ГА́БРАВА,
горад у Балгарыі, на р. Янтра, каля паўн. схілаў хр. Стара-Планіна. Каля 100 тыс. ж. (1992). Машынабудаванне (у т. л. вытв-сць абсталявання для тэкст. прам-сці, электратэльфераў, радыёэлектроннае). Буйны цэнтр тэкст. (у т. л. трыкат.) і гарбарна-абутковай прам-сці; мэблевыя і харчасмакавыя прадпрыемствы. Дом-музей гумару і сатыры. Развіты нар. промыслы, этнаграфічны музей-вёска. Штогадовыя міжнар. фестывалі гумару. Турызм (перавал Шыпка).
т. 4, с. 413
ГАБРАНЕМО́ЗЫ
(Habronemoses),
гельмінтозная хвароба непарнакапытных. Пашырана ўсюды, асабліва ў паўд. шыротах. На Беларусі адзначаецца ў коней. Узбуджальнікі — дробныя (даўж. 10—25 мм) нематоды Habronema muscae і Habronema microstoma, якія развіваюцца з удзелам прамежкавых гаспадароў (муха пакаёвая, жыгалка асенняя і інш.).
Дарослыя чэрві паразітуюць у страўніку, пашкоджваюць яго слізістую абалонку і залозы; лічынкі — у скуры і лёгкіх. Шлях заражэння — аліментарны. У страўніку інвазійныя лічынкі праз 44—46 сутак ператвараюцца ў палаваспелых паразітаў. Пры інтэнсіўнай інвазіі назіраецца хранічнае запаленне страўніка і тонкага кішэчніка, прагрэсіруючае схудненне, перыяд. прыступы колік. Габранемоз скуры суправаджаецца ўтварэннем язваў.
т. 4, с. 413
ГА́БРУСЁЎ Аляксей Канстанцінавіч
(н. 1.1.1922, в. Гарошкава Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1945). З ліст. 1941 на Зах., Варонежскім, 1-м Укр. франтах, удзельнік абароны Масквы, вызвалення Польшчы, Чэхаславакіі. Старшы сяржант Габрусёў вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра каля г. Вышгарад (Украіна): пераправіўся з групай разведчыкаў цераз раку, пасля гібелі камандзіра ўзначаліў узвод, які адбіў 10 контратак праціўніка, утрымліваў плацдарм да падыходу падмацавання. Да 1964 у Сав. Арміі.
т. 4, с. 413
ГА́БРУСЬ Тамара Віктараўна
(н. 2.10.1945, Мінск),
бел. гісторык архітэктуры. Канд. архітэктуры (1979). Скончыла БПІ (1968). Працавала ў Спец. навук. рэстаўрацыйна-вытв. майстэрнях, выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (1974—80). З 1980 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе манум. архітэктуру Беларусі 16—18 ст. Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1—2, 1987—88), зб-каў «Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці» (1984), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88), «Помнікі культуры: Новыя адкрыцці» (1985), «Помнікі мастацкай культуры Беларусі: Новыя даследаванні» (1989) і інш.
Тв.:
О памятнике деревянного зодчества в Достоеве // Памятники культуры: Новые открытия, 1979. Л., 1980;
Манументальнае дойлідства // Скарына і яго эпоха. Мн., 1990;
Помнікі манументальнага дойлідства Міншчыны. Мн., 1991.
т. 4, с. 413
ГАБРЫЛО́ВІЧ Майсей Альбертавіч
(3.10.1912, Рыга — 8.4.1968),
бел. вучоны ў галіне гігіены. Д-р мед. н. (1964), праф. (1965). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1934). З 1943 працаваў у ім, з 1960 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па гігіене, планіроўцы сельскіх нас. пунктаў, камунальнай гаспадарцы.
Тв.:
Санітарная ахова глебы. Мн., 1959;
Благоустройсгво села. Мн., 1966.
т. 4, с. 413
ГАБРЫЛО́ВІЧ Яўген Іосіфавіч
(29.9.1899, г. Варонеж, Расія — 5.12.1993),
рускі кінадраматург, пісьменнік. Засл. дз. маст. Расіі (1969). Герой Сац. Працы (1979). Праф. (1962). Літ. дзейнасць пачаў у 1921 як навеліст. У кіно з 1937. Для яго творчасці характэрна ўвага да псіхал. раскрыцця характару персанажа, да лёсу чалавека на фоне гіст. падзей. Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Машачка» (1942), «Два байцы» (1943), «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956), «Камуніст» (1958), «Твой сучаснік» і «У агні броду няма» (1968), «Пачатак» (1979, разам з Г.Панфілавым) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1967,1983.
