Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУЛІ́К (Рыгор Іванавіч) (9.11.1890, хутар Дуднікава, цяпер Палтаўская вобл., Украіна — 24.8.1950),

савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1940). Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). У арміі з 1912, удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. 3 мая 1937 нач. артыл. ўпраўлення РСЧА. З 1939 нам. наркома абароны СССР і нач. Гал. артыл. ўпраўлення. Вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40. У пач.

Вял. Айч. вайны прадстаўнік Стаўкі Гал. камандавання на Зах. фронце, у раёне г. Беласток трапіў у акружэнне. Са жн. 1941 камандуючы 54-й арміяй на Ленінградскім, потым на Варонежскім і Сцяпным франтах. У сак. 1942 за пралікі ў камандаванні войскамі паніжаны ў званні да ген.-маёра. Пасля 1944 нам. начальніка Гал. ўпраўлення фарміравання і камплектавання войск РСЧА, нам. камандуючага войскамі Прыволжскай ваен. акругі. З 1946 у адстаўцы. 11.1.1947 арыштаваны па лжывым абвінавачанні ў «антысав. варожай дзейнасці». Расстраляны паводле прыгавору ваен. калегіі Вярх. суда СССР. У крас. 1956 рэабілітаваны. У 1957 пасмяротна адноўлены ў званні Маршала Сав. Саюза.

Літ.:

Г.​И.​Кулик: [Публикация автобиогр. военачальника от 1939 г.] // Военно-ист. журн. 1990. № 3;

Шумейко Ю. Кулик // Коммунист Вооруженных Сил. 1990. № 10;

Печенкин А. И ордена, и тюрьма: Роковая карьера маршала Кулика // Родина. 1996. № 6.

т. 9, с. 5

КУЛІ́К (Яўген Сяргеевіч) (н. 31.10.1937, Мінск),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1963). У станковых творах распрацоўвае тэмы гісторыі і культ. спадчыны бел. народа: серыі «Помнікі дойлідства Гродзеншчыны» (1974), «Славутыя дзеячы гісторыі і культуры Беларусі» (з 1993), малюнкаў-рэканструкцый «Замкі Беларусі», лісты «Кірмаш на Беларусі ў 18 ст.» (усе 1977), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле рамана У.​Караткевіча (1978), «На куццю» паводле паэмы Я.​Купалы (1982), «Памяці Алены Кіш» (1983), «Паўстанне 1863 г. на Беларусі» (1988), трыпціх «Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Лазар Богша» (1996). Завершанасцю кампазіцый, сінтэзам выяўл. сродкаў вылучаюцца ілюстрацыі да кніг М.​Багдановіча, А.​Вольскага, В.​Зуёнка, Міколы Гусоўскага і інш.

Р.І.Кулік.
Я.Кулік. Старонка кнігі М.​Багдановіча «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». 1975.

т. 9, с. 6

КУЛІКІ́ (Limicolae),

падатрад птушак атр. сеўцападобных. 14 сям., каля 180 відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць па берагах вадаёмаў, у тундры, стэпе, на высакагор’і, пераважна на адкрытых месцах, некаторыя віды — у лясах ці хмызняках. На Беларусі 23 віды з 5 сямействаў.

Даўж. да 62 см, маса да 1,1 кг. Апярэнне шчыльнае, звычайна няяркае. Дзюба ад кароткай шылападобнай ці тоўстай да доўгай, прамой ці выгнутай. Крылы пераважна доўгія. Кормяцца беспазваночнымі, часам ягадамі і насеннем. Гнёзды звычайна на зямлі. Нясуць 2—5 яец. Аб’ект палявання.

т. 9, с. 6

КУЛІКІ́-САРО́КІ (Haematopus),

птушкі роду сяўцовых атр. сеўцападобных. Вядомы з ніжняга міяцэну Паўн. Амерыкі. 4 віды. Пашыраны спарадычна па берагах мораў, унутр. вадаёмаў. На Беларусі трапляецца К.-с. звычайны (H. ostralegus). Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У Чырв. кнізе МСАП — 1 від і 1 падвід.

