ТРАКТАРАБУДАВА́ННЕ,
галіна машынабудавання па вытв-сці трактароў, трактарных і камбайнавых рухавікоў, уніфікаваных вузлоў, агрэгатаў, запасных частак і дэталяў да іх. Як галіна прам-сці існуе з 1917, калі на з-дах Форда ў ЗША пачаўся масавы выпуск трактароў.
У Еўропе масавая вытв-сць трактароў пачалася ў 1920-я г. ў Германіі, Італіі, Францыі і інш. У СССР упершыню наладжана ў 1923 на з-дзе «Чырвоны пуцілавец» у Петраградзе. У 1930 пабудаваны Сталінградскі, у 1931 — Харкаўскі трактарныя з-ды, якія выпускалі колавыя трактары; у 1933 на Чэлябінскім трактарным з-дзе наладжана вытв-сць гусенічных трактароў (з 1936 — з дызельным рухавіком). У 1937 на выпуск трактароў на гусенічным хаду перайшлі Сталінградскі і Харкаўскі з-ды. У 1942—44 пабудаваны Алтайскі, Уладзімірскі, Ліпецкі трактарныя з-ды. У 1950-я г. ўведзены ў дзеянне Мінскі, Анежскі, Ташкенцкі і інш. трактарныя з-ды; павялічылася вытв-сць трактароў агульнага прызначэння. У 1960-я г. ўсе з-ды перайшлі на выпуск трактароў з дызельнымі рухавікамі. Ствараліся уніфікаваныя мадэлі трактароў, што спрыяла вылучэнню вытв-сці іх асобных вузлоў, дэталяў, агрэгатаў, рухавікоў у спецыялізаваныя прадпрыемствы. Пабудаваны з-ды ў Валгаградзе, Мінску, Барнауле, Харкаве, Нагінскі з-д паліўнай апаратуры (паліўныя помпы для трактарных рухавікоў), арэнбургскі з-д «Трактаразапчастка» і інш. З 1990-х г. асноўная ўвага аддаецца павышэнню універсальнасці трактароў, іх надзейнасці і даўгавечнасці, пашырэнню дыяпазону магутнасці рухавікоў (ад 10 да 450 к.с.), зніжэнню ўдз. расходу паліва, забеспячэнню аховы навакольнага асяроддзя ад неспрыяльных уздзеянняў машын, стварэнню камфортных і бяспечных умоў працы трактарыста і інш.
На Беларусі Т. — адна з найважнейшых галін машынабудавання. Серыйная вытв-сць трактароў (КД-35) пачалася на Мінскім трактарным заводзе ў 1950. У 1972 створана ВА «Мінскі трактарны завод», у склад якога ўваходзяць Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Віцебскі завод трактарных запасных частак, Мінскі з-д спецінструменту і тэхнал. аснасткі, Смаргонскі агрэгатны з-д. Запчасткі, вузлы, агрэгаты, дызельныя рухавікі для трактароў і інш. выпускаюць таксама Мінскі маторны завод, Гомельскі завод пускавых рухавікоў, Мінскі завод шасцерняў, Барысаўскі завод агрэгатаў, Барысаўскі завод аўтатрактарнага абсталявання і інш. Да 2002 ВА «Мінскі трактарны з-д» выпусціла больш як 3 млн. трактароў, з якіх каля 600 тыс. пастаўляліся ў 100 краін свету, у т. л. ЗША, Канаду, Германію, Францыю, Венгрыю, Грэцыю і інш. На аб’яднанні наладжана вытв-сць 24 мадэляў універсальна-прапашных трактароў магутнасцю ад 50 да 150 к.с., 6 мадэляў малагабарытных трактароў магутнасцю ад 20 да 25 к.с., 8 мадэляў мотаблокаў і мінітрактароў магутнасцю ад 6 да 12 к.с., 15 мадэляў спец. машын: камунальных, пагрузачных, шахтавых, для лясной прам-сці. Трактары «Беларус» агрэгатуюцца з больш як 550 машынамі і прыладамі рознага прызначэння. Упершыню на МТЗ ствараюцца трактары агульнага прызначэння магутнасцю ад 155 да 260 к.с. У 2000 усе 13 трактарных з-даў былога СССР выпусцілі 47 тыс. трактароў, з якіх 23 тыс. выраблены на Мінскім трактарным з-дзе. Т. найб. развіта ў ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Японіі і інш. Буйнейшыя фірмы (1999): «Нью-Холанд» (54 тыс. трактароў за год), «Джон Дзір» (28 тыс.), «Масі Фергюсан» (27,7 тыс.), «Дойц» (24,4 тыс.), «Ландзіні» (18 тыс.), «Кейс» (17 тыс. трактароў за год) і інш. ВА «Мінскі трактарны завод» уваходзіць у лік 8 вытворцаў трактароў свету, якія забяспечваюць 96% агульнага аб’ёму сусв. рынку збыту гэтай тэхнікі.
П.І.Рогач.
т. 15, с. 501