Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРАКА́Й (Trakai),

Трокі, горад на Пд Літвы, паміж Тракайскімі азёрамі. 6,1 тыс. ж. (2001). Вузел аўтадарог, чыг. станцыя. Прам-сць харч. і мясцовая. Турыстычны цэнтр. Ландшафтны заказнік.

Засн. ў канцы 12 ст. У 14—15 ст. значны паліт. цэнтр ВКЛ, рэзідэнцыя вял. князёў — з 1320 Гедзіміна, з 1341 Кейстута, потым Вітаўта, які перасяліў сюды караімаў (жывуць у Т. і цяпер). У 1409 атрымаў гар. права. У 1413—1795 адм. цэнтр Трокскага ваяводства ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі, адм. цэнтр Трокскага пав. Віленскай губ. (1795—97, 1801—1920). У 1920—22 у Сярэдняй Літве, з 1922 у складзе Польшчы, з кастр. 1939 у Літ. Рэспубліцы. З часоў сярэдневякоўя некат. ч. насельніцтва горада складаюць беларусы.

Старая ч. горада (сфарміравалася да 15 ст.) з’яўляецца помнікам горадабудаўніцтва. Захаваліся рэшткі замка 13 ст. на паўвостраве, Тракайскі замак, касцёл Вітаўта (1409, перабудаваны ў 18 ст. ў стылі барока), руіны кляштара бернардзінцаў (17—18 ст.), кінеса (храм караімаў; 1-я пал. 19 ст.), палац Тышкевічаў (1896, арх. І.​Хус) і інш.

Літ.:

Верцинкявичюс Ю.Ю. Тракай: [Альбом]. Вильнюс, 1981.

т. 15, с. 499

ТРАКА́ЙСКІ ЗА́МАК,

помнік абарончага дойлідства 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. ў г. Тракай (Літва). Размяшчаецца на в-ве воз. Гальве. У 15 ст. адна з рэзідэнцый вялікіх князёў ВКЛ, месца ўрачыстасцей і прыёмаў дыпламатаў. У замку ў 1415 і 1416 кн. Вітаўт вёў перагаворы з магістрамі Лівонскага ордэна, у 1483 кароль Казімір IV Ягелончык — з вял. магістрам Тэўтонскага ордэна. Замак часта перабудоўваўся і прыстасоўваўся да патрэб сваіх гаспадароў. У вайну 1655—60 зруйнаваны і з часам прыйшоў у заняпад. Адбудаваны ў 1953—61 паводле праекта арх. Б.​Крумініса, прызамкавая ч. адбудоўвалася з 1961 (праект арх. С.​Мікулёніса). Палац (узведзены ў 1342) канвентнага тыпу, складаецца з 2 паралельна пастаўленых 3-ярусных, прамавугольных у плане карпусоў (маюць контрфорсы, галерэю на 2-м ярусе, высокія 4-схільныя дахі) і 3-яруснага данжона. Будынкі (з чырвонай цэглы) размешчаны вакол невял. ўнутр. двара. Для аздаблення інтэр’ераў выкарыстаны прафіляваная цэгла, дэкар. кафля, вітражы і інш. Пад падлогай абсталявана спец. ацяпленне. Палац быў абкружаны абарончай сцяной з 3-яруснымі вежамі. Цяпер у Т.з. гіст. музей.

Літ.:

Микуленис С.А. Тракайский замок. Вильнюс, 1978.

Тракайскі замак.

т. 15, с. 499

ТРАКЕ́ЛІ,

вёска ў Бастунскім с/с Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог Ліда—Геранёны і Радунь—Іўе. Цэнтр калгаса. За 15 км на ПдУ ад г.п. Воранава, 131 км ад Гродна, 9 км ад чыг. ст. Бастуны. 571 ж., 201 двор (2002). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1809).

т. 15, с. 499

ТРАКЕ́НЕНСКАЯ ПАРО́ДА,

парода верхавых коней. Выведзена ў 18 ст. ва Усх. Прусіі (Тракененскі конны завод; цяпер Калінінградская вобл., Расія) скрыжаваннем англ. чыстакроўнай, арабскай і інш. верхавых парод і іх помесей з літоўскімі мясц. канямі. Разводзяць у Расіі, Літве, Беларусі, краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі для паляпшэння мясц. верхавых парод і коннага спорту.

