Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРХІМЕ́ДАВА СПІРА́ЛЬ,

крывая, якую апісвае пункт пры руху з пастаяннай скорасцю па прамой, што раўнамерна паварочваецца ў плоскасці вакол аднаго са сваіх пунктаў. Названа ў гонар Архімеда. Калі пункт О лічыць полюсам, а прамую з выбраным на ёй напрамкам за палярную вось, то ўраўненне Архімедава спіраль ў палярных каардынатах: ρ=αφ, дзе α = V/ω (V — лінейная, ω — вуглавая скорасці). Архімедава спіраль мае 2 галіны: суцэльную ( φ > 0 ) і штрыхавую ( φ < 0 ).

т. 1, с. 525

АРХІМЕ́ДАЎ ВІНТ,

водападымальная машына, вынайдзеная Архімедам у 3 ст. да н.э. Уяўляе сабой вал з вінтавой паверхняй, устаноўлены ў нахіленай трубе, ніжні канец якой апушчаны ў ваду. Пры вярчэнні (напр., ад ветравога кола ці інш. рухавіка) вінтавая паверхня вала перамяшчае ваду ўверх па трубе (на вышыню да 3—4 м).

т. 1, с. 526

АРХІМЕ́ДА АКСІЁМА,

зводзіцца да таго, што пры паўтарэнні дастатковай колькасці разоў меншага з двух зададзеных адрэзкаў можна атрымаць адрэзак, большы за большы з іх (сфармулявана Архімедам). Адносіцца таксама да плошчаў, аб’ёмаў, лікаў і інш. У агульным выпадку, калі A і B — два значэнні адной і той жа велічыні і A < B, можна заўсёды знайсці такі цэлы лік т, што Ат > B; на гэтым заснаваны працэс паслядоўнага дзялення ў арыфметыцы і геаметрыі. У 19 ст. выявілася існаванне т.зв. неархімедавых велічынь, у дачыненні да якіх Архімедава аксіёма не выконваецца (напр., вектары, для якіх паняцце няроўнасці страчвае сэнс).

т. 1, с. 525

АРХІМЕ́ДА ЗАКО́Н,

асноўны закон гідрастатыкі і аэрастатыкі, паводле якога на кожнае цела, апушчанае ў вадкасць (газ), дзейнічае выштурхная сіла, накіраваная ўверх, роўная па модулі вазе выціснутай гэтым целам вадкасці (газу) і прыкладзеная да цэнтра цяжару апушчанай у вадкасць (газ) часткі цела. Адкрыты ў 3 ст. да н.э. Архімедам. Архімеда закон — аснова тэорыі і практыкі плавання целаў. З яго ўлікам будуюцца аэрастаты, дырыжаблі, падводныя лодкі і інш.

т. 1, с. 525

АРХІМЕ́ДА ЦЕ́ЛЫ,

тое, што паўправільныя мнагаграннікі.

т. 1, с. 525

АРХІ́ПАВА Ірына Канстанцінаўна

(н. 2.12.1925, Масква),

руская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1966). Герой Сац. Працы (1984). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1953), з 1976 выкладае ў ёй (з 1982 праф.). З 1954 салістка Свярдлоўскага т-ра оперы і балета, у 1956—88 — Вял. т-ра Расіі. Вядомая прадстаўніца рус. школы бельканта. Сярод партый: Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ, спявала з М. дэль Монака), Амнерыс («Аіда» Дж.Вердзі), Марфа («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава). Спявала ў Міланскім т-ры «Ла Скала» і інш. Старшыня цэнтр. праўлення Усерас. муз. т-ва (з 1986). Ленінская прэмія 1978.

Літ.:

Попов И.Е. И. Архипова: Творческий портрет. М., 1981.

т. 1, с. 526

АРХІПА́СТЫР,

агульная назва для свяшчэннаслужыцеляў вышэйшай (трэцяй) ступені хрысціянскай царк. іерархіі: епіскапаў, архіепіскапаў, мітрапалітаў, экзархаў, патрыярхаў. Выкарыстоўваецца нароўні з назвамі «архірэй», «іерарх».

т. 1, с. 526

АРХІ́ПАЎ Абрам Яфімавіч

(другое прозвішча Спірыкаў; 27.8.1862, в. Ягорава Разанскай вобл. — 25.9.1930),

рускі жывапісец. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1916). Нар. мастак Рэспублікі (1927). У 1884—86 вучыўся ў Пецярбургскай АМ. Перасоўнік (з 1891), чл. Саюза рус. мастакоў (з 1904), Асацыяцыі мастакоў Расіі (з 1924). З 1894 выкладаў у навуч. установах Масквы. Аўтар карцін: «Па этапах» (1893), «Прачка» (1890-я г.), партрэтаў (пераважна сялян; «Маладая сялянка ў чырвоным», 1925), пейзажаў «Па рацэ Ацэ» (1890), «Лёд прайшоў» (1895) і інш.

т. 1, с. 526

АРХІПЕЛА́Г

(італьян. arcipelago),

значная група астравоў, якія размешчаны паблізу адзін ад аднаго і звычайна разглядаюцца як адно цэлае. Астравы аднаго архіпелага найчасцей маюць аднолькавае паходжанне (мацерыковае, вулканічнае, каралавае) і падобную геал. будову (гл., напр., Канадскі Арктычны архіпелаг, Гавайскія а-вы, Маршалавы а-вы).

т. 1, с. 526

АРХІПЕЛА́ГСКІЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫІ РУ́СКАГА ФЛО́ТУ,

тры паходы рас. Балт. флоту ў Міжземнае мора і яго баявыя дзеянні ў раёне Грэчаскага архіпелага ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. 1-я экспедыцыя (1769—74) праведзена ў час рус.-тур. вайны 1768—74 для нанясення ўдару па прыморскіх пунктах і адцягнення часткі тур. сіл з дунайскага і крымскага напрамкаў. 2 рас. эскадры на чале з адм. Р.А.Спірыдавым і контр-адм. Эльфінстонам прыбылі ў Эгейскае м., у баях у Хіяскім праліве (24.6.1770) і Чэсменскай бухце (26.6.1770) разграмілі тур. флот адм. Хасан-бея і блакіравалі праліў Дарданелы (да 1773). 2-я экспедыцыя (1806—07) адбылася ў час рус.-тур. вайны 1806—12. Рас. эскадра і грэч. флатылія пад агульным камандаваннем віцэ-адм. Дз.М.Сянявіна блакіравалі Дарданелы і ў бітвах каля іх, в-ва Лемнас і Афонскага п-ва (1807) разграмілі тур. флот. У ходзе 3-й экспедыцыі (1827) аб’яднаныя брыт., рас. і франц. эскадры пад агульным камандаваннем брытанскага віцэ-адм. Кодрынгтана перамаглі тур.-егіп. флот у Наварынскай бухце (8.10.1827). Экспедыцыі паскорылі заканчэнне рус.-тур. войнаў, садзейнічалі нац.-вызв. барацьбе грэч. народа супраць тур. панавання.

т. 1, с. 526