Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Касенка Ірына Аляксандраўна

т. 18, кн. 1, с. 404

КАСЕ́ТА (ад франц. cassette скрыначка),

узаемазамяняльнае прыстасаванне, якое забяспечвае аптымальныя ўмовы апрацоўкі, транспартавання і захоўвання дэталей, матэрыялаў і інш. Да іх адносяць скрыні для цэментацыі, паддоны для награвання, падвескі для гальванічных ваннаў і інш. Існуюць таксама фатаграфічныя і магнітафонныя К.

Фатаграфічная К. — святлонепранікальнае прыстасаванне, у якое змяшчаюць святлоадчувальны матэрыял (кіна- і фотаплёнку, фотапласцінку) для правядзення фота- або кіназдымкі. Бываюць адзінарныя, падвойныя і паўтарачныя (здвоеныя). Магнітафонная К. — прыстасаванне ў выглядзе закрытай плоскай скрыначкі, унутры якой змяшчаецца магнітная стужка для магнітафона ці відэамагнітафона (відэакасета).

т. 8, с. 140

КАСЕ́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,

невялікая група песень летняга цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Вядомы ў многіх земляробчых народаў свету. Спяваліся ў час касьбы і ўборкі сена. Перадаюць атмасферу касавіцы, клопат селяніна пра тое, каб своечасова ўправіцца з работай на сенажаці. К.п. пераважна лірычнага характару, у іх трапляюцца элементы рамант. ўспрымання касецкай працы («Касары косяць, вецер павявае, // Шаўкова трава на касу палягае»), паказаны яе размах («Пакосяць усе горы і даліны»), чуецца скарга касцоў на пана-прыгонніка, цяжар працы («Ой, да бокам, хмарачка, бокам»). Тэматыка К.п. уключае і любоўныя матывы («Зажурылася маладая ўдовушка», «Ветрык вее, сонейка грэе»), закранае сямейныя адносіны («На балоце касец косіць»). Некат. з іх маюць жартоўную афарбоўку. Для паэтыкі К.п. характэрна выкарыстанне вобразаў прыроды (дуброва, луг, скошаная трава, лёгкі ветрык, сонца, хмара і інш.), якія ствараюць натуральны фон працы касцоў. Мелодыка асобных К.п. набліжаецца да жніўных песень.

А.С.Ліс.

т. 8, с. 140

КАСІ́ГА ((Cossiga) Франчэска) (н. 26.7.1928, г. Сасары, Італія),

італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч. Праф. у галіне канстытуцыйнага права ва ун-це г. Сасары. Чл. Хрысц.-дэмакр. партыі (ХДП, 1945—85). Дэп. парламента (з 1958) і адзін з кіраўнікоў парламенцкай групы ХДП (з 1963). У 1966—74 дзярж. сакратар у шэрагу мін-ваў, у 1974—75 міністр па рэформе сістэмы кіравання, у 1975—78 міністр унутр. спраў (рэарганізаваў паліцыю, стварыў падраздзяленні па барацьбе з тэрарызмам); падаў у адстаўку пасля забойства «чырвонымі брыгадамі» А.Мора. У 1979—80 прэм’ер-міністр, у 1983—85 старшыня сената. У 1985—92 прэзідэнт Італьян. Рэспублікі.

т. 8, с. 141

КА́СІЙ (Лонгін Гай) (Gaius Cassius Longinus; ?—42 да н.э.),

старажытнарымскі ваен. і паліт. дзеяч. З плебейскага роду Касіяў. Нар. трыбун (49), прэтар (44). Удзельнік парфянскага паходу Ліцынія Краса (53). У пач. грамадз. вайны 49—45 прыхільнік Гнея Пампея, пасля бітвы пры Фарсале (48) спыніў супраціўленне, памілаваны Цэзарам. У 44 да н.э. адзін з арганізатараў забойства Цэзара. Пасля ўтварэння 2-га трыумвірату (43) аб’яднаўся з М.Брутам супраць трыумвіраў. Пасля паражэння ў бітве пры Філіпах (42) скончыў самагубствам.

т. 8, с. 141

КАСІК’Я́РЭ (Casiquiare),

рака на Пд Венесуэлы. Даўж. 410 км, пл. басейна 45 тыс. км². Прымае частку сцёку (каля ⅓) р. Арынока на ўчастку верхняга цячэння, у раёне г. Сан-Карлас злучаецца з р. Рыу-Негру (бас. р. Амазонка). Сувязь дзвюх вял. рэк Паўд. Амерыкі — класічны прыклад біфуркацыі рэк. Злучэнне К. з р. Арынока адбываецца пры дапамозе «канала» — натуральнага рэчышча даўж. каля 30 км (з падзеннем да 5 м), які служыць вадаскідам з р. Арынока ў бас. Рыу-Негру.

т. 8, с. 141

КАСІ́ЛКА,

машына для скошвання сеяных і прыродных траў і інш. раслін. Бываюць: трактарныя (навясныя. паўнавясныя, прычапныя), самаходныя, конныя і ручныя малагабарытныя матарызаваныя; 1-, 2-, 3- і 5-брусавыя (захоп аднаго бруса 2,1 м); з сегментна-пальцавым і ратацыйна-дыскавым рэжучым апаратам. Прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара або ад хадавых колаў.

