Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САРАЧЫ́НЫ,

у беларусаў і інш. хрысціянскіх народаў памінальны абрад, які адзначаецца на 40-ы дзень (6-ы тыдзень) пасля смерці чалавека. Як і інш. памінкі, звязаны з культам продкаў. На Беларусі наз. таксама саракавіны, саракі, саракапуст; шасціны. Паводле нар. павер’я, у гэты час душа нябожчыка наведвае родную хату, таму яе прыбіралі ручнікамі, на акно ставілі хлеб-соль і шклянку з вадой. На С. родныя наведваюць магілу памерлага, наладжваюць ў доме жалобны стол, які паходзіць ад стараж. язычніцкай трызны. Сярод абавязковых памінальных страў — куцця, канун і інш. Асобны прыбор з пітвом і стравай ставяць для памерлага. Неабходнасць адзначаць С. тлумачаць тым, што непамянутая душа асуджана на пакуты і не будзе спрыяць людзям у іх зямных справах.

У.​А.​Васілевіч.

т. 14, с. 179

САРБЕ́НТЫ [ад лац. sorbens (sorbentis) які паглынае],

гл. ў арт. Сорбцыя.

т. 14, с. 179

САРБЕ́ЎСКІ (Мацей Казімір) (24.2.1595, в. Сарбева, каля г. Плоцк Мазавецкага ваяв., Польшча —2.4.1640),

новалацінскі паэт, тэарэтык л-ры і школьнага т-ра, тэолаг, філосаф. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. Удасканальваў веды ў Германіі і Італіі. У 1612 уступіў у ордэн езуітаў. Выкладаў у Полацкім (1618—20, 1626—27) і Нясвіжскім езуіцкіх калегіумах, у Віленскай езуіцкай акадэміі (1620—22, 1628—35). З 1635 каталіцкі прапаведнік пры двары караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV. Аўтар зб-каў «Тры кнігі лірычных вершаў» (1625), «Чатыры кнігі лірычных вершаў» (1631), «Лясныя песні» (1637), трактатаў па рыторыцы, паэтыцы і ант. міфалогіі («Пра дасканалую паэзію», «Своеасаблівасць лірыкі», «Аб вартасцях і недахопах элегіі», «Аб трагедыі і камедыі», «Аб фігурах думкі», «Аб вытанчанасці і дасціпнасці» і інш.), якія ўвайшлі ў зб-кі: «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954), «Лекцыі па паэтыцы» (апубл. 1958), «Багі язычнікаў» (апубл. 1972, усе выд. ў Польшчы на лац. і ў перакладзе на польскую мову). Асноўваючыся на працы ант. аўтараў (Арыстоцель, Платон, Гарацый, Цыцэрон) і аўтараў часоў Адраджэння (Ю.​Скалігер, Я.​Пантан), распрацоўваў эстэт. пытанні паэзіі, драматургіі, красамоўства, міфалогіі. Яго даследаванні знаходзіліся на ўзроўні лепшых еўрап. прац таго часу і зрабілі ўплыў на выкладанне гэтых навук на Беларусі і Літве. Вершы С. перакладзены на англ., ням., франц. мовы Д.​Набароўскім, на польскую мову — У.​Сыракомлем.

Літ.:

Резанов В.И. Поэтика М.​К.​Сарбевского...: (К истории рус. драмы). Нежин, 19.11;

Конан У.М. Полацкі курс паэтыкі М.​К.​Сарбеўскага (1618—1627 гг.) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1972. № 1;

Яго ж. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;

Яго ж. На скрыжаванні братніх культур: Мацей Казімір Сарбеўскі, 1595—1640 // Вяртання маўклівая споведзь: Постаці творцаў бел. гісторыі ў кантэксце часу. Мн., 1994.

У.​М.​Конан.

т. 14, с. 179

САРБІ́Т,

шасціатамны аліфатычны спірт, прадукт узнаўлення D-глюкозы. Ёсць у марскіх водарасцях, пладах рабіны, слівы, яблыні і інш.

Бясколерныя крышталі салодкага смаку. Пры акісленні ў залежнасці ад умоў утварае глюкозу, фруктозу або сарбозу. D-С. — найб. важны прамежкавы прадукт пры вытв-сці аскарбінавай кіслаты. Ужываюць як заменнік цукру.

