Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«Бялоруске зэшыты гісторычнэ»

т. 18, кн. 1, с. 357

БЯЛО́Ў Аляксандр Аляксандравіч

(11.1.1921, Масква — 23.3.1985),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1977). Сцэн. творчасць пачаў у самадзейнасці. З 1965 у Дзярж. рускім драм. т-ры Беларусі. Характарны акцёр. Сярод роляў: Кураслепаў («Гарачае сэрца» А.Астроўскага), Андрэй Размётнаў («Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава), Сарафанаў («Старэйшы сын» А.Вампілава), Брухаты, Мрачны («Энергічныя людзі» і «А раніцой яны прачнуліся» В.Шукшына), Навасельцаў («Саслужыўцы» Э.Брагінскага і Э.Разанава), Джэкаб («Трохграшовая опера» Б.Брэхта), Бутон («Мальер» М.Булгакава).

т. 3, с. 399

БЯЛО́Ў Аляксандр Фёдаравіч

(н. 28.3.1906, с. Папоўка Смаленскай вобл.),

савецкі вучоны ў галіне металургіі. Акад. АН СССР (1972), Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Маскоўскую горную акадэмію (1929). З 1962 дырэктар Усесаюзнага НДІ лёгкіх сплаваў. Навук. працы па тэхнал. працэсах ліцця металаў, пластычнай дэфармацыі і тэрмічнай апрацоўцы лёгкіх і спец. сплаваў. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1943, 1946, 1949.

т. 3, с. 400

БЯЛО́Ў Васіль Іванавіч

(н. 23.10.1932, в. Цімоніха Харкаўскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1964). Друкуецца з 1956. Прадстаўнік т.зв. «вясковай прозы», у якой — рус. нац. характар, гіст. лёс сялянства. Першая кніга — зб. вершаў і паэм «Вёсачка мая лясная» (1961). У кнігах прозы «Спякотнае лета» (1963), «Рачныя лукавіцы» (1964), «Звыклая справа» (1966), «Цяслярскія апавяданні» (1968) і інш. — мастацкае даследаванне нар. характараў, побыт, звычаі, традыцыі і перспектывы паўн. рус. вёскі. У раманах «Пярэдадзень» (ч. 1—2, 1972—76), «Усё наперадзе» (1987), «Год вялікага пералому» (1991) — хроніка жыцця вёскі 1920-х г., супрацьпастаўленне абшчыннага і урбаністычнага тыпаў мыслення, лёс сучасных «неперспектыўных» вёсак. Аўтар гумарыстычных мініяцюр (кн. «Бухціны валагодскія», 1969), п’ес, артыкулаў, нарысаў (кн. «Лад», 198.2) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1981, Літ. прэмія імя Л.Талстога 1992.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1991—93.

Літ.:

Селезнёв Ю.В. В.Белов: Раздумья о творческой судьбе писателя. М., 1983.

С.Ф.Кузьміна.

т. 3, с. 400

БЯЛО́Ў Вячаслаў Аляксандравіч

(н. 25.2.1938, С.-Пецярбург),

бел. спартсмен (сучаснае пяцібор’е). Засл. майстар спорту СССР (1972). Скончыў Ерэванскі ін-т фіз. культуры (1966). З 1967 у Бел. савеце фізкультурна-спарт. т-ва «Дынама». Чэмпіён свету (1969) у камандным першынстве ў складзе зборнай СССР.

т. 3, с. 400

БЯЛО́Ў Георгій Дзмітрыевіч

(н. 11.1.1922, г. Арысь Чымкенцкай вобл., Казахстан),

бел. вучоны ў галіне земляробства. Д-р с.-г. н. (1971). Скончыў Разанскі с.-г. ін-т (1952). З 1958 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па пытаннях апрацоўкі глеб і тэхналогіі вырошчвання с.-г. культур камбінаванымі машынамі.

т. 3, с. 400

БЯЛО́Ў Мікалай Васілевіч

(14.12.1891, г. Янаў, Польшча — 5.3.1982),

савецкі крышталёграф, геахімік, адзін з заснавальнікаў структурнай мінералогіі. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Чл. Польскай АН (1978), Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Петраградскі політэхн. ін-т (1921). З 1938 у Ін-це крышталяграфіі АН СССР, з 1946 у Горкаўскім, з 1953 у Маскоўскім ун-тах. Навук. працы па тэорыі шчыльнай упакоўкі атамаў у крышталях, крышталяхіміі сілікатаў, метадах расшыфроўкі структур мінералаў. Пад кіраўніцтвам Бялова высветлена структура больш як 100 сілікатаў і іх аналагаў. Дзярж. прэмія 1952. Ленінская прэмія 1974. Залаты медаль імя М.В.Ламаносава АН СССР 1966.

т. 3, с. 400

БЯЛО́Ў Павел Аляксеевіч

(18.2.1897, г. Шуя Іванаўскай вобл., Расія — 3.12.1962),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933). У Чырв. Арміі з 1918. З чэрв. 1942 камандуючы 61-й арміяй, якая вызваляла Калінкавічы, Мазыр, Пінск, Кобрын, Брэст. Да 1955 на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 3, с. 400

БЯЛО́Ў Рыгор Андрэевіч

(12.10.1901, с. Сара Сурскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 23.6.1994),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген.-лейт. (1953). Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1930), Вышэйшыя акад. курсы пры акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Бранскім, Варонежскім, Паўд.-Зах., Цэнтр., Бел., 1-м Бел. франтах. 16-я гвардз. кав. дывізія пад яго камандаваннем вызначылася восенню 1943 у баях пры фарсіраванні Дняпра на Гомельшчыне, ліквідацыі рэчыцкай групоўкі праціўніка, вызваленні г. Мазыр. Да 1962 у Сав. Арміі. Аўтар кн. «Шлях мужнасці і славы» (3-е выд. 1985).

т. 3, с. 400

БЯЛО́Ў Сяргей Міхайлавіч

(н. 19.9.1925, в. Дзяшоўкі Калужскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1963), праф. (1986). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1977). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1956). З 1956 у Бел. політэхн. акадэміі, у 1975—88 прарэктар. У 1969—75 рэктар Магілёўскага машынабуд. ін-та. Навук. працы па стварэнні абсталявання і распрацоўцы методык для правядзення выпрабаванняў аўтатрактарнай тэхнікі. Адзін з аўтараў навуч. дапаможніка «Трактары» (1972, 1977).

Тв.:

Тракторы. Ч. 1. КонструкцИИ. Мн., 1979 (у сааўт.);

Тракторы. Ч. 4. Испытания. Мн., 1986 (разам з А.С.Салонскім).

т. 3, с. 400