А́РФА
(ням. Harfe),
струнна-шчыпковы музычны інструмент.
Мае выгляд высокага трохвугольніка, бакамі якога з’яўляюцца рэзанансная расшыраная ўнізе скрынка, калонка з рычагамі механізма перастройкі і дугападобная рама ўверсе з калкамі і дыскамі педальнага механізма. Унутры трохвугольніка вертыкальна нацягнуты 44—47 струнаў рознай даўжыні і настройкі (дыяпазон C1—g4). Асн. строй арфы дыятанічны (Ces-dur). З дапамогай 7 педаляў (вынайдзены ў 1801 С.Эрарам) яна механічна перастройваецца ва ўсе танальнасці. Гучанне мяккае, пяшчотнае, камернае. Арфа — стараж. струнны інструмент, вядомы многім народам свету (найб. раннія выявы датуюцца 5-м тыс. да н.э.). З 17 ст. выкарыстоўваецца як аркестравы, з 18 ст. — як ансамблевы і сольны інструмент. На Беларусі рфа і яе выявы сустракаюцца ў літ. помніках і размалёўках каталіцкіх храмаў 16—19 ст. У Бел. акадэміі музыкі існуе клас арфы.
І.Дз.Назіна.
т. 1, с. 515
АРФАГРАФІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
алфавітны даведнік, які падае правільнае напісанне рэестравых слоў і іх формаў у адпаведнасці з існуючымі правапіснымі нормамі. Яго лічаць «слоўнікам слоўнікаў», паколькі ўсе інш. даведнікі арыентуюцца на яго і толькі ў ім поруч з рэестравай лексікай падаецца ў сістэматызаваным выглядзе афіцыйна ўзаконены звод арфаграфічных правілаў. Арфаграфічныя слоўнікі любой мовы падзяляюць на агульныя (напр., «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне», 1987) і аспектныя слоўнікі. Сярод аспектных вылучаюць: спецыяльныя (напр., рус. «Арфаграфічны марскі слоўнік» Р.Э.Парэцкай, 1974); школьныя (бел. «Арфаграфічны слоўнік: Для пачатковых класаў», 5-е выд., 1987; «Арфаграфічны слоўнік: Для сярэдняй школы» М.П.Лобана і М.Р.Судніка, 6-е выд., 1990); вузкааспектныя, якія засяроджваюць увагу на правільным напісанні слоў пэўных разрадаў (бел. «Асобна, разам, праз дэфіс» М.Р.Прыгодзіча, 1994; рус. «Вялікая ці малая?» Д.Э.Разенталя, 3-е выд., 1987, і інш.).
В.К.Шчэрбін.
т. 1, с. 515
АРФАГРА́ФІЯ
(ад грэч. orthos правільны + ...графія),
правапіс, сістэма правілаў, якія вызначаюць аднолькавыя спосабы перадачы маўлення на пісьме. Асн. задачы бел. арфаграфіі — рэгламентацыя графічнага ўзнаўлення гукавога складу слова; злітнага, паўзлітнага (дэфіснага) і раздзельнага напісання; пераносу слоў, а таксама правілы афармлення абрэвіятур, умоўных скарачэнняў. У перадачы гукавога складу слова адрозніваюць 2 асн. прынцыпы: фанетычны (захаванне асаблівасцяў вымаўлення) і марфалагічны (захаванне нязменнымі асобных марфал. частак слова); сустракаюцца таксама правапісныя нормы, замацаваныя традыцыяй. Сучасная бел. арфаграфія рацыянальна спалучае фанет. і марфал. прынцыпы.
