Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЯСТУ́ЖАВЫ,

дзекабрысты-афіцэры, браты.

Аляксандр Аляксандравіч (літ. псеўданім Марлінскі; 3.11.1797, С.-Пецярбург — 19.6.1837), рускі пісьменнік. Штабс-капітан (1825). Летам 1821 у чыне паручніка ўдзельнічаў у манеўрах гвардыі ў Віцебскай губ., у кастр. 1821 — студз. 1822 жыў у в. Выганічы Мінскага пав. (цяпер Валожынскі р-н) у сям’і памешчыка Ф.Ф.Вайдзевіча, адкуль неаднаразова прыязджаў у Мінск. Разам з К.Ф.Рылеевым пісаў агітацыйныя супрацьурадавыя песні і выдаваў альманах «Полярная звезда» (1823—25). Да 1825 напісаў некалькі раманаў у духу рамантызму. У 1824 прыняты ў Паўночнае таварыства дзекабрыстаў, увайшоў у склад яго кіруючага цэнтра (думы). Належаў да радыкальнага крыла руху: выступаў за ўвядзенне рэсп. ладу шляхам ваен. перавароту, надзяленне сялян зямлёй. Напярэдадні выступлення дзекабрыстаў распрацаваў план захопу Зімняга палаца і арышту Мікалая I. Актыўны ўдзельнік паўстання 26 снеж. на Сенацкай плошчы, быў фактычным камандзірам Маскоўскага палка, выведзенага на плошчу. Прыгавораны да смяротнай кары, якая была заменена спачатку 20-гадовай, потым 15-гадовай катаргай. У 1827 адпраўлены на пасяленне ў Якуцк, у 1829 — радавым у дзеючую армію на Каўказ. У ссылцы апублікаваў некалькі т.зв. свецкіх аповесцяў («Выпрабаванне», 1830, «Фрэгат «Надзея», 1833, і інш.). У каўк. аповесцях «Амалатбек» (1832), «Мула-Нур» (1836) намаляваў рамант. характары. У аповесцях «Вечар на Каўказскіх водах у 1824 г.» (1830), «Латнік» (1832) знайшлі водгук пачутыя на Беларусі нар. паданні, уражанні ад гутарак з жыхарамі. Загінуў у сутычцы з горцамі на мысе Адлер. У в. Выганічы ў яго гонар пастаўлены мемарыяльны знак.

Мікалай Аляксандравіч (24.2.1791, С.-Пецярбург — 27.5.1855), капітан-лейтэнант (1824). З канца 1824 чл. Паўн. т-ва і яго Вярхоўнай думы. Рэспубліканец, прыхільнік вызвалення сялян з зямлёй. Бліжэйшы памочнік К.Ф.Рылеева ў дні падрыхтоўкі паўстання ў Пецярбургу. Выказваўся за ўстанаўленне пасля перавароту дыктатуры часовага ўрада. 26.12.1825 склаў праект маніфеста да народа, вывеў на Сенацкую плошчу Гвардзейскі экіпаж. Прыгавораны да вечнай катаргі (скарочана да 20 гадоў), якую адбываў на Нерчынскіх рудніках. З 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Пісьменнік, гістарыёграф рус. флоту, эканаміст, жывапісец (стварыў партрэтную галерэю дзекабрыстаў).

Міхаіл Аляксандравіч (4.10.1800 — 3.7.1871), штабс-капітан лейб-гвардыі Маскоўскага палка (1825). З 1824 чл. Паўночнага т-ва, прымыкаў да рэсп. крыла. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання. 26.12.1825 разам з братам Аляксандрам і Д.А.Шчэпіным-Растоўскім вывеў на Сенацкую плошчу Маскоўскі полк; аддаў каманду страляць па ўрадавых войсках. Пасля абстрэлу паўстанцаў карцеччу спрабаваў арганізаваць салдат, якія адступалі, каб заняць з імі Петрапаўлаўскую крэпасць. Прыгавораны да вечнай катаргі (скарочана да 20 гадоў), якую адбываў у Чыце і Пятроўскім заводзе. З 1839 на пасяленні ў Селенгінску.

Літ.:

Букчин С. К мечам рванулись наши руки: Док. повести. 2 изд. Мн., 1985;

Очерки из истории движения декабристов: Сб. ст. М., 1954.

т. 3, с. 419

БЯСТУ́ЖАЎ-РУ́МІН Канстанцін Мікалаевіч

(26.5.1829, с. Кудрашкі Ніжагародскай губ. — 14.1.1897),

рускі гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1851). З 1865 праф. Пецярбургскага ун-та, з 1890 акадэмік. У 1878—82 узначальваў Вышэйшыя жаночыя курсы ў Пецярбургу (Бястужаўскія). Чл. Археаграфічнай камісіі, Рус. геагр. т-ва і інш. Распрацоўваў пытанні крыніцазнаўства, шматлікія працы прысвечаны пытанням гістарыяграфіі.

БЯСТУЖАЎ-РУМІН Міхаіл Паўлавіч (4.6.1801, с. Кудрашкі Ніжагародскай губ. — 25.7.1826), дзекабрыст. З дваран. Пасля паўстання ў кастр. 1820 Сямёнаўскага палка і расфарміравання яго пераведзены ў Палтаўскі пяхотны полк, які з 1823 размяшчаўся ў Бабруйскай крэпасці. Падпаручнік (1824). З 1828 у Паўднёвым таварыстве дзекабрыстаў. Разам з С.І.Мураўёвым-Апосталам узначальваў Васількаўскую ўправу, з ім і інш. распрацаваў Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. Перапісваў і распаўсюджваў «Рускую праўду» П.І.Песцеля. Сааўтар 2 планаў паўстання ў Белай Царкве. Прыхільнік знішчэння самадзяржаўя і ўстанаўлення рэспублікі. Уваходзіў у штаб Чарнігаўскага палка паўстання, з Мураўёвым-Апосталам склаў рэв. катэхізіс і адозву да народа. 3.1.1826 арыштаваны і дастаўлены ў Магілёў, 15 студз. адпраўлены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Паводле прыгавору Вярх. крымінальнага суда навешаны.

т. 3, с. 420

Бястужаў Аляксандр Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 359

БЯСХВО́СТЫЯ ЗЕМНАВО́ДНЫЯ

(Anura, Ecaudata),

атрад земнаводных. 19 сям., 297 родаў, каля 3500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць пераважна на паверхні зямлі, часткова ў глебе (рыючыя), на дрэвах. На Беларусі 10 відаў: жабы — азёрная, вастрамордая, сажалкавая, травяная; жарлянка чырванабрухая; квакша звычайная; рапухі — зялёная, чаротавая, шэрая; часночніца.

Даўж. да 35 см. Тулава кароткае, шырокае, з нерухомай галавой (шыя невыразная), галава трохвугольная, хвост бывае толькі ў лічынкавай стадыі (у апалонікаў). Канечнасці добра развітыя, заднія ў 2—3 разы даўжэйшыя за пярэднія (прыстасаваныя да скачкоў). Самкі большасці бясхвостых земнаводных кладуць ікру ў ваду. Кормяцца насякомымі, лічынкамі камароў, дробнымі ракападобнымі. Карысныя. 22 віды ў Чырв. кнізе МСАП. Рапуха чаротавая (Bufo calamita) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 3, с. 420