АРСЕ́НЬЕЎ Канстанцін Іванавіч
(23.10.1789, в. Міроханава Кастрамской губ. — 11.12.1865),
рускі географ, статыстык. Акад. Пецярбургскай АН (1836). Праф. Пецярбургскага ун-та (1819—21). У 1828—35 выкладаў гісторыю і статыстыку будучаму рас. імператару Аляксандру II. Адзін з заснавальнікаў Рус. геагр. т-ва. Навук. працы па статыстыцы, эканам. раянаванні Расіі і геаграфіі.
Тв.:
Начертание статистики Российского государства. Ч. І. О состоянии народа Спб., 1818. Ч. 2. О состоянии правительства. Спб., 1819;
Краткая всеобщая география. Спб., 1818;
Сгатистические очерки России. Спб., 1848.
т. 1, с. 504
АРСЕ́НЬЕЎ Уладзімір Клаўдзіевіч
(10.9.1872, С.-Пецярбург — 4.9.1930),
пісьменнік, даследчык Д. Усходу, этнограф. У 1902—03 і 1906—12 як афіцэр-тапограф ажыццявіў шэраг экспедыцый па Пд Прымор’я і Сіхатэ-Аліні. Падарожнічаў па Камчатцы (1913), правабярэжжы Амура (1926), па маршруце Сав. Гавань — Хабараўск (1927). Працаваў у ВНУ Д. Усходу. Апісаў прыроду і побыт жыхароў даследаваных ім мясцін.
Тв.:
Бел. пер. — У нетрах Усурыйскага краю. Мн., 1929;
Дэрсу Узала. Мн., 1935;
Па Усурыйскаму краю: (Падарожжа ў горную вобласць Сіхатэ-Алінь у 1902—1906 гг.). Мн., 1952.
т. 1, с. 504
АРСЛАНКУ́ЛАЎ Ташпулат
(1882—10.5.1962),
узбекскі майстар разьбы па ганчы. Нар. мастак Узбекістана (1944). Удзельнічаў у афармленні будынкаў у Ташкенце (адзін з афарміцеляў інтэр’ераў Вял. т-ра оперы і балета імя А.Наваі, 1947—48; Дзярж. прэмія СССР, 1948).
т. 1, с. 504
АРСУКІ́СДЗЕ
(Арсакісдзе),
грузінскі дойлід 10 — пач. 11 ст. Будаўнік аднаго з самых вялікіх груз. сярэдневяковых храмаў — Светы-Цхавелі ў Мцхета (1010—29).
т. 1, с. 504
АРС НО́ВА
(лац. ars nova літар. новае мастацтва),
прагрэсіўны кірунак у французскай і італьянскай музыцы 14 ст.; процілеглы тэрміну арс антыква (лац. ars antiqua старое мастацтва), які мае на ўвазе муз. мастацтва да пач. 14 ст. Тэрмін узнік каля 1320 у выніку дыскусіі паміж прадстаўнікамі новага мастацтва (Іаан дэ Мурыс, Філіп дэ Вітры) і старога (Якаб Льежскі) і адлюстраваў пералом, што адбыўся ў франц. музыцы таго часу. У сучасным музыказнаўстве тэрмін «арс нова» часта выкарыстоўваюць у значэнні шырокай гісторыка-стылявой катэгорыі, якая характарызуе зах.-еўрап. музыку 14 ст. як новы этап у развіцці муз. мастацтва на шляху ад сярэднявечча да Адраджэння. Гал. рысы: адмаўленне ад выкарыстання выключна жанраў царк. музыкі і зварот да свецкіх вак.-інстр. камерных жанраў (ронда, балада, вірэле ў Францыі, балаты, мадрыгалы, качы ў Італіі), збліжэнне з бытавой песеннасцю, выкарыстанне розных муз. інструментаў.
т. 1, с. 503
АРТА...
(ад грэч. orthos прамы, правільны),
першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае паняццям «прамы», «правільны», напр., артаклаз, артадантыя.
т. 1, с. 504
АРТАБАЛЕ́ЎСКІ Іван Іванавіч
(9.10.1905, Масква — 21.9.1977),
савецкі вучоны ў галіне тэорыі машын і механізмаў. Акад. АН СССР (1946). Герой Сац. Працы (1969). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1945). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.А.Ціміразева (1926). З 1927 выкладаў у ВНУ Масквы, у 1932—49 праф. Маскоўскага ун-та, з 1937 у Ін-це машыназнаўства АН СССР. Распрацаваў класіфікацыю прасторавых механізмаў і вызначыў метады іх кінематычнага аналізу. Вывучаў праблемы тэарэт. і эксперым. метадаў даследавання дынамікі рабочых машын, стварыў новыя метады выпрабавання машын-аўтаматаў. Прэмія імя П.П.Чабышова АН СССР (1946), сярэбраны медаль Чэхаславацкай АН (1966), міжнар. залаты медаль імя Дж.Уата Ін-та інжынераў-механікаў (Англія, 1967).
Літ.:
И.И.Артоболевский: [Биобиблиогр.]. 2 изд. М., 1975.
т. 1, с. 504
АРТАВА́ЗД II
(? — 31 да н.э.),
цар Арменіі Вялікай у 56—34 да н.э., сын Тыграна II. Пашырыў тэр. краіны, далучыў да яе Сафену і Арменію Малую. Вёў барацьбу з Рымам за незалежнасць. Аднак пазней быў вымушаны зноў падпарадкавацца Рыму. У 37 да н.э. адмовіўся ўдзельнічаць у паходзе рымлян супраць Парфіі. Захоплены рымлянамі і пакараны смерцю. Вядомы як драматург і гісторык.
т. 1, с. 504
АРТАГАНА́ЛЬНАЕ ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,
лінейнае пераўтварэнне эўклідавай прасторы, якое захоўвае нязменным скалярны здабытак адвольных вектараў гэтай прасторы; (Ах, Ау) = (х, у). Захоўвае даўжыні вектараў і вуглы паміж імі, пераводзіць артанармоўны базіс у артанармоўны (гл. Артаганальная сістэма), у якім артаганальнаму пераўтварэнню адпавядае артаганальная матрыца з дэтэрмінантам роўным +1 (уласнае артаганальнае пераўтварэнне) або -1 (няўласнае артаганальнае пераўтварэнне). Напр., паварот вакол восі ў трохмернай эўклідавай прасторы — уласнае артаганальнае пераўтварэнне, здабытак павароту вакол восі і адбіцця ў перпендыкулярнай плоскасці — няўласнае.
В.А.Ліпніцкі.
т. 1, с. 504
АРТАГАНА́ЛЬНАСЦЬ
(ад арта... + грэч. gonia вугал),
абагульненне паняцця перпендыкулярнасці на розныя аб’екты матэматыкі. Так, перпендыкулярнасць дзвюх прамых абагульняецца на артаганальнасці ліній (вугал паміж крывымі роўны вуглу паміж датычнымі ў пункце перасячэння), артаганальнасць траекторый (перасячэнне імі пад прамым вуглом зададзенай сям’і ліній, напр., сям’я радыяльных прамых перасякае пад прамым вуглом акружнасць) і артаганальнасць вектараў (роўнасць нулю іх скалярнага здабытку) — на любую вектарную прастору, дзе вызначана паняцце скалярнага здабытку са звычайнымі ўласцівасцямі і інш. Гл. таксама Артаганальная сістэма.
В.А.Ліпніцкі.
т. 1, с. 504