Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРХЕАПТЭ́РЫКС,

археорніс, першаптушка (Archaeopteryx), самы стараж. вымерлы род птушак падкл. яшчарахвостых птушак. 1 від — A. lithographica. Назва дадзена па адбітку пяра, знойдзеным у 1860 у верхняюрскіх (цітонскіх) літаграфічных сланцах Золенгофена (Баварыя, Германія). У 1861 там знайшлі і першы няпоўны яго шкілет з адбіткамі пер’я. Вядома 5 шкілетаў; 1экз. (берлінскі) апісаны пад назвай археорніс, але ён ідэнтычны з археаптэрыксам.

Памерамі з голуба, меў дзюбу з канічнымі зубамі, 3 свабодныя пальцы на крылах, доўгі хвост з 20 пазванкамі. Мяркуюць, што археаптэрыкс пералятаў з дрэва на дрэва, пры гэтым выкарыстоўваў пальцы крылаў, або бегаў па зямлі і зрэдку пералятаў на невял. адлегласці. Марфалогія археаптэрыкса пацвярджае філагенетычныя сувязі паўзуноў і птушак. Мяркуюць, што археаптэрыкс — прамы продак птушак, які паходзіць ад тэраподных дыназаўраў ці ад псеўдазухій.

т. 1, с. 523

АРХЕАПТЭ́РЫКСАВАЯ ФЛО́РА,

існавала ў познім дэвоне. Змяніла ксілафітавую флору. Вылучана па знаходках у Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі прадстаўнікі археаптэрыксавай флоры выяўлены на ПдУ, у Прыпяцкай упадзіне ў адкладах позняга фамену (азёрска-хаванскія слаі). Складалася з папарацепадобных, дзеразовых і членістасцябловых, у канцы дэвону з’явіліся прымітыўныя голанасенныя (птэрыдаспермы) расліны. Развіваліся сумчатыя грыбы і нематафіты. Складам і разнастайнасцю відаў археаптэрыксавай флоры блізкая да раннекаменнавугальнай.

т. 1, с. 523

АРХЕАЦЫЯ́ТЫ

(Archaeocyatha),

тып вымерлых прымітыўных беспазваночных жывёл. Больш за 1 тыс. відаў. Жылі ва ўсіх морах ранняга кембрыю на глыб. да 100 м.

Даўж. 1—10 см (рэдка 40—150 см), дыям. 1—10 см (рэдка 40—80 см). Вапнавы порысты шкілет меў форму кубка або рога (грэч. kýathos кубак, адсюль назва). Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Вялі прымацаваны спосаб жыцця, зрэдку стваралі першыя стараж. рыфы. Рэшткі археацытаў з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі для кембрыйскіх адкладаў.

т. 1, с. 524

АРХЕБАКТЭ́РЫІ,

мікраарганізмы пракарыётнага тыпу. Адкрыты ў 1970-я г. Ад іншых пракарыётаў адрозніваюцца хім. будовай макрамалекул, напр. нуклеатыднымі паслядоўнасцямі 16S рыбасамальнай РНК, саставам мембранных ліпідаў, клетачных сценак і інш., і здольнасцю ажыццяўляць унікальныя біяхім. працэсы. Поруч з эўкарыётамі і эўбактэрыямі (сапраўдныя бактэрыі) складаюць адзін з кірункаў клетачнай эвалюцыі. Уключаюць бактэрыі, якія існуюць у экстрэмальных умовах: метанаўтваральныя архебактэрыі, экстрэмальныя галафілы (існуюць пры высокіх канцэнтрацыях хларыду натрыю), архебактэрыі без клетачнай сценкі, архебактэрыі, што аднаўляюць сульфаты, і экстрэмальныя тэрмафілы, якія метабалізуюць малекулярную серу. Хемалітатрофныя віды архебактэрый перспектыўныя для выкарыстання ў біягідраметалургіі, а таксама для абяссервання некандыцыйнага каменнага вугалю; метанаўтваральныя архебактэрыі могуць быць карысныя як прадуцэнты вітаміну B12 і метану.

А.М.Капіч.

т. 1, с. 524

АРХЕГО́НІЙ

(ад грэч. archē пачатак + gonē нараджэнне),

жаночы орган палавога размнажэння ў моха- і папарацепадобных, некаторых голанасенных раслін, водарасцяў і грыбоў. Па наяўнасці архегонія яны вылучаюцца ў асобную групу раслін — археганіятаў. У імхоў мае выгляд колбы: у пашыранай брушной частцы знаходзіцца яйцаклетка, над ёй брушная канальцавая клетка, у вузкай — шэраг дробных шыйных канальцавых клетак, якія расплываюцца ў слізь, раскрываюць шыйку архегонія і садзейнічаюць пранікненню да яйцаклеткі сперматазоідаў.