Канстытуцыя моцная, сухая. Тулава масіўнае, доўгае. Касцяк і мускулатура добра развітыя. Выш. ў карку 162—166 см. Маса жарабцоў 595, кабыл 560 кг. Масць пераважна рудая, гнядая, вараная.

т. 15, с. 499

ТРАКЛЬ (Trakl) Георг (3.2.1887, г. Зальцбург, Аўстрыя — 3.11.1914),

аўстрыйскі паэт; найбуйнейшы прадстаўнік экспрэсіянізму. Як паэт фарміраваўся пад уплывам класічнай традыцыі і паэзіі 2-й пал. 19 ст. Аўтар паэт. зб-каў «Вершы» (1913), «Себасцьян у сне» (1915), аднаактовых п’ес «Скокі смерці» і «Фата Маргана» (паст. ў 1916, лічацца згубленымі), у якіх адчуванні крызіснасці і непазбежнасці скону. Т. спалучаў рэаліі сучаснасці з умоўнасцю, жывапіснасць з музычнасцю, раскрываў патаемны сэнс будзённа-звыклага. У яго паэтыцы пераважае верлібр са свабоднымі сінтакс. канструкцыямі, выкарыстанне гратэску, складанай метафорыкі, шматзначнай сімволікі, міфалагічных матываў і вобразаў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў В.​Сёмуха.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Прыйдзі, стваральны дух. Мн., 1986;

Рус. пер. — Избранное. М., 1994;

Стихотворения. Проза. Письма. СПб., 2000.

Літ.:

Фюман Ф. Над огненной пучиной: Опыт с поэзией Г.​Тракля // Магический кристалл. М., 1988;

Дудова Л.В. Современники о творчестве Г.​Тракля // Дудова Л.В., Михальская Н.П., Трыков В.П. Модернизм в зарубежной литературе. М., 1998;

Гугнин А.А. Георг Тракль // Гугнин А.А. Австрийская литература XX в. Новополоцк;

М., 2000.

Е.​А.​Лявонава.

Тракененская парода коней.

т. 15, с. 499

ТРА́КТАР (англ. tractor ад лац. traho цягну),

самаходная машына для перамяшчэння і прывядзення ў дзеянне агрэгатаваных з ёй прычапных, навясных, паўнавясных або стацыянарных машын і прылад. Бываюць колавыя і гусенічныя; с.-г. (агульнага прызначэння, універсальна-прапашныя, спец. — садова-агародныя, вінаграднікавыя, балатаходныя, горныя і інш.), прамысл. (тралёвачныя, дарожна-буд.), транспартныя (цягачы з платформай і без яе).

Складаецца з каркаса (апора Т.), рухавіка, трансмісіі (уключае счапленне, каробку перадач, галоўную перадачу, дыферэнцыял, механізмы павароту), хадавой часткі (пераўтварае вярчальны рух у паступальны з дапамогай колаў ці гусенічнага ходу), механізма кіравання (руль, тармазы), рабочага і дапаможнага абсталявання (прычапныя ўстройствы, навясная сістэма, вал адбору магутнасці, прывадны шкіў, ходапамяншальнік, сістэмы блакіравання дыферэнцыяла, асвятлення і сігналізацыі, кантрольна-вымяральная апаратура і інш.). Колавыя Т. больш простыя па канструкцыі і ў эксплуатацыі, больш універсальныя, быстраходныя, але маюць горшую праходнасць. Таму часам выпускаюцца з усімі вядучымі коламі або са здымным абсталяваннем паўгусенічнага ходу. Гусенічныя маюць высокую праходнасць і добрыя цягавыя паказчыкі, недахопы — вял. маса і нізкая зносаўстойлівасць гусенічнага ходу. На Т. устанаўліваюць пераважна дызелі, часам карбюратарныя рухавікі ўнутранага згарання, выкарыстоўваюць мех. і гідрамех. перадачы, для кіравання рабочымі органамі навясных машын — гідранавясныя сістэмы. Сельскагаспадарчыя Т. агульнага прызначэння выкарыстоўваюць пераважна для ворыва, сяўбы, культывацыі, уборкі с.-г. культур; універсальна-прапашныя — у асн. для міжрадковай апрацоўкі глебы і ўборкі прапашных культур. Асаблівасць прапашных Т. — праходнасць у міжрадкоўях пасеваў без пашкоджання раслін з-за адпаведнай шырыні колаў (гусеніц), дарожнага прасвету, абрысу, рэгулюемай каляіны. Паводле цягавага намагання Т. ў краінах СНД падзяляюцца на 10 класаў: клас 0,2 (намаганне 2 кН); 0,6 (6 кН); 0,9 (9 кН); 1,4 (14 кН); 2 (20 кН); 3 (30 кН); 4 (40 кН); 5 (50 кН); 6 (60 кН); 8 (80 кН). Кожны клас Т. складаецца з групы машын, канструкцыйна уніфікаваных і з прыкладна аднолькавымі цягавымі ўласцівасцямі. Асн. (найб. пашыраная) мадэль групы наз. базавай; мадыфікацыя — Т., уніфікаваны з базавай мадэллю па асн. зборачных адзінках і сістэмах. На с.-г. Т. устаноўлены мех. каробкі перадач з лікам перадач да 32, у асн. з шасцернямі пастаяннага зачаплення. Ёсць бесступеньчатыя трансмісіі з гідрастат. і гідрамех. перадачамі. Для паніжаных тэхнал. скарасцей трансмісія абсталёўваецца ходапамяншальнікам. Эксплуатацыйныя паказчыкі Т. падзяляюцца на тэхніка-эканам. (прадукцыйнасць у агрэгаце, расход паліва на адзінку работы), тэхн. (клас, магутнасць рухавіка, цягавыя ўласцівасці і інш.), агратэхн. (удз. ціск на глебу, праходнасць у міжрадкоўях, манеўранасць у агрэгаце), эрганамічныя (умовы працы, працаёмістасць тэхн. абслугоўвання) і інш.

