Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АРНА́Т

(лац. ornatus),

верхняе літургічнае адзенне рымска-каталіцкага духавенства. Складаецца з 2 палотнішчаў, закругленых унізе і змацаваных плечавымі швамі. Апранаецца паверх інш. адзення. Да эпохі барока арнаты мелі выгляд палярыны; яе перад аздабляўся вертыкальна нашытым пасам, тыльны бок — нашытым крыжам. Барочны арнат меў фігурныя краі пярэдняга палотнішча, якое набыло абрыс віяланчэлі. На Беларусі захаваліся арнаты 17—19 ст., пашытыя з парчовых і шаўковых тканін, атласу, аксаміту адпаведнага канкрэтнай літургіі колеру (зялёнага, фіялетавага, белага, чырвонага, сіняга) і аздобленыя аплікацыяй або гафтам, тасьмой і карункамі з залатымі ці сярэбранымі ніткамі, часта жэмчугам і каштоўнымі камянямі. Выяўлены арнаты, зробленыя са слуцкіх паясоў (у касцёлах вёсак Чарнаўчыцы Брэсцкага і Новая Мыш Баранавіцкага, г.п. Ружаны Пружанскага, г. Косава Івацэвіцкага р-наў). Калекцыі арнатаў 17—18 ст. зберагаюцца ў Нац. музеі Беларусі і Нац. маст. музеі Беларусі; значная калекцыя арнатаў 18—19 ст. — у Музеі стараж.-бел. культуры ІМЭФ АН Беларусі.

М.М.Яніцкая.

т. 1, с. 499

А́РНЕМ

(Arnhem),

горад на У Нідэрландаў. Адм. ц. правінцыі Гелдэрланд. Засн. на месцы рым. паселішча. 128 тыс. ж.; з прыгарадамі 293 тыс. (1985). Порт на правым беразе Рэйна. Машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, саляная, скураная прам-сць, вытв-сць штучных тканін. Нідэрландскі музей пад адкрытым небам (нар. архітэктура, дэкар. мастацтва), сафары-парк. Паблізу Арнема, у Атэрло — музей Кролер-Мюлер з калекцыяй карцін В. ван Гога. Арх. помнікі 14—18 ст.

т. 1, с. 499

А́РНЕМ-ЛЕНД

(Arnhem Land),

паўвостраў на Пн Аўстраліі. Абмываецца Тыморскім і Арафурскім морамі, зал. Карпентарыя. Даўж. каля 320 км. Шыр. да 460 км. Паверхня — паката-ўзгорыстае плато (выш. ад 180 м на Пн да 400 м на Пд), складзенае з пясчанікаў і расчлянёнае рэкамі на астанцовыя масівы. На Пн акаймаваны шырокай раўнінай, якая крута абрываецца да мора. Берагі моцна парэзаныя. Радовішча уранарадыевых (Рам-Джанглі), жал. рудаў, баксітаў. Клімат субэкватарыяльны. Сярэдняя т-ра паветра на працягу года каля 25°C, ападкаў ад 500 мм (зімой) да 2000 мм (летам) за год. У далінах рэк вільготныя субэкватарыяльныя лясы (пальмы, фікусы), на наветраных схілах гор і на вяршынях масіваў эўкаліптавыя лясы і саванны. Жывёльны свет: мядзведзь каала, кенгуру, вамбаты, кусты; з птушак — казуары, папугаі, лірахвосты. На ПнЗ — порт Дарвін.

т. 1, с. 499

А́РНІКА,

род кветкавых раслін, гл. Купальнік.

т. 1, с. 500

АРНІТА...

[ад грэч. ornis (ornithos) птушка],

першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: «які адносіцца да птушак», напр., арніталогія, арнітафауна.

т. 1, с. 500

АРНІТАЛАГІ́ЧНЫ ЗАКА́ЗНІК,

біялагічны заказнік, асн. мэтай утварэння якога з’яўляецца ахова, захаванне і аднаўленне асобных відаў птушак, іх унікальных згуртаванняў і асяроддзя пражывання. На Беларусі 2 арніталагічныя заказнікі мясц. значэння: Дымаўшчына ў Віцебскім і Езярышчанскі ў Гарадоцкім р-нах Віцебскай вобл.

т. 1, с. 500

АРНІТАЛО́ГІЯ

(ад арніта... + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае птушак, іх біялогію, геагр. пашырэнне, шляхі міграцыі, экалогію і гасп. значэнне. Даныя арніталогіі ляжаць у аснове развіцця сістэматыкі, біягеаграфіі, папуляцыйнай біялогіі, выкарыстоўваюцца ў біёніцы, паразіталогіі, эпідэміялогіі.

Першы твор з апісаннем птушак вядомы з 4 ст. да н.э. («Гісторыя жывёл» Арыстоцеля). У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. з’явіліся працы натуралістаў франц. П.Белона, швейц. К.Геснера і італьян. У.Альдравандзі, якія абагульнілі звесткі па арніталогіі таго часу. У 1713 апублікавана класіфікацыя птушак, распрацаваная англ. біёлагам Дж.Рэем, у 1735 — навук. наменклатура птушак швед. Вучонага К.Лінея. Даследаванні вучоных англ. Т.Гекслі, рус. М.А.Мензбіра і ням. М.Фюрбрынгера, Г.Гадова і Э.Зеленкі ў канцы 19 ст. паслужылі асновай сучаснай класіфікацыі птушак і вызначылі іх важнейшыя філагенетычныя сувязі.

