САРБО́НА (Sorbonne),
багаслоўскі калеж і інтэрнат для студэнтаў і выкладчыкаў у 1257—1554 у Лац. квартале Парыжа (ад імя заснавальніка Р. дэ Сарбона, духоўніка караля Людовіка IX); у 1554—1792 тэалагічны ф-т Парыжскага універсітэта. З 17 ст. да 1972 пашыраная другая назва Парыжскага ун-та. Пасля рэарганізацыі апошняга (1972) С. называюцца ун-ты і інш. ўстановы, што знаходзяцца ў цэнтры Лац. квартала Парыжа, паміж Пантэонам і пл. Сент-Мішэль. Рэканструкцыя, праведзеная ў 1885—1901 пад кіраўніцтвам архітэктара П.Ненота, надала С. сучасны выгляд. Ад ансамбля будынкаў С., узведзеных кардыналам А.Рышэлье паводле плана архітэктара Ж.Лемерсье, захавалася толькі капліца. На працягу многіх стагоддзяў С. была цэнтрам філас., рэліг. і паліт. думкі. Яе ўзначальвалі ў розны час Л.Кондэ, А.Рышэлье, Дж.Мазарыні. Як ВНУ карыстаецца аўтарытэтам ва ўсім свеце.
Э.М.Крайко.
т. 14, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)