Першыя колавыя Т. з паравым рухавіком з’явіліся ў 1830 у Вялікабрытаніі і Францыі (выкарыстоўваліся ў с.-г. і ваен. справе), з рухавікамі ўнутр. згарання — у 1901 у ЗША, гусенічныя — у 1912 у ЗША. затым у інш. краінах. У Расіі гусенічны Т. з 2 паравымі машынамі пабудаваны ў 1888. У СССР Т. «Фардзон-Пуцілавец» выпушчаны ў 1923 на ленінградскім з-дзе «Чырвоны пуцілавец». Масавая вытв-сць Т. пачалася з пускам Сталінградскага (1930), Харкаўскага (1931) трактарных з-даў (гл. Трактарабудаванне).

На Беларусі Т. магутнасцю ад 11 да 300 к.с. выпускае Мінскі трактарны завод: з 1950 гусенічныя і тралёвачныя, з 1953 колавыя с.-г. Т. «Беларусь», у т. л. першы МТЗ-2, з 1961 — МТЗ-50, з 1974 — МТЗ-80/82, з 1984 — МТЗ-100/102, пазней «Беларусь-1025», з 1993 — Т. серыі 900, з 1995 — «Беларусь-1221», з 2000 — «Беларусь-1522»; таксама малагабарытныя Т. («Беларус-320А», -321», -320», -220»), нізкапрофільныя («Беларус-530/532»), нізкаклірэнсныя («Беларус-82Н»), лесагаспадарчыя («Беларус Л-82»), тралёвачныя («Беларус ТТР-401»), рысаводчыя («Беларус-82Р»), міні-Т. («Беларус-082 БС») і інш.

Літ.:

Конструкция, основы теории и расчет тракторов. М., 1971;

Колесные тракторы. М., 1974;

Тракторы «Беларусь» МТЗ-80, МТЗ-80Л, МТЗ-82, МТЗ-82Л. 2 изд. Мн., 1982;

Мелиоративные, строительные и лесные тракторы. Мн.. 1989.

В.​М.​Кандрацьеў, М.​Р.​Мялешка.

Трактары: 1 — колавы з рухавіком унутранага згарання (1901, ЗША); 2 — СХТЗ на суцэльнастальных колах (1931, Харкаў); 3 — трохколавы «Універсал» (1934, Ленінград); 4 — першы «Беларусь» МТЗ-2 (1953, Мінск).
Трактары: 1 — універсальна-прапашны «Беларусь-82» (Мінск); 2 — балатаходны ДТ-75Б (г. Валгаград); 3 — прамысловы дызель-электрычны ДЭТ-250 (Чэлябінск); 4 — ворыўны Т-15ОК (Харкаў); 5 — агульнага прызначэння К-701 (С.-Пецярбург); 6 — балатаходны з задняй гідрасістэмай Т-13ОБГ-3 (Чэлябінск); 7 — агульнага прызначэння ДТ-175С (Валгаград); 8 — тралёвачны «Беларус ТТР-401», 9 — малагабарытны «Беларусь-321», 10 — гусенічны «Беларус-1802» (Мінск); 11 — «Вальтра» з падвойнымі коламі (Фінляндыя); 12 — тракавага тыпу Д10 (ЗША).

