АРТАГАНА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
1) мноства {xn} ненулявых вектараў у эўклідавай (гільбертавай) прасторы, для якіх скалярны здабытак (xn, xm) = 0 пры n ≠ m. Калі модуль кожнага вектара роўны 1, то сістэма {xn} наз. артанармоўнай. Поўную артаганальную сістэму наз. артаганальным базісам. Адпаведна вызначаецца і артанармоўны базіс.
2) Сістэма каардынатаў, у якой каардынатныя лініі (або паверхні) перасякаюцца пад прамым вуглом. Звычайна карыстаюцца дэкартавымі, палярнымі, эліптычнымі, сферычнымі, цыліндрычнымі артаганальнай сістэмай каардынатаў.
3) Сістэма мнагаскладаў {Pn(x)}, n = 0, 1, 2, ..., якія на адрэзку [a, b] з вагой g(x) задавальняюць умовам артаганальнасці ∫ba Pn(x)Pm(x)g(x)dx = 0 /n≠m/, пры гэтым ступень кожнага мнагасклада Pn(x) супадае з яго індэксам n. Выкарыстоўваюцца ў задачах матэм. фізікі, тэорыі выяўленняў груп, вылічальнай матэматыкі і інш. 4) Сістэма функцый, n = 1, 2..., якія на адрэзку [a, b] з вагой p(x) задавальняюць умовам артаганальнасці: ∫ba φn(x)φ*m(x)p(x)dz = 0 пры n≠m, дзе * — знак камплекснай спалучанасці. Напр., сістэма трыганаметр. функцый ½, cos nπx, sin nπx (n = 1, 2, ...) — артаганальная сістэма на адрэзку [-1,1] з вагой 1. Выкарыстоўваецца для рашэння задач, напр., спектральнага аналізу ў тэорыі ваганняў, акустыкі, радыёфізікі, оптыкі.
В.А.Ліпніцкі.
т. 1, с. 504
АРТАДАНТЫ́Я
[ад арта... + грэч. odus (odontos) зуб],
раздзел стаматалогіі, які вывучае дыягностыку, лячэнне, прафілактыку анамалій развіцця і дэфармацый зубоў, зубных радоў і сківіц у дзяцей і дарослых. Функцыянальныя расстройствы зубна-сківічнай сістэмы парушаюць дзейнасць і выклікаюць захворванні органаў стрававання і дыхання. Касметычныя недахопы і дэфекты мовы фарміруюць у дзяцей маўклівасць, замкнёнасць, што можа прывесці да адставання ў развіцці псіхікі. Лячэнне пачынаюць з ранняга ўзросту; адвучаюць дзіця ад шкодных звычак (ссанне пальца, языка, цацкі). Пры выражаных анамаліях зубна-сківічнай сістэмы выкарыстоўваюць артадантычныя апараты. Лячэнне ад некалькіх месяцаў да года і больш.
А.С.Арцюшкевіч.
т. 1, с. 505
АРТАДО́КСІЯ
(ад грэч. orthodoxia правільная думка),
цвёрдая паслядоўнасць, прыхільнасць да традыцый, асноў якога-небудзь вучэння, светапогляду, якая цалкам выключае нават нязначныя адхіленні. Артадоксія ў рэлігіі — прававер’е, няўхільнае прытрымліванне традыцыйнага вучэння царквы.
т. 1, с. 505
АРТАЗІ́ДЫ
(Ortheziidae),
чарвяцы, група найб. прымітыўных хобатных насякомых атр. раўнакрылых. Больш за 1,6 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. ад некалькіх мм да 1 см. На целе ў маладых і дарослых спінны шчыт з воска- і смолападобных рэчываў сакрэту скурных залоз. Галава звычайна з добра развітымі вусікамі і вачамі. Ногі адна- або двухчленікавыя з кіпцюром на канцы. Лічынкі («бадзяжкі»), выходзячы з-пад матчынага шчытка або яйцавага мяшка распаўзаюцца ў розных напрамках ці пераносяцца ветрам. Жывуць на раслінах, кормяцца іх сокам. Рэзка выяўлены палавы дымарфізм. Самка бяскрылая, лічынкападобная, самцы крылатыя. Многія з мучністых артазідаў — шкоднікі раслін, асабліва субтрапічных (напр., цытрусавых). Ёсць каштоўныя: артазіды лакавыя даюць ізаляцыйны матэрыял шэлак, кермесы — чырв. фарбу кармін. Некаторыя ахоўваюцца.
т. 1, с. 505
АРТАКЛА́З
(ад арта... + грэч. klasis трэшчына),
мінерал з групы палявых шпатаў, K[AlSi3O8]. Прымесі натрыю, радзей барыю, жалеза, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя (характэрны двайнікі), агрэгаты зярністыя. Бясколерны, белы, шэры, ружовы, чырванаваты і інш. Бляск шкляны. Цв. 5—6,5. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Празрыстыя крышталі артаклазу, найб. чыстыя паводле саставу, наз. адулярам. Паходжанне магматычнае, часткова метамарфічнае; пародаўтваральны мінерал гранітаў, сіенітаў, гнейсаў і інш. На Беларусі пашыраны ў антрапагенных адкладах розных генетычных тыпаў. Выкарыстоўваецца ў шкляной і керамічнай прам-сці.
т. 1, с. 505
АРТАКСЕ́РКС I Даўгарукі, персідскі цар [465—424 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Уступіў на трон пасля забойства ў выніку прыдворнай змовы яго бацькі — Ксеркса I. На пач. царавання задушыў паўстанне егіпцян, якое падтрымлівалі Афіны. У 454 да н.э. персы знішчылі флот афінян у дэльце Ніла. У 449 да н.э. заключыў Каліеў мір, якім завершаны грэка-персідскія войны і зафіксаваны разгром персаў.
т. 1, с. 505
АРТАКСЕ́РКС II Мнемон, персідскі цар [404—358 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. На пач. праўлення вёў барацьбу за трон з малодшым братам Кірам, правіцелем М.Азіі. Нягледзячы на поспехі ў знешняй палітыцы (разграміў спартанскі флот каля Кніда ў 394 да н.э., заключыў Анталкідаў мір 387 да н.э.), праўленне Артаксеркса II — перыяд аслаблення Ахеменідаў дзяржавы.
т. 1, с. 505
АРТАКСЕ́РКС III Ох, персідскі цар [358—338 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў, сын Артаксеркса II. Стаў царом пасля знішчэння старэйшых братоў. Імкнуўся аднавіць цэласнасць і магутнасць Ахеменідаў дзяржавы, жорстка душыў паўстанні ў М.Азіі, Фінікіі, на Кіпры. У 341 да н.э. зноў далучыў да сваёй дзяржавы Егіпет. Забіты сваім прыбліжаным еўнухам Багоем.
т. 1, с. 505
АРТАМО́НАВА (Вароніна) Інга Рыгораўна
(29.8.1936, Масква — 4.1.1966),
расійская спартсменка (канькабежны спорт). Засл. майстар спорту СССР (1962). Чатырохразовая чэмпіёнка свету (1957—58, 1962, 1965), сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1963, 1964), неаднаразовая рэкардсменка свету, чэмпіёнка СССР у мнагаборстве (1956, 1958, 1962—64), шматразовая чэмпіёнка СССР (1956—59, 1961—65) на розных дыстанцыях.
т. 1, с. 505