Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРНІЦІ́Н, α—γ-дыамінаваляр’янавая кіслата,

C5H12O2N2, арганічнае рэчыва з групы амінакіслот. Белыя крышталі, добра раствараюцца ў вадзе і спірце, дрэнна — у эфіры. Атрымліваецца пры гніенні бялкоў і гідролізе аргініну. У свабодным стане ёсць у тканках млекакормячых і ў раслінах, уваходзіць у некаторыя антыбіётыкі (граміцыдзін С і інш.). Арцінін — каталізатар пры сінтэзе мачавіны ў арганізме праз арніцінавы цыкл, прымае ўдзел ва ўтварэнні поліамінаў, здольны ператварацца ў пралін.

т. 1, с. 500

АРНІЦІ́НАВЫ ЦЫКЛ, цыкл мачавіны,

цыкл Крэбса-Хензелейта, цыклічны ферментатыўны працэс утварэння мачавіны з вуглякіслага газу, аміяку і аспарагінавай к-ты ў арганізме чалавека, некаторых пазваночных жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Асн. рэакцыі арніцінавага цыкла ў млекакормячых вывучаны англ. біяхімікамі Х.Крэбсам і К.Хензелейтам (1932 і інш.), адсюль другая назва. Спачатку да арніціну далучаецца карбамілфасфат (макраэргічны прадукт кандэнсацыі аміяку і вуглякіслага газу) з утварэннем цытруліну, да якога затым далучаецца амінагрупа аспарагінавай к-ты, з утварэннем аргініну. Апошні гідралітычна распадаецца на мачавіну і арніцін, які зноў уключаецца ў цыкл ператварэнняў. На біясінтэз адной малекулы мачавіны ў цыкле расходуюцца 2 малекулы АТФ. Біял. значэнне арніцінавага цыкла заключаецца ў вывядзенні з арганізма таксічнага для тканак аміяку.

т. 1, с. 501

АРНО́ЛЬД Фёдар Карлавіч

(17.12.1819, С.-Пецярбург — 7.3.1902),

рускі лесавод. Скончыў Лясны ін-т у Пецярбургу. Праф. Ляснога (з 1857) і Земляробчага (з 1866) ін-таў у Пецярбургу. У 1876—83 дырэктар Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі. Навук. працы па гісторыі лесаводства, лясной таксацыі, аўтар падручніка лесаводства, спец. курсаў па лесаводстве.

Тв.:

Русский лес. Т. 1—3. 2 изд. Спб., 1893—99.

т. 1, с. 501

АРНО́ЛЬД БРЭШЫЯ́НСКІ, Арнальда Брэшыянскі (лац. Arnoldus de Brixia, італьян. Arnaldo da Brescia; каля 1100, г. Брэша, Італія — 18.6.1155),

італьянскі паліт. і царкоўны рэфарматар. Вучань П.Абеляра. У 1137 узначаліў барацьбу жыхароў Брэшы супраць епіскапа — сеньёра горада. Рашэннем Усяленскага сабора 1139 выдвараны з Італіі. За крытыку духавенства выгнаны з Францыі, Цюрыха. Вярнуўшыся ў Рым (1145), удзельнічаў у кіраванні Рымскай рэспублікай (1143—55), створанай у выніку антыпапскага паўстання, выступіў як ідэолаг барацьбы рымлян за захаванне рэспублікі, пазбаўленне духавенства ўласнасці і свецкай улады. Паводле распараджэння папы пакараны смерцю.

т. 1, с. 501

АРНО́ЛЬФА ДЫ КА́МБІО

(Arnolfo di Cambio, каля 1245 — да 1310),

італьянскі скульптар і архітэктар. Прадстаўнік Протарэнесансу. У скульптуры (грабніца кардынала дэ Брэй у царкве Сан-Даменіка ў Арвіета, каля 1282) звярнуўся да ант. спадчыны, дабіўся манумент. пластычнасці вобразаў; у архітэктуры (пачатыя ў канцы 13 ст. цэрквы Санта-Крочэ і Палаца Векэё ў Фларэнцыі) выступіў як прадстаўнік італьян. готыкі.

Літ.:

Romanini A.M. Arnolfo di Cambio e lo «stil novo» del gotico italiano. 2 ed. Firenze, 1980.

