ГАБРЫЭ́ЛІ
(Gabrieli),
італьянскія кампазітары, прадстаўнікі венецыянскай школы. Нарадзіліся ў Венецыі.
Андрэа (вядомы таксама як Андрэа з Канарэджа; паміж 1510 і 1520 — пасля 1586), аўтар арганных твораў, дзе шырока выкарыстоўваў рэгістравыя кантрасты, мадрыгалаў, матэтаў, хар. канцэртаў, інстр. рычэркараў і канцон. З лепшых твораў — 6-галосныя «Пакаянныя псалмы» (1583).
Джавані (паміж 1553 і 1556 — 12.8.1612 ці 1613), пляменнік і вучань Андрэа. Да 1578 ці 1579 служыў у прыдворнай капэле пад кіраўніцтвам А.Ласа ў Мюнхене. Стваральнік манум. экспрэсіўнага вак.-інстр. стылю, заснаванага на выкарыстанні шматхорнай тэхнікі, незвычайна вострых на той час разнастайных кантрастаў (рэгістраў, груп, tutti і асобных галасоў, інстр. і хар. гучанняў). Упершыню ўвёў дынамічныя абазначэнні. З арганнай практыкі запазычыў тэхніку актаўнай дубліроўкі галасоў і, такім чынам, адышоў ад канонаў старадаўняга вак. поліфанічнага стылю. Яго творчасць — вышэйшы пункт развіцця венецыянскай поліфанічнай школы — зрабіла вял. ўплыў на развіццё інстр. музыкі. Сярод твораў: канцэрты для 6—16 галасоў (1587), 77 «Свяшчэнных сімфоній» для 6—19 галасоў (1597), канцоны і інш. інстр. творы.
т. 4, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)