Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЛАЎЁЎ (Анатоль Якаўлевіч) (н. 16.1,1948, Рыга, Латвія),

расійскі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1988). Лётчык-касманаўт СССР (1988), палкоўнік. Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1973), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1977). У 1976—2000 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. Здзейсніў (як камандзір) 5 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 7—17.6.1988 на КК «Саюз ТМ-5» (старт), «Саюз ТМ-4» (пасадка) і арбітальнай станцыі (АС) «Мір»; 11.2—9.8.1990 на КК «Саюз ТМ-9» і АС «Мір»; 27.8.1992—1.2.1993 на КК «Саюз ТМ-15» і АС «Мір»; 27.6—11.9.1995 на КК «Атлантыс», АС «Мір» і КК «Саюз ТМ-21» (пасадка); 5.8.1997—19.2.1998 на КК «Саюз ТМ-26» і АС «Мір». У космасе правёў 651 сут (3-і вынік у свеце, 2001). Здзейсніў 16 выхадаў у адкрыты космас агульнай працягласцю 77,8 гадз (1-ы вынік у свеце, 2001).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 103

САЛАЎЁЎ (Зіновій Пятровіч) (22.11.1876, г. Гродна — 6.11.1928),

адзін з арганізатараў аховы здароўя ў СССР. Скончыў Казанскі ун-т (1904). У 1918—20 нам. нар. камісара аховы здароўя РСФСР. З 1920 нач. Гал. ваен.-сан. ўпраўлення Чырв. Арміі, старшыня Рас. т-ва Чырв. Крыжа і Чырв. Паўмесяца, з 1923 адначасова праф. кафедры 2-га Маскоўскага ун-та. Навук. працы па пытаннях тэарэт. асноў аховы здароўя, вышэйшай мед. адукацыі, гісторыі медыцыны, ваен.-сан. справы. Па ініцыятыве і з удзелам С. ў 1925 створаны піянерскі лагер Артэк.

т. 14, с. 103

САЛАЎЁЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (н. 30.3.1933, С.-Пецярбург),

бел. фізік Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р фіз.-матэм. н. (1970), праф. (1976). Скончыў БДУ (1956). З 1959 у Ін-це фізікі АН Беларусі (з 1972 заг. лабараторыі), з 1992 заг. лабараторыі Ін-та малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі і люмінесцэнцыі, даследаванні электронна-вагальных спектраў і электроннай структуры малекул тыпу хларафілу, а таксама працэсаў пераўтварэння энергіі светлавога ўзбуджэння ў іх. Прапанаваў дэталёвую інтэрпрэтацыю электронна-вагальных спектраў парфіну і яго аналагаў. Даследаваў нізкатэмпературныя рэакцыі фотатаўтамерызацыі, што дало пачатак новаму кірунку ў малекулярнай спектраскапіі высокага раздзялення — фотавыпальванне стабільных спектральных правалаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1980. Дзярж. прэмія СССР 1986.

Тв.:

Спектроскопия хлорофилла и родственных соединений. Мн., 1968 (разам з Г.​П.​Гурыновічам, А.​Н.​Сеўчанкам);

Спектроскопия порфиринов: Колебательные состояния. Мн., 1985 (у сааўт);

Колебательная и электронно-колебательная спектроскопия тетрапиррольных пигментов // Фотобиология растений и фотосинтез. Мн., 1996.

Літ.:

К.​Н.​Соловьев // Журн. прикладной спектроскопии. 1993. Т. 58, № 5/6.

К.М.Салаўёў.

т. 14, с. 103

САЛАЎЁЎ (Мікалай Якаўлевіч) (1845, г. Разань, Расія —9.12.1898),

рускі драматург. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1865—69). Першая п’еса — «Куды падзецца» (1866). У гісторыю рус. т-ра ўвайшоў як аўтар п’ес, напісаных разам з А.​Астроўскім: «Шчаслівы дзень» (1877), «Жаніцьба Бялугіна» (1878), «Дзікунка» (1880), «Свеціць, ды не грэе» (1881). Самастойна стварыў п’есы «На парозе да справы» (1879), «Мядовы месяц» (1881), «Ліквідацыя» (1883), «Выпадак выратаваў!» (1884) і інш. С. — майстар моўных характарыстык персанажаў, пабудовы канфлікту.