Я.Ф.Шунейка.

т. 1, с. 501

АРО́Л

(лац. Aquila),

экватарыяльнае сузор’е. Найб. яркія зоркі 0,8 (Альтаір), 2,7 і 3,0 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі бачны вясной, летам і ўвосень.

т. 1, с. 501

АРО́Л,

горад у Расіі, цэнтр Арлоўскай вобл., на р. Ака. Засн. ў 1566. 342,6 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Машынабудаванне (дарожныя машыны, пагрузчыкі, тэкст. машыны, станкабудаванне, прыладабудаванне; вытв-сць выліч. тэхнікі і інш.), металургія (вытв-сць сталі), лёгкая (трыкат., абутковая, швейная), харч. прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў (шкло, цэгла).

П.І.Рогач.

т. 1, с. 501

«АРО́Л»

(«Adler»),

кодавая назва карнай аперацыі, праведзенай ням. фашыстамі на акупіраванай Беларусі ў Вял. Айч. вайну 20.7.—10.8.1942 супраць партызанаў і цывільнага насельніцтва Клічаўскай партыз. зоны. Праводзілася сіламі баявой групы групенфюрэра СС Бах-Зелеўскі, часцей ахоўных дывізій, артдывізіёнаў, камандаў тайнай палявой паліцыі і СД, зондэркамандаў пад агульным камандаваннем ген.-м. Рыхерта. Ім процістаялі 11 партыз. атрадаў, больш за 2 тыс. партызанаў, падпарадкаваных 208-му партыз. атраду імя Сталіна (У.І.Нічыпаровіч), у зоне знаходзілася некалькі тысяч жанчын, старых, дзяцей. У выніку аперацыі было загублена больш за 1,5 тыс. чал., спалена 31 вёска, захоплены больш за 3 тыс. галоў жывёлы і інш. маёмасць.

т. 1, с. 501

АРО́Л М.

(сапр. Пятэльскі Сцяпан Язэпавіч; каля 1890, мяст. Гарадок Беластоцкага пав. — канец 1917 ці пач. 1918),

бел. паэт, перакладчык, публіцыст, фалькларыст. Скончыў царк. настаўніцкае вучылішча ў Ялоўцы (1909, Беласточчына). Настаўнічаў на Беласточчыне, Гродзеншчыне, Ковеншчыне. З 1914 на фронце. Узнаг. Георгіеўскім крыжам. З 1909 друкаваўся ў «Нашай ніве». У паэзіі Арла — матывы паняволення роднага краю і народа, роздум над рэнегацтвам часткі бел. інтэлігенцыі. Вершы адметныя лірызмам, паяднаннем рэальнага і абагульнена-сімвалічнага, філасафічнасцю. У іх прыкметны ўплыў вобразаў, матываў, паэтыкі Я.Купалы і Я.Коласа. Даследчык і прапагандыст бел. нар. песні. Лічыў яе крытэрыем высокага паэт. майстэрства. Перакладаў на бел. мову В.Бялінскага, дастасоўваючы думкі рус. крытыка да патрэб самасцвярджэння нацыі, гал. праблем маладой бел. л-ры. З укр. л-ры пераклаў байкі Л.Глібава.

Тв.:

Лірнік. Мн., 1991.

Літ.:

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастр. перыяд. 2 выд. Мн., 1989. Ч. 2. С. 459—561;

Саламевіч Я.М. Арол — нашаніўскі паэт, перакладчык, публіцыст // Бел. мова і літаратура ў школе. 1988. № 6.

І.У.Саламевіч.

т. 1, с. 501

АРО́Л-КА́РЛІК

(Hieraaetus pennatus),

птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі сустракаецца рэдка ў паўд. раёнах, занесены ў Чырв. кнігу.

Невялікі даўгахвосты арол, даўж. 46—60 см, масай 500—900 г. Размах крылаў каля 1,2 м. Апярэнне зверху бурае, знізу белаватае з вузкімі цёмнымі стракацінамі Прылятае ў красавіку. Гнёзды на галінах дубоў і елак на выш. 8—22 м. Нясе 1—3 яйцы. Корміцца дробнымі птушкамі і грызунамі. Здабычу высочвае ў палёце або падпільноўвае ў засадзе.

т. 1, с. 501