Даўж. да 43 см, маса да 500 г. Кормяцца малюскамі, дробнымі ракападобнымі, чарвямі, насякомымі, зрэдку дробнай рыбай. Нясуць 2—4 яйцы.

Кулік-сарока звычайны.

т. 9, с. 6

КУЛІКО́Ў (Валерый Пятровіч) (н. 27.2.1949, в. Лотва Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Д-р тэхн. н. (1996), праф. (1999). Скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы ін-т (1971), дзе і працуе. Навук. працы па даследаванні тэхнал. працэсаў зваркі і неразбуральным кантролі зварных злучэнняў.

Тв.:

Расчет намагничивающих устройств для магнитографической дефектоскопии (разам з АМ.Беляговым, АП.​Гарышавым) // Дефектоскопия. 1989. № 2;

Технология и оборудование сварки плавлением. Могилев, 1998.

т. 9, с. 6

КУЛІКО́Ў (Віктар Георгіевіч) (н. 5.7.1921, с. Верхняя Любоўша Новадзеравенькаўскага р-на Арлоўскай вобл., Расія),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1977). Герой Сав. Саюза (1981). У арміі з 1939. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1953) і Генштаба (1959). У Вял. Айч. вайну на Паўднёва-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім і 2-м Бел. франтах пераважна на камандных пасадах у танк. часцях. Пасля вайны на штабных і камандных пасадах. З 1969 галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. З 1971 нач. Генштаба, 1-ы нам. міністра абароны СССР. У 1977—89 галоўнакамандуючы аб’яднанымі ўзбр. сіламі дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора (гл. Варшаўскі дагавор 1955). Дэп. Вярх. Савета СССР з 1968.

В.Г.Кулікоў.

т. 9, с. 6

КУЛІКО́Ў (Іван Сямёнавіч) (н. 10.4.1949, г.п. Хоцімск Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне энергетыкі і энергет. машынабудавання. Д-р фіз.-матэм. н. (1995). Скончыў Казанскі ун-т (1972). З 1974 у Ін-це праблем энергетыкі Нац. АН Беларусі (у 1995—98 нам. дырэктара), адначасова (з 1998) дырэктар дзярж. прадпрыемства «Белінвестэнергазберажэнне». Навук. працы па даследаванні трываласці і надзейнасці элементаў энергет. абсталявання, па пытаннях рэсурсаэнергазберажэння. Распрацаваў тэорыю разліку напружана-дэфармаванага стану нераўнамерна нагрэтых цел ва ўмовах рэактарнага апрамянення.

Тв.:

Прочность тепловыделяющих элементов быстрых газоохлаждаемых реакторов. Мн., 1984 (разам з Б.​Я.​Цвяркоўкіным);

Прочность элементов конструкций при облучении. Мн., 1990 (разам з В.​Б.​Несцярэнкам, Б.​Я.​Цвяркоўкіным).