Бел. арфаграфія фарміравалася на працягу доўгага часу. Ужо ў ранніх помніках бел. Пісьменства 14—15 ст. адлюстраваны найб. характэрныя асаблівасці бел. фанетыкі. З 19 ст., калі жывая нар. гаворка стала асновай бел. літ. мовы, складваюцца і замацоўваюцца найважнейшыя рысы бел. арфаграфіі (напр., перавага аддаецца фанет. прынцыпу). Станаўленню арфаграфічных нормаў садзейнічала навук. распрацоўка бел. мовы на пач. 20 ст. (працы Я.Ф.Карскага). Першая спроба нармалізаваць арфаграфію зроблена ў «Граматыцы для беларускіх школ» Б.А.Тарашкевіча (1918). Пастановай СНК БССР ад 23.8.1933 «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» праведзена ўдакладненне бел. арфаграфіі, значная роля была адведзена марфалаг. прынцыпу. Пасля шырокай дыскусіі ў 1929—57 СМ БССР зацвердзіў праект Арфаграфічнай камісіі «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу» (11.5.1957). На яго аснове выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959). Аднак і яны не ахопліваюць усіх спрэчных і няясных выпадкаў, таму праца па ўдасканаленні правілаў бел. арфаграфіі працягваецца.
Літ.:
Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 2 выд. Мн., 1984;
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987;
Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.
П.П.Шуба.
т. 1, с. 516
АРФАЭ́ПІЯ
(ад грэч. orthos правільны + epos маўленне),
сукупнасць вымаўленчых нормаў, уласцівых літаратурнай мове, якія забяспечваюць аднастайнасць гукавога афармлення вуснай мовы.
2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае нормы вымаўлення. Непарыўна звязана з фанетычнай сістэмай мовы, бо ўключае і характарыстыку вымаўлення асобных гукаў (арфафанію, напр. дзеканне, цеканне, неаглушэнне «й» і г.д.) і іх вымаўленне ў залежнасці ад пазіцыі ў слове. Такія, напр., выразныя асаблівасці бел. фанетыкі, як недысімілятыўнае аканне («вада», «маладзік», «чалавек»), прыстаўныя галосныя («ільняны», «аўторак», «імгла») і зычныя («вока», «завочнік»), мяккія свісцячыя «з» і «с» перад наступнымі мяккімі («бязлесіца», «з зімы», «песня»), мяккія афрыкаты «дз» і «ц» («Дзвіна», «дзверы», «цвёрды»), губна-губны «в(ў)» («траўка», «жоўты»), падоўжаныя зычныя («збожжа», «галлё», «насенне») замацаваліся як арфаэпічныя нормы. Да арфаграфіі часта адносяць таксама правілы пастаноўкі націску і інтанацыйныя правілы.
Літ.:
Янкоўскі Ф.М. Беларускае літаратурнае вымаўленне. 4 выд. Мн., 1976;
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.
т. 1, с. 516
АРФВЕДСАНІ́Т
(ад прозвішча швед. хіміка Арфведсана),
мінерал, манаклінны шчолачны амфібол NaNa2Fe24+Fe3+Si8O22(OH)2. Натрый можа замяшчацца кальцыем. Утварае прызматычныя крышталі, прамянёва-шаставатыя агрэгаты, зерні. Колер цёмна-зялёны да чорнага. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Пародаўтваральны мінерал. Пашыраны ў масівах нефелінавых сіенітаў і іх пегматытах, некаторых шчолачных гранітах, метасаматытах і карбанатытах.
т. 1, с. 516
АРФЕ́Й,
у грэчаскай міфалогіі фракійскі спявак, сын музы Каліопы. Цудоўнымі спевамі і ігрой на кіфары ён зачароўваў багоў і людзей, утаймоўваў дзікія сілы прыроды. Паводле міфаў, Арфей удзельнічаў у паходзе арганаўтаў, лічыўся заснавальнікам арфічных культаў. Калі раптоўна памерла яго жонка Эўрыдыка, Арфей адправіўся за ёю ў царства мёртвых. Міф пра Арфея — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, фрэскі, карціны П.Рубенса, Я.Тынтарэта), л-ры (Авідзій, Вергілій), музыцы (К.Глюк, Ф.Ліст, І.Стравінскі) і інш.
т. 1, с. 516
АРХАЗА́ЎРЫ
(Archosauria),
самы вялікі падклас выкапнёвых паўзуноў. 5 атр.: тэкадонты (зыходная група архазаўраў), кракадзілы, дыназаўры яшчара- і птушкатазавыя, птэразаўры (лятучыя яшчары). Знойдзены ў адкладах верхняй пярмі на ўсіх кантынентах. Насялялі сушу, прэсныя і марскія воды, паветра.
