Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЯРО́ЗАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

Бярозавае возера, у Беларусі, ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 23 км на З ад г. п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 4,9 км², даўж. 4,1 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 12 км. Пл. вадазбору 458 км².

Схілы катлавіны выш. 3—5 м, усх. пад лесам і хмызняком, на З і ПдЗ разараныя. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя і сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае. Зарастае. Злучана ручаём з воз. Глыбач, праз возера працякае р. Дзіва.

т. 3, с. 410

БЯРО́ЗАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крывінка, за 10 км на ПнУ ад г. Сянно. Пл. 2,6 км², даўж. 5,1 км, найб. шыр. 1,05 км, найб. глыб. 15,8 м, даўж. берагавой лініі 18,9 км. Пл. вадазбору 25,8 км².

Схілы катлавіны выш. 2—8 м, парослыя хмызняком, у верхняй ч. разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, на ПдУ высокія, пад хмызняком. Дно з упадзінамі і мелямі, уздоўж берагоў пясчанае, глыбей сапрапелістае. 4 астравы агульнай пл. 3,8 га. Выцякае р. Бярозка (прыток Крывінкі).

т. 3, с. 410

БЯРО́ЗАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзісна, за 16 км на Пн ад г. Глыбокае. Пл. 0,56 км², даўж. 1,12 км, найб. шыр. 870 м, найб. глыб. 3,2 м, даўж. берагавой лініі 4,3 км. Пл. вадазбору 4,2 км².

Схілы катлавіны выш. да 8 м, на У і ПдУ да 15—20 м, пераважна разараныя. Берагі пясчаныя, параслі хмызняком, паўн.-ўсх. забалочаныя. Вакол возера тарфяністая пойма. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно глеістае.

т. 3, с. 410

БЯРО́ЗАЎСКАЯ ДРЭС,

першая і адна з самых буйных цеплавых электрастанцый блочнага тыпу на Беларусі. Пабудавана ў 1958—67 у г. Белаазерск Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. Першы прамысл. ток дала ў 1961. 6 энергаблокаў, дзеючая магутнасць 940 тыс. кВт. На паліва выкарыстоўваецца мазут і прыродны газ. Праз Беларускую энергетычную сістэму злучана з энергасістэмамі суседніх з Беларуссю дзяржаў.

т. 3, с. 410

БЯРО́ЗАЎСКАЯ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры 2-й пал. 18 — 1-й пал. 19 ст. Пабудавана ў 1772 з цэглы ў г. Бяроза Брэсцкай вобл. У выніку перабудовы напярэдадні 1-й сусв. вайны будынак набыў рысы класіцызму (трохвугольны франтон, падвоеныя пілястры тасканскага ордэра, паўцыркульныя аконныя праёмы з руставанымі ліштвамі) і рэтраспектыўна-рускага стылю (закамары, шатровы дах званіцы і інш.). Мае традыцыйную 4-часткавую кампазіцыю: 3-ярусная званіца, трапезная, асн. аб’ём і апсіда з рызніцамі. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі 1-нефавага бесслуповага храма дамінуе званіца.

т. 3, с. 411

БЯРО́ЗАЎСКІ,

назва г. Белаазерск у студз.чэрв. 1960.

т. 3, с. 411

БЯРО́ЗАЎСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

бальнеалагічны курорт на Украіне. За 25 км на З ад г. Харкаў. Клімат умерана кантынентальны, з мяккай зімой, цёплым, сухім летам, вял. колькасцю сонечных дзён. Крамяністыя гідракарбанатныя кальцыева-натрыева-магніевыя воды (мінералізацыя 0,76 г/л), вядомыя з 1862, выкарыстоўваюць на пітное лячэнне хвароб страўніка, кішэчніка, печані і жоўцевых шляхоў, мачавых шляхоў, парушэнняў абмену рэчываў.

т. 3, с. 412

БЯРО́ЗАЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1961 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. Мае 5 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі каля 130 м²), каля 17 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). У тэматычных залах матэрыялы пра мінулае Бярозаўшчыны, дакументы пра паўстанне 1863—64, падзеі 1-й сусв. і грамадз. войнаў, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, дзейнасць КПЗБ на тэр. раёна, падзеі Вял. Айч. вайны, аднаўленне і развіццё гаспадаркі раёна ў пасляваенны час і інш.; матэрыялы пра знакамітых землякоў: дзеяча рэв. руху А.А.Альшэўскага, ген.-лейт. С.І.Любарскага, гісторыкаў П.В.Горына (Каляду), В.Д.Дружчыца, паэтэсу Р.А.Баравікову і інш. Сярод экспанатаў манетны скарб 15 — пач. 17 ст., драўляная скульптура 17 ст., керамічны посуд 17—18 ст., узоры нац. адзення, калекцыя драўляных муз. інструментаў, узоры прадукцыі мясц. прадпрыемстваў.

Г.С.Пуцыковіч.

т. 3, с. 411

БЯРО́ЗАЎСКІ КАМБІНА́Т СІЛІКА́ТНЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Створаны ў 1961 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. як Новабярозаўскі вапнавы з-д. З 1990 сучасная назва, з 1992 арэнднае прадпрыемства. Цэхі па вытв-сці вапны і дробных сценавых блокаў. Асн. прадукцыя (1996): вапна буд., дробныя сценавыя блокі з ячэістага бетону. Працуе на мясцовых радовішчах мелу і пяску.

т. 3, с. 411

БЯРО́ЗАЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРТЭЗІЯ́НЦАЎ.

Пабудаваны ў 1648—89 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. У час Паўночнай вайны 1700—21 і баёў з Барскімі канфедэратамі (1772) часткова разбураны. У 1831 закрыты за ўдзел манахаў у паўстанні 1830—31. У 1866 часткова разабраны. Захаваліся рэшткі паўд. і зах. частак кляштара. У барочны комплекс уваходзілі мураваныя будынак касцёла, каплічка, жылыя карпусы з маленькімі ўнутр. дворыкамі, трапезная, б-ка, шпіталь, аптэка, гасп. пабудовы, якія былі абнесены крапасной сцяной з вежамі. Гал. уваходам у кляштар служыла магутная брама з байніцамі. Двухпавярховыя карпусы келляў манахаў-самотнікаў былі злучаны з касцёлам калідорамі-галерэямі. Дэкар. аздабленне — пілястры, раскрапоўкі, глыбокія нішы, фігурныя франтоны. Касцёл — 3-нефавая базіліка з трыма гранёнымі апсідамі і гранёным тамбурам пры ўваходзе. Сілуэт ансамбля фарміравала абарончая 8-гранная шмат’ярусная вежа-званіца з магутнымі сценамі, вузкімі вокнамі-байніцамі.

т. 3, с. 411