Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАНЦЭНТРА́Т [новалац. concentratus засяроджаны, сканцэнтраваны ад лац. con (cum) разам + centrum цэнтр],

1) спецыяльна апрацаваны сухі прадукт, зручны для захоўвання і хуткага прыгатавання ежы.

2) Корм высокай пажыўнасці для жывёлы (напр., зерне, макуха, вотруб’е). Гл. таксама Канцэнтраваныя кармы.

3) Прадукт абагачэння карыснага выкапня, у якім канцэнтрацыя каштоўнага мінералу вышэйшая, чым у зыходнай сыравіне.

т. 8, с. 13

КАНЦЭНТРА́ТАР,

1) у акустыцы — прыстасаванне для павелічэння інтэнсіўнасці гуку. Бываюць факусавальныя (сферычнай, цыліндрычнай ці інш. формы) і хваляводныя (напр., у выглядзе труб пераменнага сячэння з цвёрдымі сценкамі). Выкарыстоўваюцца ў хірургічных інструментах, ультрагукавых станках, для ультрагукавой зваркі і інш. 2)У тэлеграфіі — аўтаматычная (ці паўаўтаматычная) прылада, з дапамогай якой паведамленні ад многіх малазагружаных ліній сувязі канцэнтруюць на адным (або больш) тэлегр. апараце. Дае магчымасць без змяншэння колькасці ліній сувязі рабіць тэлегр. станцыі больш кампактнымі.

3) У тэлефаніі — прылада з клавішнай камутацыяй для непасрэднай сувязі з некалькімі абанентамі мясц. сувязі або абанентамі гар. тэлеф. сетак. Дае магчымасць адначасова размаўляць з некалькімі мясц. абанентамі, далучаць іх да тэлеф. станцыі і інш. Выкарыстоўваецца для аператыўнай сувязі.

т. 8, с. 13

КАНЦЭНТРАЦЫ́ЙНЫ ЛА́ГЕР,

лагер для прымусовай ізаляцыі (часам і знішчэння) рэальных ці магчымых паліт. праціўнікаў, ваеннапалонных і інш. У адрозненне ад турмаў, звычайных лагераў для ваеннапалонных і бежанцаў К.л. ствараюцца паводле асобых дэкрэтаў урада або загадаў ваен. камандавання ў час вайны, міжэтнічных канфліктаў і абвастрэння ўнутрыпаліт. барацьбы. К.л. з найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных, накіраваным не толькі на ізаляцыю, але -і на іх знішчэнне, атрымалі ў л-ры назву лагераў смерці (найб. пашыраны ў 2-ю сусв. вайну). Першыя К.л. створаны іспанцамі ў 1895 у час нац.-вызв. паўстання на Кубе і англічанамі ў ходзе англа-бурскай вайны 1899—1902. У 1934—39 у Польшчы на тэр. Зах. Беларусі існаваў Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. У СССР К.л. былі пашыраны ў перыяд масавых рэпрэсій 1930—50-х г. (гл. ГУЛАГ). У час нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры ў Германіі (1933—45) К.л. выкарыстоўваліся для масавага тэрору і генацыду з боку нацысцкай дзяржавы і былі пашыраны ў краінах, акупіраваных ням.-фаш. войскамі ў 2-ю сусв. вайну, у т. л. ў Беларусі, іх ахвярамі сталі больш за 11 млн. грамадзян СССР, Польшчы, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Югаславіі, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Германіі і інш. Найб. вядомыя ням.-фаш. К.л. — Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Заксенгаўзен, Маўтгаўзен і інш. У пасляваен. перыяд найб. вядомы К.л., створаныя пасля ваен. перавароту ў Чылі ў вер. 1973 для праціўнікаў дыктатуры ген. А.​Піначэта. Практыка стварэння К.л. асуджана сусв. грамадскасцю як цяжкае злачынства супраць чалавецтва.

т. 8, с. 13

КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ,

аб’яднанне, засяроджванне, назапашванне, збіранне каго-н. ці чаго-н. у пэўным месцы. Напр., канцэнтрацыя вытворчасці, канцэнтрацыя капіталу.

т. 8, с. 13

КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ ў хіміі,

велічыня, якая паказвае адносную колькасць дадзенага кампанента у фізіка-хім. сістэме (сумесі, растворы, сплаве). Колькасна роўная адносінам ліку часціц кампанента, колькасці рэчыва (малярная К.) або яго масы (масавая К.) да аб’ёму сістэмы: адзінкі К.: м−3, моль/м³ ці кг/м³ адпаведна.

Малярная К. раствораў (прынятае абазначэнне с) вызначаецца колькасцю растворанага рэчыва (гл. Моль) у 1 л раствору; вымяраецца ў моль/л ці М (1 моль/л=10​3 моль/м³). Напр., раствор сернай к-ты з с (H2SO4) - 0,5 моль/л, ці 0,5 М H2SO4, мае 49 г к-ты ў 1 л, таму што малярная маса H2SO4 (маса 1 моль) роўная 98 г/моль. Масавая К. раствору. цітр — колькасць грамаў растворанага рэчыва ў 1 см³ раствору (карысталіся да ўвядзення СІ). Аб’ёмная, масавая ці малярная долі кампанента — адпаведна адносіны аб’ёму, масы ці колькасці рэчыва да агульнага аб’ёму, агульнай масы ці колькасці рэчыва сістэмы, вымяраецца ў працэнтах і К. не з’яўляецца.

А.​П.​Чарнякова.