т. 14, с. 179

САРБО́НА (Sorbonne),

багаслоўскі калеж і інтэрнат для студэнтаў і выкладчыкаў у 1257—1554 у Лац. квартале Парыжа (ад імя заснавальніка Р. дэ Сарбона, духоўніка караля Людовіка IX); у 1554—1792 тэалагічны ф-т Парыжскага універсітэта. З 17 ст. да 1972 пашыраная другая назва Парыжскага ун-та. Пасля рэарганізацыі апошняга (1972) С. называюцца ун-ты і інш. ўстановы, што знаходзяцца ў цэнтры Лац. квартала Парыжа, паміж Пантэонам і пл. Сент-Мішэль. Рэканструкцыя, праведзеная ў 1885—1901 пад кіраўніцтвам архітэктара П.​Ненота, надала С. сучасны выгляд. Ад ансамбля будынкаў С., узведзеных кардыналам А.​Рышэлье паводле плана архітэктара Ж.​Лемерсье, захавалася толькі капліца. На працягу многіх стагоддзяў С. была цэнтрам філас., рэліг. і паліт. думкі. Яе ўзначальвалі ў розны час Л.​Кондэ, А.​Рышэлье, Дж.​Мазарыні. Як ВНУ карыстаецца аўтарытэтам ва ўсім свеце.

Э.​М.​Крайко.

т. 14, с. 179

САРГА́Н звычайны,

або атлантычны (Belone belone), рыба сям. сарганавых атр. сарганападобных. Трапляецца ў Чорным і Балтыйскім морах.

Даўж. да 90 см, маса 300—400 г. Цела доўгае, тонкае, сківіцы выцягнутыя, звычайна з клыкападобнымі зубамі. Нераст у прыбярэжнай зоне, сярэдняя пладавітасць каля 15 тыс. ікрынак. Ікрынкі прымацоўваюцца да водарасцей. Корміцца дробнай рыбай. Аб’ект мясц. промыслу.

Сарган.

т. 14, с. 179

СА́РГАН Старажытны (Акадскі; акадскае Шарум-кен,

Шарукін), акадскі цар. У 24 ст. да н.э. засн. дзяржаву у Двухрэччы з цэнтрам у г. Акад. Паходзіў з семіцкага г. Кіш. Перамог шумерскага цара Лугальзагісі і заваяваў усе гарады-дзяржавы Двухрэчча. Армія С. дасягнула Элама, Сірыі, М. Азіі. Пры С. храмавыя гаспадаркі былі злучаны з царскімі. Дзяржава С. была першай спробай стварэння цэнтралізаванай дэспатыі.

т. 14, с. 179

СА́РГАН II (акадскае Шарукін),

цар Асірыі ў 722—705 да н.э. Прыйшоў да ўлады пасля звяржэння цара Салманасара V [727—722 да н.э.]. У сваёй палітыцы імкнуўся прымірыць інтарэсы жрэцтва і прывілеяваных гарадоў Асірыі і Вавілоніі з інтарэсамі ваен. партыі. Завяршыў заваяванне Ізраільскага царства (722) і Сірыі (717); у 714 перамог Русу I, цара Урарту, захапіў г. Мусасір з урарцкімі скарбамі, заваяваў шэраг абласцей ўсх. М. Азіі (імкнуўся не дапусціць саюзу Урарту з Фрыгіяй), а таксама Мідыі; у 710—709 авалодаў Вавілоніяй.

т. 14, с. 179

САРГА́САВА МО́РА (Sargasso Sea). У цэнтральнай частцы Атлантычнага акіяна. Абмывае ўсх. берагі Канады, ЗША, Кубы. Пл. 6—7 млн. км² (межы ўмоўныя і зменлівыя ў выніку сезонных перамяшчэнняў цячэнняў). Глыб. да 7110 м. Назва ад скопішчаў плаваючых саргасавых водарасцей, вял. колькасць якіх звязана з наяўнасцю ў С.м. зоны сыходжання паверхневых цячэнняў. У С.м. размешчаны Бермудскія а-вы. Уяўляе сабой застойны цэнтр асім. замкнутай антыцыкланічнай цыркуляцыі, тыповай для субтрапічных мораў, паміж цячэннямі Гальфстрым, Канарскім, Паўн.Атлантычным і Паўн. Пасатным. Т-ра вады на паверхні 18—23 °C зімой, 26—28 °C летам. Салёнасць 36,5—37‰. Багаты жывёльны свет: свабоднаплаваючыя — макрэлевыя, лятучыя рыбы, марскія іголкі, крабы, марскія чарапахі і інш.; прымацаваныя да водарасцей — актыніі, імшанкі і інш.

т. 14, с. 179

САРДА́Р (сярдар, сірдар) (перс.), 1) у Асманскай імперыі тытул камандуючага палявой арміяй.

2) У Егіпце ў перыяд англ. панавання — брыт. афіцэр, які камандаваў войскамі правіцеля краіны (хедыва).

3) У Іране, Афганістане — саноўнік, галава племені (у такіх выпадках часам С. — састаўная ч. імя).

4) У Індыі (да англ. заваявання ў 1840 Пенджаба — паўн. ч. Індыі) С. наз. сікхскія (каста джатаў) военачальнікі і прадстаўнікі мясц. феад. праслойкі (чл. кіруючай дынастыі, намеснікі абласцей і інш.).

т. 14, с. 179