Даўж. да 35 м, маса да 50 т. Пярэднія канечнасці карацейшыя і слабейшыя за заднія. Чэрап з дзвюма скроневымі ўпадзінамі. У многіх скурны панцыр. Драпежнікі і раслінаедныя. У сучаснай фауне прадстаўлены толькі кракадзіламі. Ад архазаўраў паходзяць птушкі.
т. 1, с. 516
АРХА́ІЗМ
(ад грэч. archaios старадаўні, старажытны),
устарэлая назва сучаснай рэаліі, што абазначаецца новым словам: напр., «раць» — войска, «рамёны» — плечы. Архаічнымі могуць быць і формы слоў. Адрозніваюцца архаізмы: уласна-лексічныя («каморнік» — землямер), лексіка-семантычныя («жывот» — жыццё), лексіка-фанетычныя («кроніка» — хроніка), лексіка-акцэнталагічныя («рапо́рт» — ра́парт), лексікасловаўтваральныя («лгар» — лгун), лексіка-марфалагічныя («паэта» — паэт). Выкарыстоўваюцца ў мове як стылістычны сродак.
І.Л.Бурак.
т. 1, с. 516
АРХА́ІКА
(ад грэч. archaïkos старадаўні, старажытны),
ранні этап у гіст. развіцці якой-небудзь з’явы. У мастацтвазнаўстве тэрмін выкарыстоўваецца гал. чынам для вызначэння ранняга перыяду развіцця архітэктуры і выяўл. мастацтва Старажытнай Грэцыі (7—6 ст. да н.э.), калі выпрацоўваліся найважнейшыя арх.-маст. прыёмы, традыцыйныя для грэч. класікі.
Архітэктура развівалася на аснове стоечна-бэлечнай канструкцыйнай сістэмы, выяўл. мастацтва — вобразаў ант. міфалогіі. Найважнейшымі дасягненнямі мастацтва перыяду архаікі была выпрацоўка прапарцыянальных канонаў і дэкар. формаў арх. ордэра (у т. л. дарычнага і іанічнага), асн. тыпажу манум. скульптуры, чорна- і чырвонафігурнага стыляў вазапісу; з’явіліся і новыя тыпы манум. скульптуры — статуі юнакоў-атлетаў (курас) і дзяўчат (кора). У больш шырокім значэнні архаіка — мастацтва стараж. гіст. эпох, якое вызначаецца прымітывізмам формаў. У мастацтвазнаўстве тэрмін «архаіка» выкарыстоўваецца ў дачыненні да твораў, у якіх ёсць рэтраспектыўныя формы старажытнасці (пераважна антычнасці).
На Беларусі зварот да формаў архаікі найб. выявіўся ў познім класіцызме ў інтэр’еры палацаў (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль) і пры трактоўцы малых арх. формаў у палацава-паркавым мастацтве (сфінксы на варотах Новага замка ў Гродне, фантан Нараўлянскага сядзібна-паркавага ансамбля і мемарыяльнай архітэктуры (капліца-пахавальня сядзібы ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага р-на).
А.М.Кулагін.
т. 1, с. 516
АРХАЛА́КСІС
(ад грэч. archē пачатак + allaxis змена),
адзін са спосабаў эвалюцыі, пры якім змена першапачатковай закладкі органа адбываецца на ранняй стадыі эмбрыягенезу і мяняе ўвесь далейшы ход яго развіцця. Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1910) у сваёй тэорыі філэмбрыягенезу. Пры архалаксісе адбываецца адносна буйная скачкападобная змена будовы органаў і ўзнікаюць новыя органы, якіх не было ў продкаў. Па тыпе архалаксісу, напр., развіваецца закладка валасоў у зародкаў млекакормячых (інакш, чым плакоідная луска ў рыб або рагавая ў паўзуноў).
т. 1, с. 517