т. 8, с. 13

КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

сканцэнтраванне вытв-сці падобных відаў прадукцыі на буйных прадпрыемствах, у межах невял. рэгіёна. Адрозніваюць тэхналагічную форму К.в. — павелічэнне адзінкавай магутнасці асн. тэхнал. абсталявання; заводскую — узбуйненне прадпрыемства за кошт павелічэння колькасці адзінак абсталявання; арганізацыйна-гаспадарчуюадм. і гасп. аб’яднанне некалькіх дробных прадпрыемстваў у адно вытворчае аб’яднанне. У залежнасці ад узроўню канцэнтрацыі прадпрыемствы падзяляюцца на дробныя, сярэднія і буйныя. У буйных прадпрыемствах зніжаюцца капітальныя ўкладанні на адзінку вытв. магутнасці; расце прадукцыйнасць працы, зніжаецца сабекошт адзінкі прадукцыі за кошт памяншэння ўмоўна-пастаянных выдаткаў, паўней вырашаюцца пытанні сац. развіцця калектыву. У той жа час буд-ва буйных прадпрыемстваў патрабуе вял. аднаразовых інвестыцый і тэрмінаў іх будаўніцтва, што прыводзіць да «замарожвання» аддачы інвестыцый. З ростам К.в. павялічваюцца трансп. расходы, узнікае абмежаванасць сыравінных рэсурсаў у гэтым раёне, памяншаецца патрэбнасць у дадзенай прадукцыі, што зніжае эфект К.в. Тэндэнцыяй развіцця К.в. ва ўмовах рыначнай эканомікі з’яўляецца павелічэнне долі малых прадпрыемстваў, якія садзейнічаюць стабілізацыі спажывецкага рынку, пераадоленню манапалізму, стварэнню канкурэнцыі, дадатковых рабочых месцаў, вырашэнню экалагічных праблем.

М.​Ю.​Пасюк.

т. 8, с. 13

КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ КАПІТА́ЛУ,

сканцэнтраванне і нарошчванне капіталу шляхам злучэння розных яго ўладальнікаў, уласнікаў, а таксама за кошт ператварэння ў капітал прыбыткаў, капіталізацыі даходаў. Дзякуючы К.к. ўдаецца рэалізаваць буйныя, перспектыўныя праекты з устойлівым прыбыткам. Асабліва моцны штуршок К.к. дало ў свой час развіццё такіх відаў вытв-сці, якія патрабуюць велізарных адначасовых затрат, матэрыяльных рэсурсаў і рабочай сілы (напр., буд-ва чыгункі). К.к. суправаджаецца павелічэннем памераў прадпрыемстваў і вядзе да стварэння манаполій і буйных капіталаў. Ва ўмовах сучаснай навукова-тэхн. рэвалюцыі выкарыстанне навукі ў вытв-сці і прыкладных даследаванняў вядзе да далейшага росту К.к. Найб. высокі ўзровень К.к. характэрны для такіх галін прамысловасці, як электронная, атамная, аўтамабільная, авіяцыйная, аэракасмічная і інш.

т. 8, с. 13

КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ НАПРУ́ЖАННЯЎ,

рэзкае павелічэнне напружанняў механічных у месцах змен формы цела (каля краёў адтулін, выступаў, драпін, зварных швоў, у вуглах і інш.). Зоны К.н. з’яўляюцца месцамі пачатку пластычнай дэфармацыі або разбурэння.

К.н. ацэньваюць каэф. К.н. — адносінамі мясц. найбольшых каля месца канцэнтрацыі напружанняў да намінальных. Унутраныя К.н. ўзнікаюць пры неаднароднай структуры матэрыялу, пры наяўнасці ў ім пор і шчылін. Найб. небяспечныя К.н. пры знакапераменных і ўдарных нагрузках, нізкіх т-рах. Змяншаюць або ліквідуюць К.н. разгружальнымі надрэзамі, умацаваннем краёў адтулін, выразаў і інш. слабых месцаў наклёпам (накаткай, тэрмахім. апрацоўкай і інш.). Вывучаецца К.н. пругкасці тэорыяй.

І.​І.​Леановіч.

т. 8, с. 14

КАНЦЭНТРЫ́ЧНЫ ПУЧО́К,

сасудзіста-валакністы цяж праводзячай тканкі раслін, у якім драўніна (ксілема) знаходзіцца ў цэнтры пучка, а луб (флаэма) — звонку ці наадварот. З’яўляецца закрытым пучком, бо адсутнічае камбій. Характэрны для вегетатыўных органаў папарацепадобных і аднадольных раслін. Гл. таксама Калатэральны пучок.

т. 8, с. 14

КАНЦЭПТУАЛІ́ЗМ (ад лац. conceptus думка, паняцце),

1) кірунак зах.-еўрап. сярэдневяковай схаластычнай філасофіі пра сутнасць агульных паняццяў (універсалій). К. займае прамежкавае становішча паміж сярэдневяковым рэалізмам і наміналізмам у рашэнні праблемы рэалій. Паводле К., агульнае на ўзроўні аб’ектыўных рэчаў не існуе; няма такога быцця. Агульнае — гэта канцэпты, г. зн. ідэальныя (іматэрыяльныя) паняцці. Яны першапачаткова ўласцівы чалавечаму розуму і толькі ў ім існуюць. Яны апрыёрныя (дадоследныя) і з’яўляюцца формай пазнання, з дапамогай якой раскрываецца падабенства рэчаў. Найб. вядомыя прадстаўнікі К.​П.​Абеляр, У.​Окам, Т.​Гобс. У новы час ідэі К. пра прыроду паняццяў адстойвалі Дж.​Лок, Э.​Кандыльяк, К.​Гельвецый. Паступова К. стаў адным з прынцыпаў тэорыі пазнання, паводле якога агульнае разглядаецца толькі як вынік абстракцыі.

2) У мастацтве гл. ў арт. Канцэптуальнае мастацтва.

В.​М.​Пешкаў.

т. 8, с. 14