Уласна К. скошваюць траву і ўкладваюць яе ў пракос або збіраюць у валкі. Шырыня захопу да 10 м, прадукцыйнасць да 9,7 га/гадз. К.-здрабняльнікі скошваюць траву, нізкасцябловую кукурузу і інш. сіласныя культуры, адначасова здрабняюць іх і падаюць атрыманую масу ў бункер ці прычэп для транспартавання. Могуць выкарыстоўвацца для скошвання бацвіння бульбы і коранеклубняплодаў. Агрэгатуюцца з трактарамі «Беларусь» і інш. Прадукцыйнасць да 45 т/гадз. К.-плюшчылкі (самаходныя або прычапныя) адначасова скошваюць, расплюшчваюць сцёблы сеяных бабовых траў і ўкладваюць іх у валок ці рассцілаюць на ржышчы. Расплюшчванне сцёблаў паскарае іх сушку і садзейнічае захаванню лістоў — найб. пажыўнай ч. раслін. Плюшчыльны апарат — вальцы з гладкай, фігурнай або рабрыстай паверхняй. Шырыня захопу да 5 м, прадукцыйнасць да 5 га/гадз.

Касілкі: 1 — трохбрусавая прычапная; 2 — касілка-здрабняльнік ротарная прычапная; 3 — касілка-плюшчылка самаходная.

т. 8, с. 141

КАСІ́ЛЬ (Леў Абрамавіч) (10.7.1905, г. Энгельс Саратаўскай вобл., Расія — 21.6.1970),

расійскі пісьменнік. Чл.-кар. АПН СССР (1965). Вучыўся ў Маск. ун-це. Друкаваўся з 1925. Творы пераважна для дзяцей і юнацтва, тэматычна разнапланавыя — падзеі 1917 і Вял. Айч. вайны, людзі спорту і мастацтва, этычная праблематыка: аўтабіягр. аповесці «Кандуіт» (1930) і «Швамбранія» (1933), аповесці «Чарамыш, брат героя» (1938), «Вялікае процістаянне» (ч. 1—2, 1941—47), «Вуліца малодшага сына» (1949, з М.Паляноўскім; Дзярж. прэмія СССР 1951; экранізацыя «Беларусьфільмам» 1962), «Будзьце гатовы, Ваша вялікасць!» (1964), «Так было» (з Паляноўскім, 1970), раманы «Варатар рэспублікі» (1938), «Ход белай каралевы» (1956), «Чаша гладыятара» (1961). Аўтар публіцыст. кн. «Твае абаронцы» (1942), дарожных нататак, кніг пра У.Маякоўскага, С.Міхалкова і інш. Творчасць адметная разуменнем дзіцячага светаўспрымання, аптымізмам, спалучэннем лірызму з гумарам і сатырай, трапнасцю мовы. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.Вольскі, А.Якімовіч, Я.Васілёнак.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1965—66;

Бел. пер. — Турэцкія буцы. Мн., 1937;

Кандуіт і Швамбранія. Мн., 1939;

Дарагія мае хлапчукі. Мн., 1947;

Выбуховы груз і іншыя апавяданні. Мн., 1947;

Пра жыццё зусім добрае. Мн., 1962.

Літ.:

Жизнь и творчество Льва Кассиля. М., 1979.

т. 8, с. 141

КАСІ́МАЎ,

горад у Расіі, раённы цэнтр у Разанскай вобл., на левым беразе р. Ака. Засн. ў 1152, да 1471 Гарадзец-Мяшчэрскі, з сярэдзіны 15 ст. да 1681 цэнтр Касімаўскага царства (у складзе Рус. дзяржавы). 37,9 тыс. ж. (1996). Прыстань. Аэрапорт. Чыг. станцыя (за 8 км ад К.). Сеткавязальная і аўчынна-футравая ф-кі; суднарамонтны, халадзільнага машынабудавання і інш. з-ды. Краязнаўчы музей. Мінарэт (15 ст.), мусульм. маўзалеі (16—17 ст.), цэрквы і сабор (пач. 18—19 ст.).

т. 8, с. 141

КАСІ́МАЎСКАЕ ЦА́РСТВА,

удзельнае княства ў Расіі ў 15—17 ст. Створана каля 1450—56 вял. князем маскоўскім Васілём II Цёмным для тат. ханаў, што перайшлі ў маскоўскае падданства. Займала тэрыторыю ўздоўж р. Ака (цяпер паўн.-ўсх. ч. Разанскай вобл.), населеную мешчарой, мардвой і часткова татарамі. Цэнтр — г. Гарадзец-Мяшчэрскі, перайменаваны ў гонар першага ўладальніка — казанскага царэвіча Касім-Хана — у Касімаў (адсюль назва). «Цары» і «царэвічы» прызначаліся маскоўскім урадам. Страціла ваен.-паліт. значэнне пасля далучэння да Расіі Казанскага ханства (1552) і стала фактычна кіравацца маскоўскімі ваяводамі. Скасавана ў 1681.

т. 8, с. 141