т. 15, с. 500

ТРАКТАРАБУДАВА́ННЕ,

галіна машынабудавання па вытв-сці трактароў, трактарных і камбайнавых рухавікоў, уніфікаваных вузлоў, агрэгатаў, запасных частак і дэталяў да іх. Як галіна прам-сці існуе з 1917, калі на з-дах Форда ў ЗША пачаўся масавы выпуск трактароў.

У Еўропе масавая вытв-сць трактароў пачалася ў 1920-я г. ў Германіі, Італіі, Францыі і інш. У СССР упершыню наладжана ў 1923 на з-дзе «Чырвоны пуцілавец» у Петраградзе. У 1930 пабудаваны Сталінградскі, у 1931 — Харкаўскі трактарныя з-ды, якія выпускалі колавыя трактары; у 1933 на Чэлябінскім трактарным з-дзе наладжана вытв-сць гусенічных трактароў (з 1936 — з дызельным рухавіком). У 1937 на выпуск трактароў на гусенічным хаду перайшлі Сталінградскі і Харкаўскі з-ды. У 1942—44 пабудаваны Алтайскі, Уладзімірскі, Ліпецкі трактарныя з-ды. У 1950-я г. ўведзены ў дзеянне Мінскі, Анежскі, Ташкенцкі і інш. трактарныя з-ды; павялічылася вытв-сць трактароў агульнага прызначэння. У 1960-я г. ўсе з-ды перайшлі на выпуск трактароў з дызельнымі рухавікамі. Ствараліся уніфікаваныя мадэлі трактароў, што спрыяла вылучэнню вытв-сці іх асобных вузлоў, дэталяў, агрэгатаў, рухавікоў у спецыялізаваныя прадпрыемствы. Пабудаваны з-ды ў Валгаградзе, Мінску, Барнауле, Харкаве, Нагінскі з-д паліўнай апаратуры (паліўныя помпы для трактарных рухавікоў), арэнбургскі з-д «Трактаразапчастка» і інш. З 1990-х г. асноўная ўвага аддаецца павышэнню універсальнасці трактароў, іх надзейнасці і даўгавечнасці, пашырэнню дыяпазону магутнасці рухавікоў (ад 10 да 450 к.с.), зніжэнню ўдз. расходу паліва, забеспячэнню аховы навакольнага асяроддзя ад неспрыяльных уздзеянняў машын, стварэнню камфортных і бяспечных умоў працы трактарыста і інш.

На Беларусі Т. — адна з найважнейшых галін машынабудавання. Серыйная вытв-сць трактароў (КД-35) пачалася на Мінскім трактарным заводзе ў 1950. У 1972 створана ВА «Мінскі трактарны завод», у склад якога ўваходзяць Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Віцебскі завод трактарных запасных частак, Мінскі з-д спецінструменту і тэхнал. аснасткі, Смаргонскі агрэгатны з-д. Запчасткі, вузлы, агрэгаты, дызельныя рухавікі для трактароў і інш. выпускаюць таксама Мінскі маторны завод, Гомельскі завод пускавых рухавікоў, Мінскі завод шасцерняў, Барысаўскі завод агрэгатаў, Барысаўскі завод аўтатрактарнага абсталявання і інш. Да 2002 ВА «Мінскі трактарны з-д» выпусціла больш як 3 млн. трактароў, з якіх каля 600 тыс. пастаўляліся ў 100 краін свету, у т. л. ЗША, Канаду, Германію, Францыю, Венгрыю, Грэцыю і інш. На аб’яднанні наладжана вытв-сць 24 мадэляў універсальна-прапашных трактароў магутнасцю ад 50 да 150 к.с., 6 мадэляў малагабарытных трактароў магутнасцю ад 20 да 25 к.с., 8 мадэляў мотаблокаў і мінітрактароў магутнасцю ад 6 да 12 к.с., 15 мадэляў спец. машын: камунальных, пагрузачных, шахтавых, для лясной прам-сці. Трактары «Беларус» агрэгатуюцца з больш як 550 машынамі і прыладамі рознага прызначэння. Упершыню на МТЗ ствараюцца трактары агульнага прызначэння магутнасцю ад 155 да 260 к.с. У 2000 усе 13 трактарных з-даў былога СССР выпусцілі 47 тыс. трактароў, з якіх 23 тыс. выраблены на Мінскім трактарным з-дзе. Т. найб. развіта ў ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Японіі і інш. Буйнейшыя фірмы (1999): «Нью-Холанд» (54 тыс. трактароў за год), «Джон Дзір» (28 тыс.), «Масі Фергюсан» (27,7 тыс.), «Дойц» (24,4 тыс.), «Ландзіні» (18 тыс.), «Кейс» (17 тыс. трактароў за год) і інш. ВА «Мінскі трактарны завод» уваходзіць у лік 8 вытворцаў трактароў свету, якія забяспечваюць 96% агульнага аб’ёму сусв. рынку збыту гэтай тэхнікі.