На тэр. Беларусі першыя арніталагічныя звесткі належаць да сярэдзіны 18 — пач. 19 ст. (Г.Ржанчынскі, Э.Эйхвальд), у 2-й пал. 19 ст. звязаны з працамі К.Тызенгаўза, В.Тачаноўскага. Пэўным укладам у развіццё арніталогіі з’яўляюцца даследаванні ням. арнітолагаў А.Рэйханава, О.Цэдлітца, Х.Захтлебена і інш. у час 1-й сусв. вайны. Асновай сістэматычнага развіцця арніталогіі сталі даследаванні У.М.Шнітнікава і яго першая грунтоўная зводка «Птушкі Мінскай губерні» (1913). Далейшае развіццё арніталогіі звязана з дзейнасцю А.Штама, У.В.Стачынскага, С.В.Кірыкава, Я.Даманеўскага, І.М.Сяржаніна, А.У.Фядзюшына, М.С.Долбіка і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі АН Беларусі, у запаведніках, ВНУ. Праведзена біяцэналагічнае вывучэнне найб. важных у гасп. адносінах птушак (курыных, драпежных, галянастых, вадаплаўных); удакладнены склад фауны, стан і дынаміка насельніцтва птушак розных біятопаў у залежнасці ад уздзеяння на іх асн. антрапагенных фактараў, высветлена відавая разнастайнасць, эколага-фізіял. асаблівасці, феналогія размнажэння і інш. пытанні біялогіі найб. пашыраных відаў. Даследуюцца рэдкія віды птушак, абгрунтавана ўключэнне ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь відаў, якія патрабуюць асаблівай аховы, многія даныя арніталогіі выкарыстоўваюцца для распрацоўкі нац. сістэмы ахоўных тэрыторый.

Літ.:

Федюшин А.В., Долбик М.С. Птицы Белоруссии. Мн., 1967;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989;

Ильичев В.Д., Карташев Н.Н., Шилов И.А. Общая орнитология. М., 1982.

М.Я.Нікіфараў.

т. 1, с. 500

АРНІТАФА́УНА

(ад арніта... + фауна),

авіфауна, гістарычна сфарміраваная сукупнасць відаў птушак пэўнай мясцовасці, краіны або геал. перыяду. Сусветная арнітафауна аб’ядноўвае каля 8,6 тыс. відаў. На Беларусі 18 атр., каля 300 відаў і падвідаў. Найб. пашыраны вераб’інападобныя — 92 віды. Сучасныя рысы набыла ў пасляледавіковы перыяд. Эндэмікі адсутнічаюць. Мяшаная, паходзіць ад еўрапейскага (птушкі шыракалістых лясоў), сібірскага (птушкі цемнахвойных лясоў) і міжземнаморскага (птушкі хмызнякоў і адкрытых прастораў) тыпаў фаун. Найб. колькасць відаў (81) гняздуецца ў лясах, 52 віды — прыбярэжна-водныя. 224 віды гняздуюцца, 66 — мігранты або выпадкова залётныя, 9 трапляюцца толькі зімой. Паляўнічыя віды: цецярук, слонка, бакас, дупель, глушэц, рабчык, крыжанка, чыркі, шэрая курапатка і інш. У Чырв. кнізе Беларусі 75 відаў.

т. 1, с. 500

АРНІТАХАРЫ́Я

(ад арніта... + chōreō іду, пашыраюся),

распаўсюджванне насення і пладоў раслін, спораў грыбоў з дапамогай птушак; прыватны выпадак зоахарыі. Птушкі разносяць насенне і плады ў лапках, дзюбах або зашчочных мяшках (напр., жалуды і арэхі разносяць сойкі, кедроўкі і інш.) — сінарнітахарыя. Назапашваючы корм, птушкі хаваюць яго каля пнёў, пад мох і ў інш. месцы. Часам насенне не траціць усходжасці, калі праходзіць праз стрававальны тракт птушак (напр., аўсянкі, малінаўкі, дразды, амялушкі і інш. так пераносяць насенне рабіны, вішні, малін, каліны, чарніц, чаромхі і інш. раслін) — эндаарнітахарыя. Арнітахарыя адбываецца таксама пры выпадковым пераносе птушкамі пладоў, насення і спораў, якія прыліпаюць да пер’я, дзюбы і лапак — эпізоахарыя.

т. 1, с. 500

АРНІТО́З

(ад арніта... + ...оз),

псітакоз, вострая інфекцыйная хвароба дзікіх і свойскіх птушак, млекакормячых жывёл і чалавека. Узбуджальнік — хламідыя Chlamidia psittaci. У птушак суправаджаецца пашкоджаннем парэнхіматозных органаў, кішэчніка, паветраносных мяшкоў, ц. н. с. Крыніца інфекцыі — хворыя і перахварэлыя птушкі, асабліва ўспрымальны да яе маладняк. У мэтах прафілактыкі ўводзяць каранцін на птушкафермах, робяць дэзінфекцыю. Жывёлы і чалавек заражаюцца ад птушак і праз інфіцыраваныя яйцы. Характэрныя прыкметы: слабасць, санлівасць, панос, адсутнасць апетыту, дрыжыкі, выдзяленні з носа, цяжкае дыханне, кан’юнктывіт, паралічы, запаленне лёгкіх. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 1, с. 500