т. 1, с. 524

АРХЕ́Й

(ад грэч. archaios старажытны),

архейская эра і група, самая стараж. эра ў геал. гісторыі Зямлі і адпаведная група парод дакембрыю. Пачалася пасля завяршэння фарміравання Зямлі і доўжылася да 2,5 млрд. гадоў назад (працягласць каля 2 млрд. гадоў). Назву ўвёў амер. геолаг Дж.Дана ў 1872. У археі ўтварылася складана пабудаваная і перапрацаваная магматычнымі і метамарфічнымі працэсамі тоўшча горных парод, сабраная ў складкі і перарваная інтрузіямі. Пароды архея ўваходзяць у склад крышт. фундамента старадаўніх платформаў, выходзяць на паверхню Зямлі на іх шчытах (Балтыйскі шчыт, Украінскі шчыт, Канадскі, Бразільскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах геасінклінальных паясоў. Сярод метамарфічных парод архея пашыраны гнейсы, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, у т. л. жалезістыя, мармуры і слабаметамарфізаваныя зялёнасланцавыя пароды; сярод магматычных — граніты, гранадыярыты, дыярыты, габра, таматыіты і інш. У пародах архея трапляюцца рэшткі аднаклетачных водарасцяў (узрост каля 3 млрд. гадоў). Тыповымі рэгіянальнымі стратыграфічнымі падраздзяленнямі архея для Усходне-Еўрапейскай платформы прыняты саамскі (беламорскі) і лопскі комплексы. На Беларусі вылучаюць шчучынскую і кулажынскую серыі. Пароды архея залягаюць на рознай глыбіні: 80—160 м на Беларускай антэклізе, да 6000 м у Прыпяцкім прагіне. З археем звязаны радовішчы храмітаў і жалеза, медна-нікелевых і медна-калчаданавых рудаў, марганцу, золата, карунду, графіту і інш., на Беларусі — ільменіт-магнетытавыя руды Навасёлкаўскага радовішча.

І.В.Найдзенкаў.

т. 1, с. 524

АРХЕО́РНІС,

вымерлая птушка, тое, што археаптэрыкс.

т. 1, с. 524

АРХЕТЫ́П

(ад грэч. archē пачатак + typos вобраз),

агульначалавечы першавобраз, персанаж, што паслядоўна паўтараецца ў міфах, літаратуры і індывідуальным мысленні; спосаб сувязі вобразаў, што пераходзяць з пакалення ў пакаленне; цэнтр. паняцце аналітычнай псіхалогіі. Ідэю архетыпа ў аб’ектыўна-ідэаліст. форме можна знайсці ў творах Платона, Аўгусціна, схаластаў. Як навук. тэрмін «архетып» уведзены швейц. псіхолагам К.Г.Юнгам і адаптаваны філасофіяй, літаратура- і мастацтвазнаўствам, тэорыяй міфалогіі, фалькларыстыкай і інш. Паводле тэорыі Юнга пра калект. неўсвядомленае, мадэлі чалавечага вопыту пэўным чынам генетычна закадзіраваны і пераходзяць да наступных пакаленняў. Тоесныя архетыпныя матывы і вобразы (сімвал сусветнага дрэва ці міф пра патоп) сустракаюцца ў няроднасных культурах і сферах мастацтва, што тлумачыцца іх універсальным і пастаянным пачаткам у чалавечай прыродзе. Маючы выток у далагічным мысленні, архетып выклікае аналагічныя пачуцці і асацыяцыі і ў аўтара твора, і ў спажыўца незалежна ад разбежкі ў часе. Архетып ляжыць у аснове сімволікі творчасці, розных рытуалаў, сноў і інш.

І.М.Дубянецкая.

т. 1, с. 524

АРХЕ́ АФІ́НСКАЯ,

афінская марская дзяржава, саюз старажытнагрэчаскіх полісаў, гл. Дэлоскі саюз.

т. 1, с. 519

АРХІ...

(ад грэч. archi... старшы, галоўны),

прыстаўка, якая абазначае найвышэйшую ступень чаго-н., напр., архіепіскап, архіпастыр.

т. 1, с. 524