ГАЛАДЗЕ́Д Мікалай Мацвеевіч
(21.5.1894, с. Стары Крывец Навазыбкаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 21.6.1937),
дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. Скончыў рабфак Горацкага с.-г. ін-та. У 1-ю сусв. вайну ў арміі. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны. У 1918 уступіў у Камуніст. партыю. У 1921—24 старшыня выканкома Горацкага Савета, старшыня тройкі па барацьбе з бандытызмам. У лют. — маі 1924 чл. Часовага Бел. бюро ЦК РКП(б), з снеж. 1925 2-і сакратар ЦК КП(б)Б, з мая 1927 да мая 1937 старшыня СНК БССР. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) з 1930. Чл. ЦК КП(б)Б з 1924 і Бюро ЦК КП(б)Б з 1925. Чл. ЦВК СССР і ЦВК БССР з 1924, чл. Прэзідыума ЦВК БССР з 1927. 14.6.1937 арыштаваны органамі НКУС у Маскве і накіраваны ў Мінск, дзе выкінуўся з акна будынка НКУС. Рэабілітаваны ў 1956.
М.Ф.Шумейка.
т. 4, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)