Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЛАГЕНАВЫТВО́РНЫЯ ВУГЛЕВАДАРО́ДАЎ,

клас арганічных злучэнняў, якія маюць атамы галагенаў, звязаныя з вуглевадароднымі радыкаламі.

Большасць галагенавытворных вуглевадародаў бясколерныя вадкасці. У вадзе амаль не раствараюцца, добра раствараюцца ў эфіры, спірце і інш. арган. растваральніках. З вадой і слабымі растворамі шчолачаў утвараюць спірты, з аміякам — аміны, з солямі карбонавых кіслот — складаныя эфіры і г.д. Атам галагену каля вугляроду пры падвойнай сувязі (у т. л. ў араматычных галагенавытворных вуглевадародах) інертны і з цяжкасцю ўступае ў звычайныя для галагенавытворных вуглевадародаў рэакцыі (напр., вінілхларыд, хлорбензол). Пад уздзеяннем канцэнтраваных раствораў шчолачаў галагенавытворныя вуглевадароды утвараюць алкены. Атрымліваюць галагеніраваннем вуглевадародаў, спіртоў (замяшчэнне атамаў вадароду, гідроксігрупы галагенам), ненасычаных арган. злучэнняў (далучэнне галагенаў і галагенавадародаў) і інш. метадамі.

Выкарыстоўваюць як растваральнікі (метыленхларыд, тэтрахлорэтылен, трыхлорэтылен, трыхлорэтаны), холадагенты для халадзільных машын (хладоны), інсектыцыды (гексахлорбутадыен, ДД — сумесь дыхлорпрапанаў і дыхлорпрапенаў, гексахлорцыклагексан), абязбольвальныя сродкі ў медыцыне (хлараформ, этылхларыд, ёдаформ), як антыпірэны, у вытв-сці палімераў (полівінілхларыд, фторапласты) і інш. арган. рэчываў.

К.Л.Майсяйчук.

т. 4, с. 445

ГАЛАГЕНАНГІДРЫ́ДЫ,

вытворныя кіслот, у малекулах якіх гідраксільныя OH-групы замешчаны атамамі галагенаў. Напр., хлорысты сульфурыл SO2Cl2 — галагенангідрыд сернай к-ты H2SO4 ці SO2(OH)2; ацэтылхларыд CH3COCl — галагенангідрыд воцатнай к-ты CH3COOH. Галагенангідрыды большасці неарган. к-т, а таксама хлорангідрыды ніжэйшых карбонавых к-т аліфатычнага рада — вадкасці з рэзкім пахам. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе (звычайна хлорангідрыды) для ацыліравання. Раздражняюць слізістыя абалонкі і скуру. Для галагенангідрыдаў ніжэйшых аліфатычных карбонавых к-т ГДК 0,1—0,3 мг/м³.

т. 4, с. 446

ГАЛАГЕНІ́ДЫ,

хімічныя злучэнні галагенаў з інш. менш электраадмоўнымі элементамі. У прыродзе ўтвараюць асобныя класы мінералаў. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці галагенаў, шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, як кампанент шкла і інш. неарган. матэрыялаў.

Галагеніды неметалаў звычайна газы (напр., галагенавадароды, фтарыды серы) ці вадкасці (напр., хларыды серы). Галагеніды шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, а таксама мона- і дыгалагеніды інш. металаў — цвёрдыя крышт. рэчывы, даволі тугаплаўкія і малалятучыя. Большасць крышт. галагенідаў добра раствараецца ў вадзе, акрамя фтарыдаў. Гл. таксама Браміды, Ёдыды, Фтарыды, Хларыды.

т. 4, с. 446

ГАЛАГЕ́НЫ,

галоіды, хімічныя элементы галоўнай падгрупы VII групы перыядычнай сістэмы: фтор F, хлор Cl, бром Br, ёд І і астат At. У прыродзе трапляюцца толькі ў злучэннях (акрамя At).

Малекула галагенаў двухатамная. У звычайных умовах фтор і хлор — газы, бром — вадкасць, ёд і астат — цвёрдыя рэчывы. З павелічэннем ат. масы (ад F да At) павышаюцца т-ры плаўлення і кіпення. Галагены маюць найб. сярод усіх хім. элементаў роднасць да электрона, фтор самы электраадмоўны элемент. Моцныя акісляльнікі, непасрэдна рэагуюць з большасцю хім. элементаў. Рэакцыйная здольнасць у радзе F—Cl—Br—I памяншаецца. З вадародам галагены ўтвараюць галагенавадароды, з металамі і неметаламі — галагеніды, з кіслародам — аксіды (фтор — фтарыды кіслароду). Усе ядавітыя і маюць бактэрыцыдныя ўласцівасці.

І.В.Боднар.

т. 4, с. 446

ГАЛАГРА́МА

(ад грэч. holos увесь, поўны + ...грама),

зарэгістраваная на святлоадчувальным матэрыяле (або інш. носьбіце) інтэрферэнцыйная карціна хвалевага поля, якая змяшчае інфармацыю пра аб’ёмны відарыс аб’екта і дае магчымасць узнаўляць гэты відарыс.