т. 4, с. 413
ГАБРЫЧЭ́ЎСКІ Георгій Нарбертавіч
(23.2.1860, Масква — 5.4.1907),
рускі мікрабіёлаг і эпідэміёлаг, заснавальнік навук. школы бактэрыёлагаў і Рас. бактэрыялагічнага т-ва. Скончыў Маскоўскі ун-т (1884). У 1889—91 працаваў у І.І.Мечнікава, Р.Коха, П.П.Э.Ру, П.Эрліха. У 1891 заснаваў бактэрыял. лабараторыю ў Маскоўскім ун-це, з 1895 — Бактэрыялагічны ін-т (узначальваў да 1907). Навук. працы па этыялогіі і лячэнні дыфтэрыі, шкарлятыны, зваротнага тыфу, чумы. Разам з Н.Ф.Філатавым упершыню ў Расіі ўвёў у практыку сываратачнае лячэнне дыфтэрыі (1894), арганізаваў таксама вытв-сць лекавых сываратак. Яго імем названы Бактэрыял. ін-т Маскоўскага ун-та.
т. 4, с. 413
ГАБРЫЭ́ЛІ
(Gabrieli),
італьянскія кампазітары, прадстаўнікі венецыянскай школы. Нарадзіліся ў Венецыі.
Андрэа (вядомы таксама як Андрэа з Канарэджа; паміж 1510 і 1520 — пасля 1586), аўтар арганных твораў, дзе шырока выкарыстоўваў рэгістравыя кантрасты, мадрыгалаў, матэтаў, хар. канцэртаў, інстр. рычэркараў і канцон. З лепшых твораў — 6-галосныя «Пакаянныя псалмы» (1583).
Джавані (паміж 1553 і 1556 — 12.8.1612 ці 1613), пляменнік і вучань Андрэа. Да 1578 ці 1579 служыў у прыдворнай капэле пад кіраўніцтвам А.Ласа ў Мюнхене. Стваральнік манум. экспрэсіўнага вак.-інстр. стылю, заснаванага на выкарыстанні шматхорнай тэхнікі, незвычайна вострых на той час разнастайных кантрастаў (рэгістраў, груп, tutti і асобных галасоў, інстр. і хар. гучанняў). Упершыню ўвёў дынамічныя абазначэнні. З арганнай практыкі запазычыў тэхніку актаўнай дубліроўкі галасоў і, такім чынам, адышоў ад канонаў старадаўняга вак. поліфанічнага стылю. Яго творчасць — вышэйшы пункт развіцця венецыянскай поліфанічнай школы — зрабіла вял. ўплыў на развіццё інстр. музыкі. Сярод твораў: канцэрты для 6—16 галасоў (1587), 77 «Свяшчэнных сімфоній» для 6—19 галасоў (1597), канцоны і інш. інстр. творы.
т. 4, с. 413
ГАБРЫЭ́ЛЬ
(Gabriel) Жак Анж (23.10.1698, Парыж — 4.1.1782),
французскі архітэктар. Прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў свайго бацькі арх. Жака V Габрыэля і ў Акадэміі архітэктуры (з 1718) у Парыжы. З 1742 першы архітэктар караля і прэзідэнт Акадэміі архітэктуры. Яго работы рацыянальныя па планіроўцы, выразныя і дакладныя па форме, вытанчаныя па аздобе: Оперны т-р (1748—70), Малы Трыянон (1762—64) і інш. ў Версалі, Ваен. школа (1751—75) у Парыжы. Аўтар планіроўкі і забудовы пл. Людовіка XV (цяпер пл. Згоды; 1755—63) у Парыжы.
т. 4, с. 413
ГАБРЫЭ́ЛЬ (Gabriel) Якуб, французскі архітэктар 2-й пал. 18 ст. Адзін са стваральнікаў Шчорсаўскага палацава-паркавага ансамбля.
т. 4, с. 414