САЛАЎЁЎ (Сяргей Міхайлавіч) (17.5.1820, Масква — 16.10.1879),

расійскі гісторык. Бацька У.​С.​Салаўёва. Чл. Пецярбургскай АН (1872). Д-р рускай гісторыі, праф. (1847). Скончыў Маскоўскі ун-т (1842), з 1847 выкладаў у ім, у 1871—77 рэктар. У апошнія гады жыцця старшыня Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцей расійскіх, дырэктар Аружэйнай палаты ў Крамлі. У гіст. і грамадска-паліт. поглядах эвалюцыяніраваў ад славянафільства да памяркоўна-ліберальнага заходніцтва. У гал. працы «Гісторыя Расіі з найстаражытнейшых часоў» (т. 1—29, 1851—79) проціпаставіў сваю гіст. канцэпцыю поглядам М.​М.​Карамзіна. Гіст. развіццё зводзіў да змен дзярж. форм, грамадска-паліт. жыццю адводзіў другарадную ролю. Адзначаў агульнасць рыс у развіцці Зах. Еўропы і Расіі, аднак своеасаблівасць апошняй бачыў у геапаліт. становішчы краіны, псіхалогіі народаў у яго ўзаемаадносінах з суседзямі. Гісторыю Беларусі разглядаў у кантэксце развіцця рас. дзяржаўнасці. Унутр. супярэчнасці ў Беларусі ў перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай трактаваў найперш як рэліг. барацьбу насельніцтва супраць націску каталіцызму, станоўча ацэньваў ролю правасл. царквы ў гэтай барацьбе. У працы «Гісторыя падзення Польшчы» (1863) адлюстраваў гісторыю Беларусі канца 18 — пач. 19 ст. Факталагічны бок прац С. да нашага часу не страціў сваёй актуальнасці для вывучэння гісторыі Беларусі.

Тв.:

Соч. Кн. 1—20. М., 1988—96.

Літ.:

Иллерицкий В.Е. С.​М.​Соловьев. М., 1980;

Цимбаев Н.И. Сергей Соловьев. М., 1990.

В.​М.​Чарапіца.

т. 14, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)