Атрымліваецца пры інтэрферэнцыі святла ў тонкім слоі фотаэмульсіі ў выглядзе інтэрферэнцыйных палос — двухмерная (плоская) галаграма або ў тоўстым слоі фотаэмульсіі — трохмерная (аб’ёмная) галаграма. Узнаўленне відарыса аб’екта адбываецца за кошт дыфракцыі святла пры праходжанні яго праз галаграму (прапускальная галаграма) або пры адбіцці ад галаграмы (адбівальная галаграма). Гл. таксама Галаграфія.

т. 4, с. 446

ГАЛАГРАФІ́ЧНАЕ КІНО́,

кіно з каляровым цалкам аб’ёмным відарысам аб’ектаў, які ствараецца метадамі галаграфіі. Перспектыўнае для выкарыстання ў тэатралізаваных паказах, навуч. працэсе, для даследавання хуткацякучых фіз. працэсаў, неразбуральнага кантролю трываласці вібрыруючых вырабаў і інш.

Здымка фільма робіцца апаратамі, якія фіксуюць на плёнцы відарысы аб’екта пад рознымі вугламі. Кожны кадр складаецца з 3 галаграм (яны фіксуюць структуру адбітай аб’ектам светлавой хвалі), атрыманых у чырвоным, зялёным і сінім колерах. Пры дэманстраванні фільма плёнку, змешчаную ў праекцыйны апарат, асвятляюць прамянямі з адпаведнай даўжынёй хвалі ад трох лазераў. У выніку на спец. экране (амаль празрыстым) узнікае бачны трохмерны відарыс такіх памераў, як на плёнцы. Праекцыйным аб’ектывам атрыманы відарыс павялічваецца да памераў, адпаведных аб’екту здымкі. Асн. прынцыпы галаграфічнага кіно распрацаваны ў 1970-я г. ва Усесаюзным н.-д. кінафотаінстыгуце (Масква), дзе зняты і прадэманстраваны (1976) першы эксперым. галаграфічны фільм працягласцю каля 2 мін.

т. 4, с. 446

ГАЛАГРА́ФІЯ

(ад грэч. holos увесь, поўны + ...графія),

метад атрымання поўнага аб’ёмнага відарыса аб’екта, заснаваны на інтэрферэнцыі і дыфракцыі кагерэнтных хваль; галіна фізікі, што вывучае заканамернасці запісу, узнаўлення і пераўтварэння хвалевых палёў рознай прыроды (аптычных, акустычных і інш.). Галаграфію вынайшаў (1948) і атрымаў першыя галаграмы (ГЛ) найпрасцейшых аб’ектаў Д.Габар. У 1962—63 амер. фізікі Э.Лэйтс і Ю.Упатніекс выкарысталі для атрымання ГЛ лазер, а сав. фізік Ю.М.Дзенісюк (1962) прапанаваў метад запісу аб’ёмных ГЛ. У 1960-я г. створаны тэарэт. і эксперым. асновы галаграфіі.

Аб’ёмны відарыс аб’екта фіксуецца на ГЛ у выглядзе інтэрферэнцыйнай карціны, створанай прадметнай хваляй (ПХ), адбітай ад аб’екта, і кагерэнтнай з ёй апорнай хваляй (АХ). У адрозненне ад фатаграфіі, дзе зафіксаваны відарыс аптычны, ГЛ дае прасторавае размеркаванне амплітуды і фазы ПХ. Паколькі ПХ не плоская, ГЛ мае структуру нерэгулярнай дыфракцыйнай рашоткі. Інфармацыя аб размеркаванні амплітуды ПХ запісваецца ў выглядзе кантрасту інтэрферэнцыйнай карціны, а фазы — у выглядзе формы і перыяду інтэрферэнцыйных палос (гл. Інтэрферэнцыя святла). Пры асвятленні галаграмы АХ у выніку дыфракцыі святла ўзнаўляецца амплітудна-фазавае размеркаванне поля ПХ. ГЛ пераўтварае частку АХ у копію ПХ, пры ўспрыманні якой вокам ствараецца ўражанне непасрэднага назірання аб’екта. Галаграфія мае шэраг спецыфічных уласцівасцей, адрозных ад фатаграфіі: ГЛ узнаўляе аб’ёмны (монахраматычны або каляровы) відарыс аб’екта, кожны ўчастак ГЛ дазваляе ўзнавіць увесь відарыс аб’екта, аб’ёмныя ГЛ Дзенісюка ўзнаўляюцца пры дапамозе звычайных крыніц святла (сонечнае асвятленне, лямпа напальвання), галаграфічны запіс мае вял. надзейнасць і інфарм. ёмістасць, што вызначае шырокі спектр практычнага выкарыстання галаграфіі: для атрымання аб’ёмных відарысаў твораў мастацтва, стварэння галаграфічнага кіно, для неразбуральнага кантролю формы складаных аб’ектаў, вывучэння неаднароднасцей матэрыялаў, захоўвання і апрацоўкі інфармацыі, для візуалізацыі акустычных і эл.-магн. палёў і інш.

