самаходная машына для перамяшчэння і прывядзення ў дзеянне агрэгатаваных з ёй прычапных, навясных, паўнавясных або стацыянарных машын і прылад. Бываюць колавыя і гусенічныя; с.-г. (агульнага прызначэння, універсальна-прапашныя, спец. — садова-агародныя, вінаграднікавыя, балатаходныя, горныя і інш.), прамысл. (тралёвачныя, дарожна-буд.), транспартныя (цягачы з платформай і без яе).
Складаецца з каркаса (апора Т.), рухавіка, трансмісіі (уключае счапленне, каробку перадач, галоўную перадачу, дыферэнцыял, механізмы павароту), хадавой часткі (пераўтварае вярчальны рух у паступальны з дапамогай колаў ці гусенічнага ходу), механізма кіравання (руль, тармазы), рабочага і дапаможнага абсталявання (прычапныя ўстройствы, навясная сістэма, вал адбору магутнасці, прывадны шкіў, ходапамяншальнік, сістэмы блакіравання дыферэнцыяла, асвятлення і сігналізацыі, кантрольна-вымяральная апаратура і інш.). Колавыя Т. больш простыя па канструкцыі і ў эксплуатацыі, больш універсальныя, быстраходныя, але маюць горшую праходнасць. Таму часам выпускаюцца з усімі вядучымі коламі або са здымным абсталяваннем паўгусенічнага ходу. Гусенічныя маюць высокую праходнасць і добрыя цягавыя паказчыкі, недахопы — вял. маса і нізкая зносаўстойлівасць гусенічнага ходу. На Т. устанаўліваюць пераважна дызелі, часам карбюратарныя рухавікі ўнутранага згарання, выкарыстоўваюць мех. і гідрамех. перадачы, для кіравання рабочымі органамі навясных машын — гідранавясныя сістэмы. Сельскагаспадарчыя Т. агульнага прызначэння выкарыстоўваюць пераважна для ворыва, сяўбы, культывацыі, уборкі с.-г. культур; універсальна-прапашныя — у асн. для міжрадковай апрацоўкі глебы і ўборкі прапашных культур. Асаблівасць прапашных Т. — праходнасць у міжрадкоўях пасеваў без пашкоджання раслін з-за адпаведнай шырыні колаў (гусеніц), дарожнага прасвету, абрысу, рэгулюемай каляіны. Паводле цягавага намагання Т. ў краінах СНД падзяляюцца на 10 класаў: клас 0,2 (намаганне 2 кН); 0,6 (6 кН); 0,9 (9 кН); 1,4 (14 кН); 2 (20 кН); 3 (30 кН); 4 (40 кН); 5 (50 кН); 6 (60 кН); 8 (80 кН). Кожны клас Т. складаецца з групы машын, канструкцыйна уніфікаваных і з прыкладна аднолькавымі цягавымі ўласцівасцямі. Асн. (найб. пашыраная) мадэль групы наз. базавай; мадыфікацыя — Т., уніфікаваны з базавай мадэллю па асн. зборачных адзінках і сістэмах. На с.-г. Т. устаноўлены мех. каробкі перадач з лікам перадач да 32, у асн. з шасцернямі пастаяннага зачаплення. Ёсць бесступеньчатыя трансмісіі з гідрастат. і гідрамех. перадачамі. Для паніжаных тэхнал. скарасцей трансмісія абсталёўваецца ходапамяншальнікам. Эксплуатацыйныя паказчыкі Т. падзяляюцца на тэхніка-эканам. (прадукцыйнасць у агрэгаце, расход паліва на адзінку работы), тэхн. (клас, магутнасць рухавіка, цягавыя ўласцівасці і інш.), агратэхн. (удз. ціск на глебу, праходнасць у міжрадкоўях, манеўранасць у агрэгаце), эрганамічныя (умовы працы, працаёмістасць тэхн. абслугоўвання) і інш.
Першыя колавыя Т. з паравым рухавіком з’явіліся ў 1830 у Вялікабрытаніі і Францыі (выкарыстоўваліся ў с.-г. і ваен. справе), з рухавікамі ўнутр. згарання — у 1901 у ЗША, гусенічныя — у 1912 у ЗША. затым у інш. краінах. У Расіі гусенічны Т. з 2 паравымі машынамі пабудаваны ў 1888. У СССР Т. «Фардзон-Пуцілавец» выпушчаны ў 1923 на ленінградскім з-дзе «Чырвоны пуцілавец». Масавая вытв-сць Т. пачалася з пускам Сталінградскага (1930), Харкаўскага (1931) трактарных з-даў (гл.Трактарабудаванне).
На Беларусі Т. магутнасцю ад 11 да 300 к.с. выпускае Мінскі трактарны завод: з 1950 гусенічныя і тралёвачныя, з 1953 колавыя с.-г. Т. «Беларусь», у т. л. першы МТЗ-2, з 1961 — МТЗ-50, з 1974 — МТЗ-80/82, з 1984 — МТЗ-100/102, пазней «Беларусь-1025», з 1993 — Т. серыі 900, з 1995 — «Беларусь-1221», з 2000 — «Беларусь-1522»; таксама малагабарытныя Т. («Беларус-320А», -321», -320», -220»), нізкапрофільныя («Беларус-530/532»), нізкаклірэнсныя («Беларус-82Н»), лесагаспадарчыя («Беларус Л-82»), тралёвачныя («Беларус ТТР-401»), рысаводчыя («Беларус-82Р»), міні-Т. («Беларус-082 БС») і інш.
Літ.:
Конструкция, основы теории и расчет тракторов. М., 1971;