Тв.:

У кн.: Островский А.Н. Полн. собр. соч М., 1977. Т. 8.

Літ.:

Русская драма эпохи А.​Н.​Островского. М., 1984.

т. 14, с. 103

САЛАЎЁЎ (Сяргей Аляксандравіч) (н. 25.8.1944),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Нар. арт. Расіі (1996). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1969). Як рэжысёр дэбютаваў у 1970 навеламі паводле апавяданняў А.​Чэхава «Ад нечага рабіць» і «Прапанова» (у фільме «Сямейнае шчасце»). Для яго творчасці характэрны высокая культура пластычных рашэнняў, тонкасць і дакладнасць перадачы атмасферы, пераасэнсаванне рэчаіснасці, нечаканыя экстравагантныя прыёмы: «Станцыйны наглядчык» (паводле А.​Пушкіна, 1972), «Ягор Булычоў і іншыя» (паводле М.​Горкага, 1973), «Сто дзён пасля дзяцінства» (1975, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне; Дзярж. прэмія СССР 1977), «Мелодыі белай ночы» (1977, з Японіяй), «Спадчынніца па прамой» (1982), «Выбраныя» (1983, з Калумбіяй) «Аса» (1988), «Чорная ружа — эмблема смутку, чырвоная ружа — эмблема любові» (1990), «Дом пад зорным небам» (1992), «Пяшчотны ўзрост» (2000) і інш.

т. 14, с. 104

САЛАЎЁЎ (Сяргей Міхайлавіч) (17.5.1820, Масква — 16.10.1879),

расійскі гісторык. Бацька У.​С.​Салаўёва. Чл. Пецярбургскай АН (1872). Д-р рускай гісторыі, праф. (1847). Скончыў Маскоўскі ун-т (1842), з 1847 выкладаў у ім, у 1871—77 рэктар. У апошнія гады жыцця старшыня Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх, дырэктар Аружэйнай палаты ў Крамлі. У гіст. і грамадска-паліт. поглядах эвалюцыяніраваў ад славянафільства да памяркоўна-ліберальнага заходніцтва. У гал. працы «Гісторыя Расіі з найстаражытнейшых часоў» (т. 1—29, 1851—79) проціпаставіў сваю гіст. канцэпцыю поглядам М.​М.​Карамзіна. Гіст. развіццё зводзіў да змен дзярж. форм, грамадска-паліт. жыццю адводзіў другарадную ролю. Адзначаў агульнасць рыс у развіцці Зах. Еўропы і Расіі, аднак своеасаблівасць апошняй бачыў у геапаліт. становішчы краіны, псіхалогіі народаў у яго ўзаемаадносінах з суседзямі. Гісторыю Беларусі разглядаў у кантэксце развіцця рас. дзяржаўнасці. Унутр. супярэчнасці ў Беларусі ў перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай трактаваў найперш як рэліг. барацьбу насельніцтва супраць націску каталіцызму, станоўча ацэньваў ролю правасл. царквы ў гэтай барацьбе. У працы «Гісторыя падзення Польшчы» (1863) адлюстраваў гісторыю Беларусі канца 18 — пач. 19 ст. Факталагічны бок прац С. да нашага часу не страціў сваёй актуальнасці для вывучэння гісторыі Беларусі.

Тв.:

Соч. Кн. 1—20. М., 1988—96.

Літ.:

Иллерицкий В.Е. С.​М.​Соловьев. М., 1980;

Цимбаев Н.И. Сергей Соловьев. М., 1990.

В.​М.​Чарапіца.

