

т. 1, с. 524

«АРХИТЕКТУ́РА И СТРОИ́ТЕЛЬСТВО БЕЛАРУ́СИ»,

навукова-тэхнічны часопіс. Выходзіць з 1970 у Мінску на рус. мове раз у 2 месяцы; да 1991 наз. «Строительство и архитектура Белоруссии». Публікуе матэрыялы па архітэктуры, праектаванні, эканоміцы, арг-цыі і тэхналогіі буд-ва, буд. матэрыялах, арх. спадчыне.

т. 1, с. 527

АРХО́НА-ЕНІСЕ́ЙСКІЯ НА́ДПІСЫ,

пісьмовыя помнікі цюркамоўных народаў 7—11 ст. Адкрыты ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў вярхоўях Енісея і на р. Архон (Манголія). Дэшыфраваны і прачытаны ў канцы 19 ст. Зроблены т.зв. рунічным пісьмом на скалах, камянях, збудаваннях, асобных рэчах (эпітафіі, гіст.-біягр. тэксты, памятныя надпісы), захаваліся тэксты на паперы (юрыд. дакументы, рэліг. тэксты). Вядомы 7 груп архона-енісейскіх надпісаў: ленска-прыбайкальская (плямёны курыкан), енісейская (Кыргызскі каганат), мангольская (Усх.-цюркскі каганат), алтайская (Зах.-цюркскі каганат), усх.-туркестанская (Уйгурскі каганат у Манголіі), сярэднеазіяцкая (Уйгурская дзяржава ва Усх. Туркестане) і ўсх.-еўрап. (хазары і печанегі).

т. 1, с. 534