т. 9, с. 6

КУЛІКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1380, Мамаева пабоішча. Адбылася паміж войскамі Залатой Арды на чале з Мамаем і вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога на Куліковым полі каля ўпадзення р. Няпрадва ў Дон (цяпер Куркінскі р-н Тульскай вобл. Расіі) 8.9.1380. Пасля паражэння ардынскіх сіл на р. Вожа (1378) Мамай летам 1380 на чале сабранага ім войска (паводле розных падлікаў 40—150 тыс. чал.) з мангола-татараў, генуэзскіх наёмнікаў, чэркесаў, асецінаў і інш. рушыў да р. Ака на злучэнне з сіламі саюзнікаў — вял. кн. ВКЛ Ягайлы і вял. кн. разанскага Алега Іванавіча (выдаў Дзмітрыю Іванавічу планы Мамая і фактычна супраць яго не дзейнічаў). На чале маскоўскіх і саюзных сіл (яраслаўскія, растоўскія, белазерскія, мяшчэрскія, невял. наўгародскі атрад), да якіх пазней далучыліся кн. пскоўскі Андрэй Альгердавіч з атрадам палачан і пскавічоў і кн. старадубскі і трубчэўскі Дзмітрый Альгердавіч з дружынай, Дзмітрый Іванавіч рушыў насустрач праціўніку ў вярхоўі Дона. 8 вер. яго войска (паводле розных падлікаў 70—150 тыс. чал.) пераправілася на правы бераг Дона і размясцілася на Куліковым полі, укрыўшы свае флангі ў непрыдатных для дзеянняў конніцы далінах рэчак Смолка (левы фланг) і Ніжні Дубяк (правы фланг). Адначасова сюды падышоў з войскам Мамай. Уперадзе гал. рус. і саюзных ім сіл размясціўся Вартавы палк на чале з кн. Дзмітрыем Друцкім (паводле некаторых крыніц, ззаду Вартавога стаяў і Перадавы полк), за ім у цэнтры — Вял. полк пераважна з масквічоў, на флангах — палк Правай рукі пад камандаваннем Андрэя Альгердавіча (паводле адной з рэдакцый «Сказання пра Мамаева пабоішча» адным з ваяводаў гэтага палка быў кн. Глеб Друцкі, асоба якога не высветлена) і полк Левай рукі на чале з белазерскімі князямі, у рэзерве — конніца Дзмітрыя Альгердавіча і схаваны ў дуброве за левым флангам конны Засадны полк пад камандаваннем князёў Уладзіміра Андрэевіча Храбрага і Дзмітрыя Міхайлавіча Баброк-Валынскага. Войскі Мамая стаялі разгорнутым фронтам (уперадзе конніца, за ёю наёмная пяхота) і не мелі значных рэзерваў. Бітва пачалася двухбаковым паядынкам воінаў Перасвета і Чэлубея (абодва загінулі). Конніца Мамая разбіла Вартавы палк, намагалася разграміць палкі Правай рукі і Левай рукі і, пацясніўшы апошні, зайшла ў фланг і тыл Вял. палка. Зыход бітвы вырашыў раптоўны ўдар Засаднага палка і адначасовы ўдар коннай дружыны Дзмітрыя Альгердавіча, што прывяло да поўнага паражэння Мамая. У выніку бітвы рус. і саюзныя ім войскі страцілі каля паловы свайго складу, у т. л. «30 паноў літоўскіх» (верагодна, з дружын Альгердавічаў). Пасля яе Дзмітрый Іванавіч атрымаў ганаровае празванне Данскі. Вял. кн. ВКЛ Ягайла спазніўся да бітвы і адступіў у Літву. К.б. аслабіла манг.-тат. панаванне на землях Паўн.-Усх. Русі, садзейнічала ўзмацненню ролі Масквы ў стварэнні Рус. дзяржавы. Пра яе напісаны літ. творы («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.), яна стала тэмай твораў выяўл. і музычнага мастацтваў. На Куліковым полі мемарыял.

Літ.:

Кирпичников А.Н. Куликовская битва. Л., 1980;

Куликовская битва: Сб. статей. М., 1980;

Сказания и повести о Куликовской битве. Л., 1982.

В.​А.​Юшкевіч, М.​Г.​Нікіцін.

Кулікоўская бітва 1380. Мініяцюра канца 16 ст.

т. 9, с. 6

КУЛІК-ВЕРАБЕ́Й (Calidris minuta),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундрах Еўразіі. На Беларусі рэдкі пралётны від. Трапляецца на пясчаных водмелях і косах рэк.

Даўж. да 17 см, маса да 27 г. Афарбоўка стракатая, зверху цёмная, з іржава-рыжай аблямоўкай, брушка белае. Дзюба і ногі чорныя. Корміцца насякомымі і іх воднымі лічынкамі, малюскамі, дробнымі ракападобнымі. Нясе 3—4 яйцы.

т. 9, с. 6

КУЛІНА́РЫЯ (ад лац. culina кухня),

1) мастацтва прыгатавання ежы з сырых раслінных або жывёльных прадуктаў. Наогул — зборная назва страў, прадуктаў харчавання.

2) Крама гатовых страў і паўфабрыкатаў.

т. 9, с. 7