т. 14, с. 104

САЛАЎЁЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 11.11.1946, Масква),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1984, 1986). Лётчык-касманаўт СССР (1984). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя М.​Э.​Баўмана (1970). З 1978 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 8.2—2.10.1984 з Л.​Дз.​Кізімам і А.​Ю.​Ацьковым здзейсніў (як бортінжынер) палёт на касм. караблі (КК) «Саюз Т-10» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-7» (пасадка на КК «Саюз Т-11»); 13.3—16.7.1986 з Кізімам — на КК «Саюз Т-15» і АС «Салют-7» і «Мір». У космасе правёў 361,95 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 32 гадз. Кіраўнік палётаў АС «Мір», Міжнар. касм. станцыі (ад Расіі).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 104

САЛАЎЁЎ (Юрый Уладзіміравіч) (10.8.1940, С.-Пецярбург — 12.1.1977),

расійскі артыст балета. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1958). З 1958 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Класічны танцоўшчык лірыка-драм. плана, майстар дуэтнага танца, валодаў фенаменальным скачком. Першы выканаўца партый: Юнак (паводле «Ленінградскай сімфоніі» Дз.​Шастаковіча), Бог («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Чалавек («Далёкая планета» Б.​Майзеля), Ясны Сокал («Краіна цудаў» І.​Шварца), Ікар («Ікар» С.​Сланімскага) і інш. Сярод інш. партый: Зігфрыд, Дэзірэ, Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова), Салор («Баядэрка» Л.​Мінкуса) і інш. Зняўся ў кінафільме-балеце «Спячая прыгажуня» (1964), тэлефільмах-канцэртах, у т. л. ў «Сімфоніі фантанаў» (1966), «Канстанцін Сяргееў. Старонкі харэаграфіі» (1976). Прэмія «Залатая зорка» на Міжнар. фестывалі танца (Парыж, 1965).

С.​В.​Гуткоўская.

Ю.Салаўёў у ролі Блакітнай птушкі.

т. 14, с. 104

САЛАЎЁЎ-СЯДО́Й (сапр. Салаўёў) Васіль Паўлавіч

(25.4.1907, С.-Пецярбург — 2.12.1979),

расійскі кампазітар, муз.-грамадскі дзеяч; адзін з буйнейшых майстроў сав. песні. Нар. арт. СССР (1967). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1936). У 1948—64 старшыня праўлення Ленінградскага аддзялення Саюза кампазітараў Расіі. У 1957—74 сакратар Саюза кампазітараў СССР, з 1960 — Саюза кампазітараў Расіі. Яго муз. стыль вылучаюць рус. нац. склад, апора на традыцыі нар. і быт. музыкі, глыбокі лірызм, прастата выказвання. Сярод твораў: балет «Тарас Бульба» (1940); аперэты «Самае запаветнае» (1951), «Алімпійскія зоркі* (1962) і інш.; музыка да спектакляў драм. т-ра і кінафільмаў, песні, у т. л. «Вечар на рэйдзе» (1941), «На сонечнай паляначцы» (1943), «Салаўі» (1944), «Дзе ж вы цяпер, сябры-аднапалчане» (1947), «Падмаскоўныя вечары» (1956), «Балада пра салдата» (1961) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1947. Ленінская прэмія 1959.

Літ.:

Кремлев Ю. В.​П.​Соловьев-Седой: Очерк жизни и творчества. Л., 1960;

Хентова С.М. Соловьев-Седой в Петрограде-Ленинграде. Л., 1984.

Л.​А.​Шымановіч.

В.П.Салаўёў-Сядой.

т. 14, с. 105

САЛАЎІ́ (Luscinia),

род птушак сям. драздовых атр. вераб’інападобных. 2 віды: С. звычайны, або ўсходні (L. Iuscinia), пашыраны на У Еўропы і ў Зах. Азіі, і С. паўднёвы, або заходні (L. megarhynchos), пашыраны ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы і Паўд.-Зах. Азіі. Пералётныя. Жывуць на ўзлесках, у парках, садах. Гнёзды пераважна на зямлі. Песня багатая разнастайнымі гукамі (да 40 каленаў). Здольныя да пераймання і імітацыі галасоў жывёл. Спяваюць амаль усю ноч, першыя 2 тыдні — і днём. Часам у род С. уключаюць да 10 відаў, у т. л. варакушку, заранак, С.-свістуна, С. тугайнага, сіняга С., чырванашыек. На Беларусі — С. звычайны.

Даўж. С. звычайнага да 19 см, маса да 30 г. Апярэнне рыжавата-аліўкава-шэрае. Кормяцца С. насякомымі, павукамі, чарвямі, зрэдку ягадамі і насеннем. Адкладваюць 4—6 яец.

Салаўі: 1 — звычайны; 2 — заходні.

т. 14, с. 105