На Беларусі даследаванні па галаграфіі пачаліся ў 1968 у Ін-це фізікі АН і праводзяцца ў ін-тах фіз. і фіз.-тэхн. профілю АН, БДУ і інш. Распрацаваны фіз. прынцыпы дынамічнай галаграфіі, развіты метады апрацоўкі інфармацыі і пераўтварэння прасторавай структуры лазерных пучкоў (П.А.Апанасевіч, А.А.Афанасьеў, Я.В.Івакін, А.С.Рубанаў, Б.І.Сцяпанаў і інш.). Створаны галаграфічныя метады для даследавання дэфармацый і вібрацый аб’ектаў, рэльефу паверхні, уласцівасцей плазмы, сістэмы аптычнай памяці (У.А.Піліповіч, А.А.Кавалёў, Л.В.Танін і інш.), развіты метады радыё- і акустычнай галаграфіі (П.Дз.Кухарчык, А.С.Ключнікаў, М.А.Вількоцкі).

Літ.:

Кольер Р., Беркхарт К., Лин Л. Оптическая голография: Пер. с англ. М., 1973;

Островский Ю.И. Голография и ее применение. Л., 1973;

Денисюк Ю.Н. Изобразительная голография // Наука и человечество, 1982. М., 1982;

Рубанов А.С. Некоторые вопросы динамической голографии // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.

А.С.Рубанаў.

т. 4, с. 446

ГАЛАДА́ННЕ,

стан арганізма, выкліканы поўнай адсутнасцю або недастатковасцю паступлення пажыўных рэчываў у арганізм, а таксама парушэннем іх засваення. Як нармальная фізіял. з’ява сустракаецца ў некаторых млекакормячых у перыяд спячкі, пры халадовым здранцвенні ў амфібій, рэптылій, рыб, насякомых. Такое галаданне звязана з рэзкім зніжэннем працэсаў абмену рэчываў у арганізме, што дазваляе жывёлам доўга падтрымліваць жыццё пры нязначных затратах энергіі ў неспрыяльныя перыяды. Адрозніваюць: поўнае (пры поўнай адсутнасці ежы, але з прыёмам вады); няпоўнае, недаяданне (пры жыўленні, недастатковым для пакрыцця энергет. і пластычных патрэб арганізма); абсалютнае (пры поўнай адсутнасці ежы і вады); частковае (якаснае) галаданне — недастатковае атрыманне з ежай аднаго або некалькіх пажыўных рэчываў (бялковае, тлушчавае, вугляводнае, мінер., воднае, вітаміннае). Пры поўным галаданні дробныя і маладыя жывёлы, чалавек гінуць хутчэй, напр., дробныя птушкі без корму жывуць 1—2 сутак, куры 15—25, трусы 30, сабакі 45—60, коні, вярблюды да 80, дарослы чалавек 65—70 сутак. Гібель жывёл звычайна настае пры страце каля 50% зыходнай масы цела, без вады — хутчэй. Галаданне выкарыстоўваецца пры лячэнні атлусцення, асобных нервова-псіхічных захворванняў, парушэння абмену рэчываў (рэўматызм, падагра, цукр. дыябет, гіпертанічная хвароба, атэрасклероз, язвавая хвароба, бранхіяльная астма і інш.). Лячэнне поўным галаданнем праводзіцца ў стацыянары.

Л.В.Кірыленка.

т. 4, с. 447

ГАЛАДЗЕ́Д Мікалай Мацвеевіч

(21.5.1894, с. Стары Крывец Навазыбкаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 21.6.1937),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. Скончыў рабфак Горацкага с.-г. ін-та. У 1-ю сусв. вайну ў арміі. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны. У 1918 уступіў у Камуніст. партыю. У 1921—24 старшыня выканкома Горацкага Савета, старшыня тройкі па барацьбе з бандытызмам. У лют. — маі 1924 чл. Часовага Бел. бюро ЦК РКП(б), з снеж. 1925 2-і сакратар ЦК КП(б)Б, з мая 1927 да мая 1937 старшыня СНК БССР. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) з 1930. Чл. ЦК КП(б)Б з 1924 і Бюро ЦК КП(б)Б з 1925. Чл. ЦВК СССР і ЦВК БССР з 1924, чл. Прэзідыума ЦВК БССР з 1927. 14.6.1937 арыштаваны органамі НКУС у Маскве і накіраваны ў Мінск, дзе выкінуўся з акна будынка НКУС. Рэабілітаваны ў 1956.

М.Ф.Шумейка.

т. 4, с. 447

ГАЛАДЗЯ́НКА,

Падкасцёлак, возера ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г.п. Астравец, уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,33 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 490 м, найб. глыб. 6,1 м, даўж. берагавой лініі каля 2,6 км. Пл. вадазбору 1,7 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, на Пд да 15 м, парослыя лесам, на З і У разараныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, на З і Пд супадаюць са схіламі. Дно пясчанае, глыбей за 2 м глеістае. На З выцякае ручай у воз. Галодна.

т. 4, с. 447