П.​І.​Рогач.

т. 15, с. 501

ТРАКТА́Т (ад лац. tractatus абмеркаванне, разгляд) 1) навуковая праца, у якой разглядаецца асобнае пытанне ці праблема; разважанне на вызначаную тэму.

2) Адна з форм міжн. дагавораў (напр., берлінскі трактат 1878).

т. 15, с. 502

ТРАКТРЫ́СА (новалац. tractrix ад лац. tractus выцягнуты), плоская крывая, для якой даўжыня адрэзка датычнай ад пункта дотыку да зададзенай прамой (восі) ёсць велічыня пастаянная. Ураўненне ў прамавугольных дэкартавых каардынатах мае выгляд: x = ± [ a2 − y2 − aln ( a + a2 − y2 / y ) ] . Пры вярчэнні Т. вакол яе восі атрымліваецца псеўдасфера.

Графік трактрысы x = ± [ a2 − y2 − aln ( a + a2 − y2 / y ) ] , M — пункт дотыку.

т. 15, с. 502

ТРАКТ ПАШТО́ВЫ (польск. trakt ад лац. traktus літар. — валачэнне),

у Рэчы Паспалітай і Расіі шырокая палепшаная грунтавая дарога (шлях), якая злучала найважнейшыя населеныя пункты. Мела станцыі (пастаялыя двары) і верставыя слупы. Па Т.п. ішлі рэгулярныя перавозкі пасажыраў, грузаў, пошты (паштовыя Т.п. з паштовымі станцыямі). З 19 ст. Т.п. з цвёрдым пакрыццём наз. шашой (гл. таксама Шашэйная дарога).

Т.п. на Беларусі з’явіліся ў 16 ст. ў час стварэння пошты. У 1583 адкрыты паштовыя зносіны па Т.п. Варшава—Беласток—Гродна. У сувязі з адкрыццём у 1596 у Варшаве паштамта Т.п. звязалі Варшаву з усімі гарадамі Рэчы Паспалітай. Паводле Андросаўскага перамір ’я 1667 паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй была ўстаноўлена паштовая сувязь Маскоўскай дзяржавы з Зах. Еўропай. Т.п. працягнуўся ад Масквы праз Смаленск—Магілёў—Мінск да Вільні. У канцы 17 ст. ў ВКЛ пачалі пракладваць новыя дарогі, будаваць станцыі, але Паўночная вайна 1700—21 перашкодзіла давесці работы да канца. Паляпшэнне Т.п. пачалося пасля прыняцця вял. кн. ВКЛ і каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім у 1764 Генеральнага рэгламенту. У 1772 адкрыты часовы Т.п. Пскоў—Полацк, потым С.-Пецярбург—Нарва—Пскоў—Полацк—Талачын—Магілёў, на якім былі створаны 134 паштовыя станцыі (пазней Т.п. працягнуты да Кіева і Адэсы). У пач. 19 ст. ўсе дарогі Рас. імперыі былі падзелены на разрады: гал. паштовыя і пабочныя паштовыя (уласна гэта былі Т.п.), вял. праезджыя, ваен. і інш., якія таксама атрымалі нумары. Напр., паштовая дарога С.-Пецярбург—Екацярынаслаў, вядомая як Беларускі Т.п., мела №148. З крас. 1827 па Т.п. Беларусі пайшлі першыя дыліжансы. З 1830-х г. бел. Т.п. брукавалі каменнем. З развіццём чыг. транспарту значэнне Т.п. знізілася. Іншаземцы ў час войнаў на бел. землях таксама будавалі Т.п. Гл. таксама Пошта.

У.​К.​Зарэмскі.

т. 15, с. 500